Махамед Захір-шах (; ) — апошні кароль Афганістана (1933—1973).
Біяграфія Нарадзіўся ў Кабуле ў сям’і Мусахібан, якая належала да роду Ях’я Хель клана Махамадзай з пуштунскіх плямёнаў Дурані. Быў адзіным сынам Мухамеда Надыра-шаха, вядомага як героя трэцяй англа-афганскай вайны. Кіруючы Амунула-шах, які баяўся папулярнасці Надыра, накіраваў яго ў Францыю.
У замежжы Мухамед Захір вучыўся ў ліцэі Жансон-дэ-Саі, а затым у Манпелье. У 1930 годзе разам з бацькам вярнуўся ў Афганістан, дзе Надыр прыйшоў да ўлады, і паступіў у Ваенную акадэмію. У 1932 годзе прызначаны міністрам абароны, а затым на кароткі перыяд – міністрам адукацыі. Паралельна заснаваў Кабульскі ўніверсітэт. Пасля забойства Надыра ў 1933 годзе Захір стаў каралём. Атрымаўшы адукацыю ў Еўропе, малады васпан і яго дзядзькі працавалі над мадэрнізацыяй краіны, у тым ліку пры падтрымцы замежных спецыялістаў — немцаў, французаў, рускіх.
У 1953 годзе, пад уплывам свайго стрыечнага брата і зяця Мухамеда Дауда, пачаў збліжэнне з СССР, пры тым захоўваў нейтральны статус дзяржавы на сусветнай арэне ў часы як Другой сусветнай, так і Халоднай вайны. Праведзена мадэрнізацыя арміі, адменена абвязковае нашэнне хіджаба для жанчын, актыўна прыцягваўся савецкі і амерыканскі капітал.
Захір-шах абапіраўся на буйных землеўладальнікаў і ў 1964 годзе прыняў Канстытуцыю, якая зрабіла яго аднаасобным уладальнікам улады. Паводле яе, кароль прызначаў прэм’ер-міністраў, кантраляваў знешнюю палітыку і армію, а таксама прызначаў траціну прадстаўнікоў у верхняй палаце парламента і ўсіх членаў Вярхоўнага суда. Васпан меў права распускаць парламент, прызначаць новыя выбары і накладваць вета на любыя заканадаўчыя акты.
У пачатку 1970-х гадоў краіна пакутавала ад засухі і голаду, што шкодзіла ўладзе. У ліпені 1973 года ў выніку дзяржперавароту Захір-шах быў зрынуты, да ўлады прыйшоў Махамед Дауд. Афганістан з каралеўства стаў рэспублікай. Былы васпан адправіўся ў выгнанне ў Італію.
У 2002 годзе пасля амерыканскага ўварвання ён вярнуўся ў Афганістан. Пры тым Захір-шах публічна выступіў супраць аднаўлення манархіі і адмовіўся балатавацца ў прэзідэнты. Новым урадам экс-кароль быў удастоены ганаровага тытула Бацькі нацыі.
Літаратура Jean-Charles BLANC. ZAHER SHĀH MOHAMMAD (1914-2007) roi d'Afghanistan (1933-1973) // Encyclopædia Universalis France.
Катэгорыя:Кіраўнікі АфганістанаКатэгорыя:Зрынутыя манархі