Рэспубліка́нская камі́сія па правядзе́нні ацэ́нкі сімво́лікі, атрыбу́тыкі і інфармацы́йнай праду́кцыі () — міжадамасны дзяржаўны орган у Беларусі, створаны пры Міністэрстве інфармацыі для экспертызы друкаваных выданняў, медыя і інтэрнэт-рэсурсаў на прадмет наяўнасці ў іх пагроз нацыянальным інтарэсам. Пачынаючы з 2024 года камісія стала галоўным інструментам масавай кніжнай цэнзуры ў краіне, ініцыяваўшы забарону больш за 250 гістарычных прац, твораў сусветнай мастацкай класікі, маладзёжнай літаратуры і коміксаў.

Гісторыя і функцыі

Рэспубліканская камісія была створана ў кастрычніку 2021 года ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 575. Першапачаткова яе дзейнасць была сканцэнтравана на пошуку прыкмет «экстрэмізму» і рэабілітацыі нацызму ў сродках масавай інфармацыі і інтэрнэце. Аднак у кастрычніку 2023 года пастановай урада № 688 паўнамоцтвы структуры былі афіцыйна пашыраны на ацэнку друкаваных выданняў на прадмет наяўнасці матэрыялаў, «распаўсюд якіх здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам». Пры гэтым механізм забароны кніг праз камісію не патрабуе папярэдніх судовых рашэнняў.

Міністэрства інфармацыі апісвае афіцыйныя крытэрыі, якімі кіруецца камісія пры адборы забароненых выданняў, як барацьбу з літаратурай, якая скажае гістарычную праўду і справядлівасць, прапагандуе нетрадыцыйныя сексуальныя адносіны, рэлігійную нецярпімасць, гвалт, жорсткасць і парнаграфію, распальвае варожасць і нянавісць, папулярызуе нетрадыцыйныя для беларускага грамадства субкультуры. Таксама цэнзуры падлягаюць выданні пра палавое выхаванне дзяцей, здольныя аказаць негатыўны ўплыў на іх фізічнае і псіхічнае развіццё і сказіць уяўленне пра сапраўдныя сямейныя каштоўнасці.

Механізм забароны дзейнічае наступным чынам: пасля таго як камісія выносіць экспертнае заключэнне аб «шкоднасці» кнігі, Міністэрства інфармацыі дадае яе ў спецыяльны адкрыты рэестр. Гандлёвыя сеткі і інтэрнэт-крамы абавязаныя неадкладна прыбраць гэтыя пазіцыі з продажу. У адваротным выпадку ўлады пазбаўляюць бізнес ліцэнзіі на распаўсюд друкаванай прадукцыі.

Склад камісіі

Склад камісіі зацвярджаецца Саветам Міністраў. Нягледзячы на тое, што склад перыядычна ратыруецца, агульная архітэктура органа і логіка яго фарміравання застаюцца нязменнымі: гэта спалучэнне чыноўнікаў, прадстаўнікоў сілавых структур і дзяржаўных навуковых устаноў. Апошняе маштабнае абнаўленне адбылося 25 мая 2026 года (пастанова № 259), згодна з якім афіцыйны пайменны спіс склаў 22 чалавекі. Апроч таго, тая ж пастанова ўрада прама абавязвае ўключаць у склад камісіі ўпаўнаважаную службовую асобу Камітэта дзяржаўнай бяспекі (КДБ), імя якой у дакуменце не называецца.

+ Склад Рэспубліканскай камісіі (па стане на 25 мая 2026 года) Імя Пасада і ведамства У складзе камісіі Лілія Станіславаўна Ананіч Былая міністарка інфармацыі і экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў. Старшыня камісіі з 2021 года Дзяніс Уладзіміравіч Язерскі Намеснік міністра інфармацыі. Намеснік старшыні камісіі з 2024 года Анастасія Валер'еўна Кудрэйка Кансультантка ўпраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі. Сакратарка камісіі з 2024 года Ларыса Аркадзеўна Мяльгуй Загадчыца сектара кантролю за заканадаўствам у СМІ Міністэрства інфармацыі з 2021 года Ігар Уладзіміравіч Луцкі Старшыня праўлення тэлеканала «АНТ», член Савета Рэспублікі з 2026 года Рыгор Аляксеевіч Васілевіч Загадчык кафедры канстытуцыйнага права БДУ, экс-старшыня Канстытуцыйнага суда з 2023 года Галіна Іванаўна Нікалаенка Галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі Акадэміі адукацыі з 2021 года Людміла Анатолеўна Філіповіч Начальніца цэнтра сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай працы Акадэміі адукацыі з 2026 года Надзея Ігараўна Шышкіна Загадчыца кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій БДТУ з 2026 года Вольга Мікалаеўна Папко Дырэктарка Цэнтра даследаванняў беларускай культуры НАН Беларусі з 2026 года Мікалай Мікалаевіч Сухоцкі Намеснік дырэктара Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі з 2023 года Дзяніс Эдуардавіч Ільяшэвіч Начальнік чацвёртага аддзела чацвёртага ўпраўлення ГУБАЗіК МУС з 2024 года Арцём Аляксандравіч Шкробат Начальнік чацвёртага аддзела трэцяга ўпраўлення ГУБАЗіК МУС з 2023 года Сяргей Васілевіч Кабаковіч Начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта з 2021 года Максім Віктаравіч Літвінскі Намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай працы Дзяржаўнага памежнага камітэта з 2022 года Мікалай Яўгенавіч Бельскіх Начальнік кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Інстытута памежнай службы з 2023 года Юрый Мікалаевіч Дырман Начальнік аддзела мытных расследаванняў Дзяржаўнага мытнага камітэта з 2023 года Уладзімір Мацвеевіч Макараў Прафесар кафедры ідэалагічнай працы і сацыяльных навук Ваеннай акадэміі, экс-прэс-сакратар Мінабароны з 2023 года Сяргей Уладзіміравіч Глазырын Палкоўнік, начальнік аддзела ідэалагічнай працы Ваеннай акадэміі з 2023 года Аляксандр Мікалаевіч Гараднічэнка Начальнік цыкла кафедры ідэалагічнай працы Ваеннай акадэміі з 2023 года Юлія Аляксандраўна Яроцкая Загадчыца лабараторыі мастацтвазнаўчых даследаванняў Дзяржкамітэта судовых экспертыз з 2022 года Неназваная асоба Упаўнаважаная службовая асоба КДБ з 2023 года

Эвалюцыя складу і кіраўніцтва

Узначальвае камісію былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, імя якой шчыльна асацыюецца з блакіроўкай незалежных сайтаў. Намеснікам старшыні і галоўным публічным спікерам камісіі з'яўляецца Дзяніс Язерскі. Ён мае тэхнічную адукацыю і пачынаў працоўны шлях таваразнаўцам на гомельскім фанера-запалкавым камбінаце, пасля чаго будаваў кар'еру па ідэалагічнай лініі. Тлумачачы матывы кніжнай цэнзуры ў 2025 годзе, Язерскі называў літаратуру заходніх аўтараў «шлакам», які ўтрымлівае прапаганду амаральных рэчаў, чужых беларускаму ладу. Пазней ён акрэсліў стратэгічную логіку ведамства наступным чынам:

Адметнай асаблівасцю Рэспубліканскай камісіі з'яўляецца яе татальная мілітарызацыя. Амаль палова складу (11 чалавек з 23) — гэта кадравыя афіцэры спецслужбаў, аператыўнікі, мытнікі, памежнікі і ваенныя ідэолагі. Вызначаць, якія кнігі скажаюць гістарычную праўду ці наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам, даручана супрацоўнікам ГУБАЗіК МУС, Следчага камітэта і Дзяржпамежкамітэта. Прадстаўнік апошняга, Максім Літвінскі, запамінальна каментаваў абвінавачванні ў пашкоджанні беларускімі памежнікамі плота на мяжы з Польшчай наступным чынам:

Прыкметны блок у камісіі складаюць ваенныя прапагандысты. Сярод іх вылучаецца прафесар Уладзімір Макараў, былы прэс-сакратар Мінабароны. У 2017 годзе ён называў грамадзян, якія прасілі не праводзіць вайсковыя парады ў межах горада, ідэйнымі нашчадкамі Вільгельма фон Кубэ. У 2020 годзе, абараняючы публікацыю ў ваеннай прэсе аб тым, што масавыя расстрэлы ў Курапатах нібыта праводзілі нямецкія акупанты, Макараў заяўляў журналістам: «Вашы пазіцыі — гэта самы сапраўдны таталітарызм, вы не прыслухоўваецеся да альтэрнатыўнага меркавання. Прыслухайцеся, падумайце, калі ласка».

Каб надаць працэсу цэнзуры легітымнасць, у камісію ўключаны цывільныя чыноўнікі і навукоўцы. Сенатар і кіраўнік тэлеканала АНТ Ігар Луцкі адкрыта звязвае пытанні культуры з геапалітыкай, заяўляючы, што іншаагенты і ЛГБТ-каштоўнасці ледзь не прывялі Грузію да канфлікту. Пры гэтым склад камісіі паслядоўна зачышчаўся ад профільных гуманітарыяў: калі раней у ім прысутнічалі намеснік дырэктара Інстытута філасофіі Андрэй Дудчык і дырэктар Інстытута гісторыі НАН Вадзім Лакіза, то пазней яны былі выключаны. Аналагічна ў 2023 годзе сацыёлага Дзмітрыя Бязнюка замянілі на Мікалай Сухоцкага, чыя папярэдняя кар'ера была звязана з працай у Інфармацыйна-аналітычным цэнтры пры Адміністрацыі прэзідэнта і Беларускім інстытуце стратэгічных даследаванняў (БІСД), якія абслугоўваюць ідэалагічныя патрэбы ўладаў. Месца прадстаўніка Акадэміі навук займаў Аляксандр Лакотка, якога ў 2026 годзе замяніла Вольга Папко.

Кніжная цэнзура

Першымі мішэнямі Рэспубліканскай камісіі сталі гістарычныя даследаванні. У лістападзе 2024 года з продажу былі вынятыя «Нарыс гісторыі Беларусі» гісторыка Захара Шыбекі, «Таямніцы беларускай гісторыі» Вадзіма Дзеружынскага і зборнік твораў Кастуся Цвіркі. Далей цэнзары ўзяліся за замежных аўтараў, уключыўшы ў рэестр фундаментальныя працы амерыкана-брытанскай даследчыцы Эн Эплбаўм «ГУЛАГ» і «Жалезная заслона. Падаўленне Усходняй Еўропы». Пазней спіс папоўніўся кнігай польскай даследчыцы Дароты Міхалюк «Беларуская Народная Рэспубліка 1918—1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці», якую забаранілі па ініцыятыве пракуратуры Горацкага раёна за неадпаведнасць дырэктыве Аляксандра Лукашэнкі аб дзяржаўнай ідэалогіі.

Аднак самы масіўны блок забароненай літаратуры звязаны з тэмай чалавечай сексуальнасці. Пасля таго як у 2024 годзе Міністэрства культуры фактычна прыраўняла любую дэманстрацыю гомасексуальнасці і трансгендарнасці да парнаграфіі, пад нож пайшла сусветная мастацкая класіка. Шкоднымі для Беларусі прызналі творчасць амерыканскага класіка Джэймса Болдуіна і яго раман «Пакой Джавані» (1956), кнігі брытанскага пісьменніка Крыстафера Ішэрвуда («Адзінокі мужчына», «Бывай, Берлін»), раман Майкла Канінгема «Дом на краю свету», а таксама аўтабіяграфічны твор Элізабэт Вурцэль «Нацыя празака» і «Калыханку» Чака Паланюка. Ахвярамі цэнзуры сталі і самыя гучныя літаратурныя хіты апошніх гадоў. Камісія забараніла распаўсюд рамана Дэвіда Мітчэла «Воблачны атлас», міжнародны бэстсэлер Мадлен Мілер «Песня Ахіла», кнігі Ханьі Янагіхары і Донны Тарт, а таксама аўтабіяграфію Гарарда Конлі «Сцёрты хлопчык», якая расказвае пра жахі канверсійнай тэрапіі.

Пошук крамолы даходзіць да таго, што дзяржава забараніла класічную гатычную аповесць ірландскага пісьменніка Джозефа Шэрыдана Ле Фаню «Карміла», выдадзеную ў 1872 годзе, толькі таму, што яна ўтрымлівае вобраз вампіркі-лесбіянкі. Асобны масіў забароненага склала сусветная контркультура. Дзякуючы камісіі ў Беларусі нельга легальна набыць культавы раман Хантэра С. Томпсана «Страх і нянавісць у Лас-Вегасе», «Голы сняданак» Уільяма Бероўза і «На іголцы» Ірвіна Уэлша. У гэтую ж кампанію трапілі творы сучасных расійскіх аўтараў: «Лямпа Мафусаіла» Віктара Пялевіна і антыўтопіі «Дзень апрычніка» і «Цукровы Крэмль» Уладзіміра Сарокіна.

Для таго каб трапіць у спіс, кнізе не абавязкова быць маніфестам. Дзяржаўныя эксперты літаральна вышукваюць згадкі нетрадыцыйных адносін, нават калі яны з'яўляюцца толькі фонам. Забароненымі аказваюцца малавядомыя любоўныя раманы, дэтэктывы, увесь пласт папулярных японскіх коміксаў (серыі мангі «Такійскі гуль», «Магічная бітва») і кітайскіх фэнтэзі-навэл. Пад забарону патрапіў таксама дзіцячы навук-поп па палавым выхаванні і творчыя блакноты. Часам пошук дэструктыву даходзіць да абсурду: камісія афіцыйна забараніла навукова-папулярную кнігу брытанскага заолага Люсі Кук «Сучкі. Сэкс, эвалюцыя і фемінізм у жыцці самак жывёл», верагодна, адрэагаваўшы выключна на правакацыйныя словы на вокладцы. Блакнот для малявання Керы Сміт «Знішчы мяне ўсюды!» быў забаронены за прапанову праткнуць старонку алоўкам.

Дзейнасць камісіі адбываецца ў кантэксце шырокай дзяржаўнай кампаніі супраць ЛГБТ-супольнасці. Прыраўняўшы «нетрадыцыйныя адносіны» да парнаграфіі, Міністэрства культуры дало сілавікам інструмент для рэальнага пераследу. Ужо ўвосень 2024 года пачаліся адрасныя затрыманні з распачынаннем крымінальных спраў за распаўсюд парнаграфіі па артыкуле 343 КК РБ. З пачатку 2026 года набылі моц папраўкі ў закон «Аб правах дзіцяці», а 2 красавіка 2026 года ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП) быў уведзены новы артыкул 19.16, які прадугледжвае гіганцкія штрафы і адміністрацыйны арышт за нейтральнае ці пазітыўнае асвятленне квір-тэматыкі.

Гл. таксама Спіс забароненых у Беларусі кніг Цэнзура ў Беларусі Пераслед ЛГБТК-супольнасці ў Беларусі (з 2020 года)

Крыніцы

Катэгорыя:Цэнзура ў Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 2021 годзе Катэгорыя:Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Правы ЛГБТ у Беларусі Катэгорыя:Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі Катэгорыя:2021 год у Беларусі