«Białorutenistyka Białostocka» () — польскі навуковы часопіс, прысвечаны пытанням літаратуры, мовы, гісторыі і культуры Беларусі, а таксама ўсходнеславянскай філалогіі. Выдаецца Беластоцкім універсітэтам з 2009 года. Выходзіць адзін раз на год.
Тэматыка і змест Галоўнай мэтай часопіса з’яўляецца стварэнне платформы для абмену вопытам паміж спецыялістамі з розных навуковых галін і форуму для міжнароднай дыскусіі адносна актуальных тэндэнцый у межах усходнеславянскай філалогіі. Асаблівая ўвага ў выданні надаецца беларусістыцы, літаратурнай і літаратурна-культурнай кампаратывістыцы, параўнальным моўным даследаванням, а таксама актуалізацыі гістарычных і сучасных поглядаў на праблемы ўсходнеславянскай філалогіі.
На старонках штогодніка публікуюцца артыкулы вядомых славістаў з айчынных і замежных акадэмічных цэнтраў па тэорыі літаратуры і літаратурнай крытыцы, тэарэтычным і прыкладным мовазнаўстве, культуралогіі, гісторыі, а таксама працы міждысцыплінарнага характару. Акрамя навуковых артыкулаў, часопіс змяшчае змястоўныя, палемічныя і ацэначныя рэцэнзіі, інфармацыю пра кнігі і справаздачы з навуковых сесій і канферэнцый.
Для садзейнічання папулярызацыі ведаў у міжнароднай супольнасці публікацыі выходзяць на сямі мовах: польскай, беларускай, ўкраінскай, а таксама на кангрэсавых мовах — англійскай, французскай, нямецкай і рускай.
Часопіс уключаны ў спіс рэцэнзуемых навуковых выданняў Міністэрства адукацыі і навукі Польшчы (20 пунктаў). Выдаецца ў папяровым выглядзе тыражом 110 асобнікаў.
Рэдакцыя і навуковая рада Галоўным рэдактарам часопіса з’яўляецца прафесар Галіна Тварановіч.
У склад навуковай рады ўваходзяць прадстаўнікі шэрагу еўрапейскіх акадэмічных цэнтраў: Герман Бідэр (Зальцбург), Лілія Цытко (Беласток), Вольга Ляшчынская (Гомель), Юрый Лабынцаў (Масква), Валянцін Пілат (Ольштын), Людміла Сінькова (Мінск), Беата Сівек (Люблін), Ванда Супа (Беласток) і Валянціна Швайко (Брэст).
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Навуковыя часопісы Польшчы Катэгорыя:Часопісы Беластока Катэгорыя:Беластоцкі ўніверсітэт Катэгорыя:Беларусазнаўства ў Польшчы Катэгорыя:Часопісы Польшчы на польскай мове Катэгорыя:Часопісы Польшчы на беларускай мове Катэгорыя:Штогоднікі