Вроцлаўскі Японскі сад размешчаны ў Шчытніцкім парку. Ён спалучае ў сабе некалькі тыпаў японскага сада: грамадскага, воднага, звязанага з чайнай цырымоніяй і камяністага пляжа. Паводле задумы ён павінен служыць для споглядання і прагулак. Адзін з найстарэйшых японскіх садоў у Еўропе.
Кампазіцыя сада вызначаецца пераходам ад галоўнай брамы (Сукія-мон) праз прамы мост на сажалцы (Юмедона Башы), які разгаліноўваецца далей на дзве дарожкі. Адна дарожка вядзе па беразе сажалкі ад мяккага жаночага каскада (Онна-дакі) да бурнага мужчынскага каскада (Атока-дакі), а затым да павільёна чакання (Мачыай). Другая дарожка праз арачны мост (Тайко Башы) да чайнага павільёна (Адзумая). Апошнім элементам прагулачнай дарожкі з'яўляецца бакавая брама (Фуку-мон).
У сажалцы Японскага сада таксама жывуць карпы коі (Нісікі-гоі), якія сімвалізуюць даўгалецце, шчасце і адвагу.
Гісторыя Сад быў створаны ў 1909–1913 гадах у тагачасным Брэслау (Прусія) па ініцыятыве дыпламата і арыенталіста, графа Фрыца фон Хохберга з Хальбау. Яго адкрыццё было прымеркавана да святкавання ў 1913 годзе Бітвы народаў і стагоддзя выгнання войскаў Напалеона I з Прусіі. Непадалёк ад сада размешчана Зала Стагоддзя, пабудаваная з той жа нагоды.
Праекціроўшчыкам сада быў японскі садоўнік Манкічы Араі. Выканаўчыя работы кантраляваў Ёзэф Анлаўф, шматгадовы кіраўнік садоў роду Хохбергаў, які таксама разбіў кітайскія і японскія сады ў Хальбау і ў . Сад ствараўся вакол былой сажалкі Людвіга Тэадора Морыца-Айхборна, у межах цяперашняга Шчытніцкага парку. Гэта быў адзіны экзатычны сад, прадстаўлены на Садаводчай выставе, якая з'яўлялася часткай Выстаўкі стагоддзя 1913 года. Сабраныя ў садзе каменныя ўпрыгажэнні (у тым ліку чашы для рытуальнага абмывання рук і ліхтары) былі створаны ў XVIII і XIX стагоддзях і паходзяць з ліквідаваных старых японскіх садоў.
Рэстаўрацыя У 1995 г. прафесар Ікуя Нісікава распрацаваў праект рэстаўрацыі сада і ў 1996–1997 гадах, пры супрацоўніцтве Пасольства Японіі і садоўнікаў з Вроцлава і Нагоі, былі праведзены работы па вяртанні саду японскага выгляду. Работамі кіраваў Ёшыкі Такамура. Берагавая лінія сажалкі ў садзе была тады зменена на форму слова «дружба», напісанага на японскай мове. Падчас урачыстага адкрыцця ў маі 1997 г. сад быў названы «бела-чырвоным» (Хаку Коэн), з адсылкай да колераў польскага і японскага сцяга і супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў у рэстаўрацыі сада. У ліпені 1997 г. (праз два месяцы пасля адкрыцця), падчас «паводкі тысячагоддзя» сад на працягу трох тыдняў знаходзіўся пад вадой. Разбурэнні былі настолькі вялікія (загінула каля 70% нанова пасаджаных раслін), што спатрэбілася яшчэ адна рэстаўрацыя. Паўторнае адкрыццё адбылося ў кастрычніку 1999 г.
Расліны У садзе расце каля 200 розных відаў (і падвідаў) дрэў і кустоў, у тым ліку амаль 100, далёкаўсходніх (з іх 38 з самой Японіі). Некаторыя з іх паходзяць яшчэ з пасадак, зробленых у 1909–1913 гадах. Найстарэйшымі дрэвамі ў садзе з'яўляюцца 200-гадовыя дубы звычайныя (Quercus robur). Разам з імі верхні ярус расліннасці ўтвараюць каштаны конскія (Aesculus hippocastanum) і асобныя экзэмпляры ясеня звычайнага (Fraxinus excelsior), платана кленалістага (Platanus acerifolia), метасеквоі гліптастрабоіднай (Metasequoia glyptostroboides) і сосны карэйскай (Pinus koraiensis). Два апошнія віды паходзяць з пасадак, выкананых у 60-я і 70-я гады XX стагоддзя.
У ніжнім ярусе растуць шматлікія цісы ягадныя (Taxus baccata), некаторыя з іх старэйшыя за сто гадоў. Да найстарэйшых усходніх экзэмпляраў належаць: клён грабалісты (Acer carpinifolium), гінкга двухлопасцевы (Ginkgo biloba), лжэлістоўніца (Pseudolarix amabilis) і сафора японская (Styphnolobium japonicum). Самую шматлікую групу раслін у садзе (прадстаўленую каля 40 відамі і сартамі) складаюць рададэндраны (Rhododendron). У перыяд іх цвіцення (май і чэрвень) яны таксама з'яўляюцца самай маляўнічай групай раслін ва ўсім садзе. Сярод іх можна вылучыць, у прыватнасці, рададэндраны катаўбінскія (R. catawbiense) і рададэндраны жоўтыя (R. luteum). Акрамя іх, сярэдні ярус расліннасці таксама займаюць стыракс японскі (Styrax japonicus), піерыс японскі (Pieris japonica), рассечаналістыя сарты (‘Inaba Shidare’ і ‘Dissectum’) клёнаў даланепадобных (Acer palmatum) і формы Нівакі такіх відаў, як: кіпарысавік тупы (Chamaecyparis obtusa), падуб гародчаты (Ilex crenata ‘Convexa’), сосна дробнакветкавая (P. parviflora) і сосна чорная (P. nigra).
Дрэвы і кусты ў садзе падвяргаюцца розным фармуючым апрацоўкам. Частка з іх, у тым ліку самшыт (Buxus), барбарыс (Berberis) і спірэя (Spiraea), фармуюцца ў нізкія «хвалістыя жывыя агароджы» (Karikomi).
Самы ніжні ярус расліннасці складаецца з 46 відаў шматгадовых раслін, у тым ліку: чыставуст велічны (Osmunda regalis), хоста падарожнікавая (Hosta plantaginea), ландыш майскі (Convallaria majalis), ірыс японскі (Iris ensata var. ensata), страуснік звычайны (Matteuccia struthiopteris) і аір звычайны (Acorus calamus). У сажалцы ж растуць гарлачык жоўты (Nuphar lutea) і гарлачык белы (Nymphaea alba).
Крыніцы
Спасылкі
Вроцлаў Катэгорыя:Батанічныя сады Польшчы Катэгорыя:Польска-японскія адносіны Катэгорыя:Уроцлаў