Алякса́ндр Сярге́евіч Клачко́ (нар. , Баранавічы, Брэсцкая вобласць) — беларускі грамадскі актывіст, палітычны эмігрант, былы добраахвотнік палка імя Кастуся Каліноўскага (пазыўны «Кусь»). Удзельнік абароны Украіны ад расійскага ўварвання.

Біяграфія Нарадзіўся 19 жніўня 1984 года ў Баранавічах. Вучыўся ў мясцовай сярэдняй школе № 19. У 2006 годзе скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, атрымаўшы спецыяльнасць эканаміста. У розныя гады працаваў эколагам на Беларускай чыгунцы, экспедытарам у інтэрнэт-краме «Гіпермол», а таксама кіраўніком баранавіцкага падраздзялення службы таксі «7220».

Быў у шлюбе, разведзены. Мае сына 2009 года нараджэння.

Палітычны пераслед у Беларусі Паводле слоў самога Клачко, цікавасць да гісторыі Беларусі і палітыкі пачалася ў 2019 годзе пасля вывучэння каранёў сваёй сям'і з вёскі Дамашэвічы. Канчатковае расчараванне ў дзеяннях дзяржавы адбылося падчас пандэміі COVID-19, калі ўлады хавалі рэальную статыстыку захворванняў. Каранавірусам тады цяжка перахварэў ягоны дзед, а самому Клачко адмаўлялі ў тэставанні.

З пачаткам масавых пратэстаў у жніўні 2020 года Клачко пачаў актыўна ўдзельнічаць у нядзельных маршах у Мінску і Баранавічах, здымаў відэаролікі, маляваў графіці, удзельнічаў у дваровых сустрэчах. З'яўляўся дэлегатам грамадзянскай ініцыятывы «Сход». На той момант ён выступаў выключна за мірны шлях вырашэння палітычнага крызісу і быў супраць сілавога сцэнарыя.

8 лістапада 2020 года Аляксандр Клачко быў затрыманы АМАПам падчас дваровага чаявання ў баранавіцкім мікрараёне Бараўкі. Ён быў аштрафаваны на 10 базавых велічынь за непадпарадкаванне міліцыі. Акрамя таго, пасля затрымання актывіст заявіў, што міліцыянеры скралі ў яго каля 320 рублёў (каля 100 еўра), сярод якіх былі і грошы фірмы таксі. З гэтай нагоды ён пісаў заяву ў Следчы камітэт, аднак улады не знайшлі складу злачынства ў дзеяннях сілавікоў.

Пасля таго як 18 снежня 2020 года сілавікі паспрабавалі правесці вобшук у ягонай кватэры, Клачко ў тую ж ноч пакінуў Беларусь і выехаў у Літву па гуманітарным калідоры. Знаходзячыся ў эміграцыі ў Вільні, пэўны час перабіваўся некваліфікаванай працай: мыў вокны, сек дровы, пазней знайшоў афіцыйную працу.

Удзел у вайне ва Украіне З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022 года Аляксандр Клачко перагледзеў свае пазіцыі наконт мірнага пратэсту і прыняў рашэнне адправіцца на фронт. Ён далучыўся да беларускага батальёна імя Кастуся Каліноўскага (які пазней быў разгорнуты ў полк), падпісаўшы кантракт з Узброенымі сіламі Украіны. Свой пазыўны «Кусь» добраахвотнік узяў ад уласнага ніка ў Telegram, які гучаў як «Кусь за Беларусь».

Пасля пачатку службы ва Украіне супраць Аляксандра Клачко ў Беларусі былі распачаты крымінальныя справы, паводле слоў самога актывіста, іх колькасць дасягае сямі. У прыватнасці, у сакавіку 2022 года Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй узбудзіла справу па артыкуле 361-3 КК РБ («Удзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы»).

Браў удзел у абароне Бахмута. У снежні 2022 года падчас знаходжання ў зімовых акопах на лініі абароны горада атрымаў абмаражэнне пальцаў і моцнае запаленне нырак. З-за наступстваў хваробы і незваротных пашкоджанняў арганізма ўкраінская ваенна-ўрачэбная камісія камісавала беларуса з УСУ, прызначыўшы яму 2-ю групу інваліднасці.

Дзейнасць пасля фронту У снежні 2023 года Аляксандр Клачко вярнуўся ў Літву з мэтай атрымання пастаяннага віду на жыхарства і праходжання медыцынскай рэабілітацыі. Аднак працэс легалізацыі зацягнуўся: згодна з літоўскім заканадаўствам, падчас разгляду прашэння аб палітычным прытулку, якое ён падаў 18 студзеня 2024 года, эмігрант не меў права на афіцыйнае працаўладкаванне і бясплатнае лячэнне. Разгляд справы цягнуўся 11 месяцаў, на працягу якіх былы ваяр заставаўся без сродкаў да існавання і выжываў дзякуючы дапамозе неабыякавых беларусаў.

18 снежня 2024 года, на гадавіну свайго выезду з Беларусі, Клачко правёў адзіночны пікет пад сценамі Дэпартамента міграцыі Літвы ў Вільні, патрабуючы ад улад хоць нейкага (станоўчага або адмоўнага) рашэння па ягонай справе, каб спыніць падвешаны стан. Праз месяц, у сярэдзіне студзеня 2025 года, Літва задаволіла прашэнне і выдала яму статус бежанца з відам на жыхарства на 5 гадоў. Дадатковай дапамогай у атрыманні статусу сталі паручальніцтвы ад прадстаўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Вольгі Зазулінскай і праваабарончага цэнтра «Вясна».

У эміграцыі актывіст увайшоў у склад 3-га склікання Каардынацыйнай рады. Разам з іншай былой палітзняволенай Алесяй Буневіч ён адкрыў брэнд адзення і сувеніраў «Кусь», частка сродкаў ад якога накіроўваецца на дапамогу беларускім валанцёрам і добраахвотнікам. Акрамя таго, Клачко неаднаразова публічна крытыкаваў пасіўнасць беларускай дыяспары і памяншэнне ўвагі грамадства да вайны і патрэб ваяроў.

Крыніцы

Катэгорыя:Нарадзіліся 19 жніўня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1984 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Баранавічах Катэгорыя:Выпускнікі ГрДУ імя Янкі Купалы Катэгорыя:Удзельнікі пратэстаў у Беларусі (2020—2021) Катэгорыя:Беларусы ў расійска-ўкраінскай вайне Катэгорыя:Члены Каардынацыйнай рады