Айкша — баярын сярэдзіны XIV стагоддзя, імаверна, літоўскага паходжання.

Згадкі ў крыніцах Пэўна, але ў позніх крыніцах, згаданы аднойчы. Летапісы Рагожскі, Траецкі і яшчэ болей познія Ніканаўскі і Васкрасенскі, пад 1348 сакавіцкім годам апісваюць пасольства вялікага князя Альгерда да хана Джанібека, апошнім у спісе паслоў названы Айкша. Урэшце Джанібек выдаў літвінаў у Маскву праз свайго пасла Татуя, вялікія князь Сямён Іванавіч адпусціў іх толькі ў 1349 годзе, пасля падарункаў і саступак ад Альгерда.

Таксама Айкша згаданы ў акце дэмаркацыі мяжы з Мазовіяй ад 1358 года сярод прадстаўнікоў вялікалітоўскага боку. Дагавор заключаў князь Кейстут з рады і згоды вярхоўнага князя Альгерда, а таксама Яўнута, Карыята, Георгія і іншых «старэйшых князёў Літвы». Некаторыя даследчыкі лічаць акт фальсіфікатам пачатку XV ст., тым часам Алег Ліцкевіч спрабуе абгрунтаваць яго аўтэнтычнасць. У дакуменце Айкша запісаны пасля Патрыкея і Войшвіла: «duces et boyaros nostros videlicet super Patryky, Woyszwylt et Aykszy, Olizar et Waskonem Kerdejewicz». На думку Уладзіслава Гулевіча, ужыванне злучніка et перад Айкшам сведчыць, што ён хутчэй не князь, а баярын. На думку Ліцкевіча, Айкша быў баярынам і, імаверна, прадстаўляў князя Карыята. Вядома, калі дакумент аўтэнтычны або фальсіфікат XV ст. грунтуецца на аўтэнтычным дакуменце.

Гэтымі дзвюма рознай імавернасці згадкамі абмежаваны звесткі пра Айкшу. Уладзіслаў Гулевіч называе Айкшу «загадкавым персанажам» .

У гістарыяграфіі У 1930-я гады Юзаф Пузына сістэматызаваў звесткі пра Айкшу і лічыў яго адным з дзевяці «безумоўных» сыноў князя Карыята . Даследчык лічыў Сямёна і Айкшу братамі Карыятавічамі і «даверанымі мужамі» (mężówie zaufania) Альгерда . Паводле Пузыны, маскоўскі бок карыстаўся высокім родавым статусам Сямёна і Айкшы для ціску на Альгерда і трымаў іх закладнікамі . Гіпотэзу Пузыны не магчыма пацвердзіць або абвергнуць праз беднасць крыніц. У згадках 1348 года Айкша апошні ў спісе, але хто былі князі Міхаіл і Сямён, запісаныя перад ім, пэўна не вядома . Калі князі былі Гедзімінавічамі, версія была б болей імавернай, калі не — не імавернай. Месца Айкшы ў акце 1358 года магло бы сведчыць супраць версіі Пузыны, калі б ні сумневы ў аўтэнтычнасці самога акта, а Пузына, каментуючы гэты акт, ігнараваў такі аспект.

Таксама Пузына лакалізаваў уладанні Айкшы ў Эйшышках, праз сугучнасць атоесніў яго з легендарным Эйкшам (Ejksz), паплечнікам Палемона і заснавальнікам Эйшышак, з беларуска-літоўскага летапісання. Даследчык лічыў гэтыя абшары часткай Наваградскага княства Карыята, а Эйшышкі заснаванай Айкшам сталіцай ужо свайго ўдзела. Таксама Пузына атоесніў Эйшышкі з тытульным уладаннем Судзімонта (Sudemund von Wesisken), названага нямецкімі крыніцамі шваграм князя Вітаўта. Свае гіпатэтычныя лакалізацыі даследчык звязаў з кроўнай роднасцю і такім чынам пабудаваў прамую лінію: Карыят → Айкша → Судзімонт.

Пабудовы Пузыны часткова выкарыстала Інга Баранаўскене, яна называла Айкшу проста Эйкшам (Eikša). Даследчыца, аднак, атоесніла Айкшу з панам Якшам Літаворам, слугою малдоўскага гаспадара Юрыя Карыятавіча. Румынскія даследчыкі лічаць акт, дзе згаданы Якша фальсіфікатам, як і ўладаранне Карыятавіча ў Малдове, бо яго не пацвярджаюць сінхронныя крыніцы. Ліцкевіч лічыць атаясненне слушным «з вялікай доляй імавернасці» і не пагаджаецца з румынскімі гісторыкамі, на яго думку, захаваны тэкст можа быць «недасканалай копіяй XIX ст.» аўтэнтычнага акта з фізічнымі дэфектамі.

Баранаўскене лічыла Айкшу бацькам не толькі Судзімонта, але і вітаўтавай жонкі (на думку даследчыцы — Ганны). Пасля публікацыі Ліцкевічам звестак пра бацьку Судзімонта — Пекшціса, даследчыца скарэкціравала гіпотэзу і называе Айкшу ўжо дзедам Судзімонта і вітаўтавай жонкі.

Якша Літавор

Грамата 1374 года Сярод іншага, аргументам за магчымую аўтэнтычнасць дакумента Ліцкевіч дае «не ясныя … матывы, палітычны і эканамічны сэнс» для фальсіфікацыі. Тым часам менавіта за гэтыя землі з XVI ст. і цягам чатырохсот гадоў судзіліся камянецкія мяшчане, якія таксама мелі на іх ад 7 лютага 1374 года.

Граматай ад 3 чэрвеня 1374 года пан Якша Літавор (Якшя Литаворъ), намеснік у Белгарадзе і верны слуга (истии слуга ншь вѣрной) малдаўскага гаспадара Юрыя Карыятавіча, узнагароджаны сялом Зуброўцы за службу і найперш за храбрыя ўчынкі (хърблии подъвизи) ў бітве з татарамі каля Уладычаў на Днястры.

На думку Баранаўскене, Якша мог камандаваць войскамі, пасланымі Альгердам на дапамогу Юрыю ў абароне малдоўскіх зямель ад татараў. Ліцкевіч звязвае гэты эпізод са звесткамі Рагожскага і Ніканаўскага летапісаў пра вялікалітоўскі паход супраць эміра Тэмера (Дзмітрыя) вясной 1374 года.

Пра лакалізацыю магчымага надання ёсць розныя версіі, Ілона Чаманская змяшчала Зуброўцы на паўночным усходзе Малдовы, а Ліцкевіч лічыць праўдападобнейшым сяло (Zubrowcze) на Смотрычы каля Камянца на Падоллі, якое князь Свідрыгайла ў 1401 годзе перадаў мясцовым дамініканцам.

Магчымыя нашчадкі Паводле Ліцкевіча, сынам Якшы «меркавана» мог быць Рагоза, вядомы ў акружэнні вялікага князя Свідрыгайлы з 1431 года, яго прыбліжаны і дыпламат. Тым часам Сяргей Палехаў аднавіў біяграфію Рагозы з 1418 года як «найвышэйшага рускага пісара» (unsir obirster Ruwssche schreiber) вялікага князя Вітаўта. На думку Палехава, Свідрыгайла «ўспадкаваў» Рагозу ў 1430 годзе разам з велікакняжацкай канцылярыяй.

У 1440-я гады, магчыма, гэты Рагоза згаданы ў кнізе данін вялікага князя Казіміра, ён трымаў «две селе выслуги, Воробевичи а Щьпеков, а отчины три села: Мервинъци а Гиковци, а Кобылее» ў Брацлаўскім павеце. Таксама Ліцкевіч атаясняе гэтага Рагозу з Рагозам Якшычам, які ў 1440-х гадах атрымаў ад вялікага князя Казіміра 10 «чалавек» у Свіслацкай воласці пад Менскам. Паводле ж Палехава, няма пэўнасці ў тоеснасці пісара Рагозы і Рагозы Якшыча.

На думку Ліцкевіча, адной са спадчынніц пісара Рагозы, ён жа Рагоза Якшыч, у падольскай вотчыне была брацлаўская зямянка Ганна, жонка Сямёна Кошкі, якая ў 1501 годзе называла Вараб’еўцы (Рагазню) трэцяй часткай «именеи своих отчизных». Паводле даследчыка, Ганна магла быць дачкой або ўнучкай Рагозы, а зямяне Рагазінскія жылі на Брацлаўшчыне і ў XVI—XVII стст.

Паводле Ліцкевіча, менскай лініяй нашчадкаў пісара Рагозы, ён жа Рагоза Якшыч, быў шляхецкі род Рагозаў. У 2-й палове XVI ст. стрыечныя браты Васіль Стэцкавіч і Рыгор Астаф’евіч Рагозы жылі ў Менскім павеце. Даследчык адзначае, што родавае паданне менскіх Рагозаў называла іх продка канцлерам ВКЛ, «відаць», вядзецца менавіта пра «найвышэйшага рускага пісара» Вітаўта і прыбліжанага Свідрыгайлы. Аднак, у пытанні паходжання падольскіх Рагазінскіх і менскіх Рагозаў ад аднаго продка «застаецца шмат не яснага», бо гэтыя роды «па ўсім відаць» карысталіся рознымі гербамі.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Баяры літоўскія