Гаршковая кафля — найстаражытнейшы від пячной кафлі, тып архітэктурна-дэкаратыўнай керамікі, які ўжываўся ў будаўніцтве печаў на тэрыторыі Беларусі з XIV ст.
Гісторыя
Гаршковая кафля мела пераважна тэхнічныя функцыі — павышала цеплааддачу печы; аблягчала канструкцыю печы; павышала ўстойлівасць печы тэрмічным перападам.
Першыя вядомыя на тэрыторыі Беларусі асобнікі датуюць пачаткам XIV ст., яны знойдзены археалагічнымі раскопкамі ў Полацку, Лідзе і Наваградку.
У XIV і XV стагоддзях паступова пераходзілі ад выкарыстання адзінкавых кафляў-гаршкоў, якія ўмуроўвалі ў глінабітную печ, да пабудовы печаў з кафлямі на ўсёй паверхні. Гаршковую кафлю працягвалі ўжываць ў XVII ст. і, магчыма, у пачатку XVIII ст., асабліва ў вёсцы.
Тэхналогія вырабу Кафлі ранняга перыяду рабілі ў ляпной тэхніцы персцянёва-налепным спосабам, пасля падпраўлялі на прымітыўным маларухомым ганчарным крузе. Абпальвалі на адкрытым агні. Як сыравіну выкарыстоўвалі нятлустую гліняную масу з дамешкамі жвіру або жарствы. На донцах некаторых кафляў XIV ст. ёсць ганчарныя клеймы.
З канца XV ст. для аздаблення паверхні пачалі ўжываць свінцовую паліву (глазуру). Для атрымання празрыстага зялёнага колеру («мураўлёнай» кафлі) у склад палівы з перапаленага свінцу, рачнога пяску і глею, дадавалі вокіс медзі. У 2-й палове XVI ст. міскавую гаршковую кафлю ўсё часцей пакрывалі зялёнай палівай знутры, яе дно аздаблялі прамымі ці хвалістымі лініямі або слядамі пальцаў, што было зручна праз невысокія борцікі гэтага віду кафлі.
Эвалюцыя форм і канструкцый
Ранняя гаршковая кафля мела слоікава-цыліндрычнае тулава вышынёй 21—24 см і дыяметрам 10—14 см . На паверхні сценак такіх вырабаў відаць сляды кругавой лепкі, налеплівання.
Пазней, каб шчыльна ставіць цыліндрычныя кафлі адну да другой, змянілі форму іх вусця. Круглае вусце пачалі ўгінаць, дадаваць да яго налепы, такім чынам стваралі трох-, чатырох- , пяці- або шасціпялёсткавыя абрысы, а таксама абрысы трохвугольніка або квадрата. Для стандартызацыі памераў і надання вусцю пэўнай формы пачалі выкарыстоўваць драўляныя формы, што ператварыла кафлю ў стандартызаваны модуль.
У працэсе развіцця ўзнікла мноства варыянтаў гаршковай кафлі — высокія і вузкія; шырокія і нізкія; міскавага тыпу; талеркавага тыпу.
На мяжы XV—XVI стст. да донца кафляў міскавага і талеркавага тыпаў пачалі дадаваць «румпу» — гліняны цыліндр, зроблены на ганчарным крузе, для лепшага мацавання на сцяну печы. Гэта паклала пачатак пераходу да каробкавага тыпу кафлі. Па баках ранніх румпаў часам рабілі глыбокія сеткавыя насечкі для лепшага мацавання ў абліцоўцы печы.
У XVI ст. вядомы камбінаваныя печы, іх ніжні ярус складалі з міскавай кафлі, а верхні — з каробкавай. Такія канструкцыі знойдзены археолагамі ў Лідскім і Заслаўскім замках, а таксама ў Мазыры.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Кафля