Ві́лбэртс Кра́снайс (; , хутар Вежы, Ругайская воласць — , Свярдлоўск) — латышскі пісьменнік, гісторык і грамадскі дзеяч Латгаліі. Адзін з ідэолагаў палітыкі асіміляцыі нацыянальных меншасцей у часы дыктатуры Карліса Улманіса.

Біяграфія Нарадзіўся 12 студзеня 1908 года на хутары Вежы () Ругайскай воласці Віцебскай губерні (цяпер тэрыторыя Латвіі) ў сялянскай сям’і Андрэйса і Альвінэ Краснайсаў. Пачатковую адукацыю атрымаў у Яўнгулбенскай і Галгаўскай школах, а таксама ў камерцыйнай школе горада Балві. Пазней вывучаў эканоміку, а затым гісторыю ў Латвійскім універсітэце. Падчас навучання далучыўся да студэнцкай карпарацыі «Ventonia».

Актыўна ўдзельнічаў у грамадска-палітычным жыцці краіны. Займаў пасаду генеральнага сакратара цэнтральнай управы Саюза латышскай нацыянальнай моладзі () і быў рэдактарам выдання гэтай арганізацыі — часопіса «Шляхі моладзі» (). Дзейнічаў у шэрагах Латышскага сялянскага саюза () і з'яўляўся сябрам Яўнлатгальскага (Абрэнскага) палка ваенізаванай арганізацыі «Айзсаргі».

Пасля далучэння Латвіі да СССР стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій. Падчас чэрвеньскай дэпартацыі 1941 года ён быў арыштаваны разам са сваёй сям’ёй і высланы ў Паўночна-Уральскі папраўча-працоўны лагер (Севураллаг). Быў расстраляны 3 жніўня 1942 года ў Свярдлоўску.

Ідэалагічная дзейнасць і стаўленне да беларусаў У другой палове 1930-х гадоў Вілбэртс Краснайс стаў прыкметным публіцыстам і ідэолагам палітыкі латышызацыі, якую праводзіў аўтарытарны рэжым Карліса Улманіса. Яго працы былі скіраваныя на абгрунтаванне неабходнасці асіміляцыі нацыянальных меншасцей (перадусім беларусаў, палякаў і рускіх) у латгальскім памежжы.

У 1938 годзе ён выдаў кнігу «Беларусы як галіна латышскага народа» (). У гэтай працы Краснайс намагаўся давесці неіснаванне беларусаў у Латгаліі як асобнага этнасу. Ён сцвярджаў, што гістарычныя межы рассялення латышскіх плямён дасягалі Полацка, Смаленска і Мінска, а мясцовыя каталіцкія і праваслаўныя беларусы з'яўляюцца выключна абруселымі або апалячанымі латышамі, якія павінны вярнуцца ў лона свайго сапраўднага народа.

Для доказу сваіх тэорый ён выкарыстоўваў маніпулятыўны і псеўданавуковы аналіз тапанімікі, антрапанімікі і фальклору. Акрамя таго, ён публікаваў фотаздымкі мясцовых беларускіх настаўнікаў і інтэлігенцыі (напрыклад, Франца Оруба), якім прыпісваў заявы аб іх добраахвотнай адмове ад беларускай ідэнтычнасці на карысць латышскай дзяржавы.

Сучасныя гісторыкі, у прыватнасці, Юры Грыбоўскі, разглядаюць гэтую працу Вілбэртса Краснайса выключна як прапагандысцкі інструмент. Змест кнігі цалкам адпавядаў тагачаснай нацыянальнай палітыцы латвійскіх улад і служыў апраўданнем для закрыцця беларускіх школ, знішчэння культурнай аўтаноміі меншасцей і фальсіфікацый падчас перапісу насельніцтва 1935 года.

Бібліяграфія Аўтар шэрагу публіцыстычных і гістарычных прац: «Паўночналатгальскае абуджэнне» (, 1935); «Латышская Яўнлатгалія: гістарычныя лёсы края» (, 1937); «Абрэнскія песні» (, 1937); «Латышскія калоніі» (, 1938); «Беларусы як галіна латышскага народа» (, 1938).

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Пісьменнікі Латвіі Катэгорыя:Латышскамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Гісторыкі Латвіі Катэгорыя:Выпускнікі Латвійскага ўніверсітэта Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Расстраляныя ў СССР Катэгорыя:Нарадзіліся 12 студзеня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1908 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Віцебскай губерні Катэгорыя:Памерлі 3 жніўня Катэгорыя:Памерлі ў 1942 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Екацярынбургу