Алякса́ндр Рыго́равіч Жураўлё́ў (нар. 1937) — беларускі эканаміст і палітык. Доктар эканамічных навук (1984), прафесар. Народны дэпутат СССР (1989—1991). Адзін з аўтараў эканамічнай праграмы Беларускага народнага фронту «Адраджэнне» (БНФ).
Біяграфія і навуковая дзейнасць Нарадзіўся ў 1937 годзе. Паводле нацыянальнасці — беларус. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Маскоўскім дзяржаўным ўніверсітэце імя М. В. Ламаносава.
У 1984 годзе абараніў дысертацыю, атрымаўшы навуковую ступень доктара эканамічных навук. Па стане на 1987 год працаваў навуковым супрацоўнікам Беларускага навукова-даследчага інстытута навукова-тэхнічнай інфармацыі і тэхніка-эканамічных даследаванняў Дзяржплана БССР (БелНДІНТІ і тэхніка-эканамічных даследаванняў). Да 1989 года з’яўляўся прафесарам Рэспубліканскага міжгаліновага інстытута павышэння кваліфікацыі кіраўнічых работнікаў і спецыялістаў у Мінску. Быў членам Камуністычнай партыі Савецкага Саюза.
Грамадска-палітычная дзейнасць У канцы 1980-х гадоў актыўна далучыўся да дэмакратычнага руху ў Беларускай ССР. Супрацоўнічаў з Арганізацыйным камітэтам па стварэнні Беларускага народнага фронту за перабудову «Адраджэнне». Стаў адным з аўтараў эканамічнай праграмы БНФ.
Падчас выбараў народных дэпутатаў СССР увесну 1989 года вылучаўся пры моцнай падтрымцы аргкамітэта БНФ. Перамог і быў абраны народным дэпутатам СССР па Мінскай-Савецкай тэрытарыяльнай выбарчай акрузе № 566 Мінскай вобласці. 23 мая 1989 года разам з В. У. Быкавым, А. А. Дабравольскім і іншымі дзеячамі падпісаў заяўку ў выканаўчы камітэт Мінскага гарадскога Савета з просьбай аб садзейнічанні ў правядзенні ўстаноўчага з’езда БНФ у Мінску з выкарыстаннем нацыянальна-гістарычнай сімволікі (бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня»).
У Вярхоўным Савеце СССР з 1989 года з’яўляўся членам і намеснікам Старшыні Камісіі Савета Саюза па пытаннях працы, цэн і сацыяльнай палітыкі.
Пазней адносіны Аляксандра Жураўлёва з БНФ сапсаваліся. 19 верасня 1991 года ён быў вылучаны ад Беларусі ў склад Савета Саюза Вярхоўнага Савета СССР. Падчас абмеркавання яго кандыдатуры лідар парламенцкай апазіцыі З. С. Пазняк рэзка раскрытыкаваў былога паплечніка, назваўшы яго галоўнай рысай беспрынцыповасць, і заявіў, што Жураўлёў здрадзіў Фронту.
Крыніцы
Катэгорыя:Дактары эканамічных навук Катэгорыя:Палітыкі Беларусі Катэгорыя:Народныя дэпутаты СССР ад БССР Катэгорыя:Члены КПСС Катэгорыя:Выпускнікі МДУ Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1937 годзе Катэгорыя:Эканамісты Беларусі