Цэнтра́льная тыбе́цкая адміністра́цыя (ЦТА; ; ) — прадстаўнічая арганізацыя тыбетцаў у выгнанні са штаб-кватэрай у Дхарамсале, у індыйскім штаце Хімачал-Прадэш. Створана Далай-ламам XIV 29 красавіка 1959 года пасля яго ўцёкаў з Тыбета ў Індыю.

ЦТА дзейнічае як урад у выгнанні, не кантралюе тэрыторыю Тыбета і не мае статусу ўрада прызнанай дзяржавы. Кітайская Народная Рэспубліка не прызнае адміністрацыю, а Індыя, дзе знаходзяцца яе галоўныя ўстановы, афіцыйна лічыць Тыбет часткай Кітая. Асноўныя кірункі дзейнасці — палітычнае прадстаўніцтва тыбецкай дыяспары, падтрымка бежанцаў, захаванне тыбецкай мовы, культуры і рэлігійнай спадчыны.

Гісторыя Пасля ўсталявання кантролю КНР над Тыбетам палітычнае сітуацыя ў рэгіёне заставалася напружанай. У сакавіку 1959 года, пасля паўстання ў Лхасе, Далай-лама XIV пакінуў Тыбет і атрымаў прытулак у Індыі.

29 красавіка 1959 года ў Масуры Далай-лама стварыў адміністрацыю тыбетцаў у выгнанні. У 1960 годзе яе цэнтр быў перанесены ў Дхарамсалу. Паводле ЦТА, разам з Далай-ламам або ў першыя гады пасля яго ўцёкаў з Тыбета выехалі больш за 80 тысяч тыбетцаў. Новая адміністрацыя займалася ўладкаваннем бежанцаў, стварэннем паселішчаў, школ, манастыроў.

Ад пачатку Далай-лама XIV імкнуўся перабудаваць сістэму кіравання ў выгнанні ў больш прадстаўнічым кірунку. У лютым 1960 года ён заклікаў тыбетцаў стварыць выбарны орган. Першы склад прадстаўнічага органа налічваў 13 дэпутатаў; адным з яго ранніх рашэнняў стала скасаванне спадчынных тытулаў і арыстакратычных прывілеяў. 2 верасня 1960 года абраныя прадстаўнікі склалі прысягу; гэтая дата адзначаецца ў тыбецкай дыяспары як Дзень тыбецкай дэмакратыі.

У 1991 годзе была прынята Хартыя тыбетцаў у выгнанні — асноўны дакумент, які рэгулюе працу ЦТА. Хартыя пашыраецца на тыбетцаў, што падпарадкоўваюцца адміністрацыі, вызначае прынцыпы кіравання і падзел улады, а таксама патрабуе, каб нормы ЦТА адпавядалі мясцовым законам краін, у якіх пражывае дыяспара. У 2001 годзе тыбетцы ў выгнанні ўпершыню наўпрост абралі кіраўніка выканаўчай улады — калон-трыпу, а ў 2011 годзе Далай-лама XIV адмовіўся ад палітычных паўнамоцтваў. Ён тлумачыў гэты крок тым, што кіраўнік павінен быць абраны шляхам свабоднага галасавання. Пасля гэтай рэформы палітычнае кіраўніцтва перайшло да выбарнага кіраўніка адміністрацыі — сік’ёнга.

Палітычны статус і пазіцыі бакоў ЦТА называе сябе прадстаўніцтвам тыбетцаў у Тыбеце і за яго межамі, але фактычна дзейнічае перадусім у дыяспары. Яна арганізуе выбары, падтрымлівае сетку ўстаноў, выдае дакументы супольнасці, вядзе інфармацыйную і міжнародную працу.

Пазіцыя КНР адносна ЦТА рэзка адмоўная. У 2024 годзе прадстаўнік МЗС КНР Лінь Цзянь назваў тыбецкі ўрад у выгнанні «сепаратысцкай палітычнай групай» і «незаконнай арганізацыяй», якая, паводле кітайскага боку, супярэчыць канстытуцыі і законам КНР. Кітайскія ўлады таксама лічаць Далай-ламу сепаратыстам.

Афіцыйная пазіцыя ЦТА грунтуецца на так зваеым«сярэдняга шляху». Ён не прадугледжвае патрабавання незалежнасці Тыбета, а ставіць за мэту «сапраўдную аўтаномію» тыбетцаў у межах КНР. Паводле Associated Press, афіцыйны дыялог паміж кітайскімі ўладамі і прадстаўнікамі Далай-ламы не аднаўляўся пасля 2010 года; разам з тым у 2026 годзе Пенпа Цэрынг заяўляў пра асцярожнае працягванне неафіцыйных кантактаў.

Пытанне ЦТА цесна звязана са становішчам тыбецкай дыяспары. The Guardian, спасылаючыся на даследаванне Tibetan Centre for Human Rights and Democracy, пісала пра выпадкі сачэння, шантажу і пагроз у адносінах да тыбетцаў у выгнанні і іх сваякоў у Тыбеце. У матэрыяле адзначалася, што арганізаванасць тыбецкай дыяспары і дзейнасць ЦТА робяць яе адной з найбольш заўважных груп, якія крытыкуюць палітыку КНР адносна Тыбета.

Структура

Выканаўчая ўлада Выканаўчую ўладу ўзначальвае Кашаг — кабінет ЦТА. Найвышэйшай палітычнай пасадай з’яўляецца сік’ёнг, якога тыбетцы ў выгнанні абіраюць на пяцігадовы тэрмін. Сік’ёнг вылучае калонаў — кіраўнікоў дэпартаментаў, а Тыбецкі парламент у выгнанні зацвярджае іх кандыдатуры.

З 2021 года сік’ёнгам з’яўляецца Пэнпа Цэрынг, былы старшыня Тыбецкага парламента ў выгнанні. 27 мая 2026 года ён быў прыведзены да прысягі на другі тэрмін. Гэта быў чацвёрты выпадак прамых выбараў кіраўніка тыбецкай адміністрацыі ў выгнанні пасля таго, як Далай-лама XIV у 2011 годзе пакінуў палітычнае кіраванне.

Заканадаўчая ўлада

Заканадаўчым органам ЦТА з’яўляецца Тыбецкі парламент у выгнанні — аднапалатны прадстаўнічы орган у Дхарамсале. Ён складаецца з 45 дэпутатаў. Тры гістарычныя вобласці Тыбета — У-Цанг, До-Тод і До-Мэд — маюць па 10 месцаў. Чатыры асноўныя школы тыбецкага будызму і традыцыя Бон маюць па 2 месцы. Яшчэ 5 месцаў замацаваны за тыбецкай дыяспарай: 2 — для Еўропы, 2 — для Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, 1 — для Аўстралазіі і часткі Азіі па-за Індыяй, Непалам і Бутанам.

Выбары ў парламент адбываюцца кожныя пяць гадоў. Галасаваць могуць тыбетцы ў выгнанні, якім споўнілася 18 гадоў; кандыдат у парламент мусіць быць не маладзейшы за 25 гадоў. Выбарац павінен мець сапраўдную «Зялёную кнігу» — дакумент, які выдаецца ЦТА і пацвярджае сувязь чалавека з тыбецкай супольнасцю ў выгнанні. Кандыдаты не ўдзельнічаюць у выбарах ад імя палітычных партый, хоць у самім парламенце існуюць групы ўплыву і ўстойлівыя палітычныя лініі.

У 2026 годзе выбары ў 18-ы склад парламента прайшлі ў два этапы: папярэдні — 1 лютага, фінальны — 26 красавіка. Паводле выбарчай камісіі ЦТА, у 27 краінах працавалі 309 выбарчых участкаў і 1737 выбарчых службоўцаў. З 91 073 зарэгістраваных выбаршчыкаў у папярэднім туры прагаласавалі 51 140 чалавек, у фінальным — 41 638 чалавек. Былі абраныя 45 дэпутатаў, з якіх 17 не ўваходзілі ў папярэдні склад парламента.

Удзел у фінальным этапе выбараў 2026 года быў ніжэйшы, чым на папярэдніх выбарах: прагаласавала на 9502 чалавекі менш. Сярод прычын называліся інтэграцыя часткі тыбетцаў у грамадствы краін пражывання і слабейшая зацікаўленасць моладзі ў палітыцы дыяспары.

Судовая ўлада Судовую галіну ЦТА прадстаўляе Тыбецкая вярхоўная юстыцыйная камісія. Яна дзейнічае ў межах Хартыі тыбетцаў у выгнанні і разглядае спрэчкі ў арганізаванай супольнасці тыбетцаў. Хартыя прадугледжвае, што менавіта гэтая камісія вырашае пытанні адпаведнасці законаў, выканаўчых распараджэнняў і правіл палажэнням Хартыі.

Дзейнасць

Першапачаткова асноўнымі задачамі адміністрацыі былі дапамога бежанцам, стварэнне паселішчаў, школ і рэлігійных устаноў. Пазней дзейнасць ЦТА пашырылася: яна арганізуе выбары, падтрымлівае мясцовыя прадстаўнічыя органы ў тыбецкіх паселішчах, вядзе ўлік унёскаў праз «Зялёную кнігу», займаецца адукацыйнымі і культурнымі праграмамі, а таксама падтрымлівае міжнародныя кантакты.

Асобны кірунак — падтрымка сувязі паміж дыяспарай і гістарычным Тыбетам. У выбарчай сістэме гэта выяўляецца праз прадстаўніцтва трох гістарычных абласцей, хоць выбары на гэтых тэрыторыях немагчымыя. Выхадцы з адпаведных рэгіёнаў у эміграцыі такім чынам захоўваюць сімвалічную і палітычную сувязь з радзімай.

Гл. таксама

Тыбет Тыбетцы Далай-лама XIV Урад у выгнанні Тыбецкі аўтаномны раён Тыбецкі будызм

Спасылкі

Афіцыйны сайт Цэнтральнай тыбецкай адміністрацыі Афіцыйны сайт Тыбецкага парламента ў выгнанні Афіцыйная старонка пра падыход «сярэдняга шляху»