Дарота Ірэна Міхалюк (; ) — польская навукоўца-гісторык, прафесарка гуманітарных навук. Спецыялізуецца на палітычнай і сацыяльнай гісторыі Еўропы (пераважна Беларусі і Літвы ў XIX—XX стагоддзях), а таксама на гісторыі Падляшша ў ранні Новы час.
Біяграфія Скончыла магістратуру па спецыяльнасці «Гісторыя» ў філіяле Варшаўскага ўніверсітэта ў Беластоку. Па сканчэнні магістратуры працавала ў Асяродку вайсковай гісторыі пры Музеі войска ў Беластоку.
У 1999 годзе на факультэце гістарычных навук Універсітэта Мікалая Каперніка (УМК) у Торуні абараніла доктарскую дысертацыю на тэму «Ziemia mielnicka województwa podlaskiego w XVI—XVII wieku. Kształtowanie się terytorium i własność ziemska» (Мельніцкая зямля Падляшскага ваяводства ў XVI—XVII стагоддзях. Фарміраванне тэрыторыі і зямельная ўласнасць), падрыхтаваную пад кіраўніцтвам прафесара Станіслава Александровіча.
З 1999 года працуе ва Універсітэце Мікалая Каперніка ў Торуні, спачатку супрацоўніцай Інстытута гісторыі і архіўнай справы, пазней Інстытута міжнародных адносін (які стаў часткай факультэта паліталогіі і міжнародных даследаванняў), з восені 2019 года зноў супрацоўніца Інстытута гісторыі і архіўнай справы на факультэце гістарычных навук УМК.
У 2011 годзе атрымала навуковую ступень доктара хабілітаванага гуманітарных навук у галіне гісторыі Польшчы і краін Усходняй Еўропы Новага і Найноўшага часу на грунце манаграфіі «Białoruska Republika Ludowa. U podstaw białoruskiej państwowości 1918‒1920» (Беларуская Народная Рэспубліка. У вытокаў беларускай дзяржаўнасці 1918—1920).
25 ліпеня 2024 года Прэзідэнт Польшчы падпісаў пастанову пра наданне Дароце Міхалюк вучонага звання прафесара гуманітарных навук (афіцыйна апублікавана 22 жніўня 2024 года).
Навуковая дзейнасць Навуковыя інтарэсы Дароты Міхалюк ахопліваюць працэсы нацыянальных пераўтварэнняў, фармаванне дзяржаўнасці ў XX стагоддзі, гісторыю дыпламатыі і сацыяльныя аспекты войнаў. Даследуе гісторыю і сучасныя праблемы польска-беларускага і польска-літоўскага памежжа.
Аўтарка кніг пра прасторавае развіццё і лакацыю падляшскіх гарадоў, такіх як Бельск-Падляшскі, Нараў, Нараўка і Мельнік. У суаўтарстве з Томашам Блашчакам і Ірынай Мацяш напісала біяграфію Івана Краскоўскага.
Важнейшая навуковая праца — манаграфія пра Беларускую Народную Рэспубліку (выдадзена ў 2010 годзе на польскай мове, у 2015 годзе — на беларускай). У гэтай працы аўтарка падрабязна аналізуе дзейнасць урадаў БНР ва ўмовах нямецкай акупацыі, канцэпцыю дзяржаўных меж і нацыянальную сімволіку. Навуковы рэцэнзент Эдмундас Гімжаўскас адзначаў энцыклапедычны характар кнігі, але адначасова крытыкаваў яе за «беларускацэнтрызм» і недастатковую ўвагу да літоўскай тэрытарыяльнай праграмы.
У верасні 2024 года падчас XXI Усеагульнага з’езда польскіх гісторыкаў у Беластоку Дарота Міхалюк прадставіла даклад «Біяграфістыка ў беларускай гістарыяграфіі пасля 1991 г.».
Грамадская дзейнасць Дарота Міхалюк актыўна ўдзельнічае ў працы навуковых арганізацый і рэдакцыйных калегій:
З 2013 года — сяброўка журы конкурсу ў дысцыпліне «Гісторыя» Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі. Сяброўка Навуковай рады Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане. Міжнародны эксперт па запыце Навуковай рады Літвы. Сяброўка рэдакцыйных калегій часопісаў «Białoruskie Zeszyty Historyczne» (была намесніцай галоўнага рэдактара), «Беларускі гістарычны агляд» і ўкраінскага выдання «Міжнародні звязки України: наукові пошуки і знахідки». З 2015 года — кіраўніца штогадовай міжнароднай навуковай канферэнцыі ў Музеі земляробства імя кс. Кшыштафа Клюка ў Цеханаўцы.
Сяброўка Польскага гістарычнага таварыства, Беларускага гістарычнага таварыства (Польшча), Навуковага таварыства ў Торуні і Навуковага таварыства гісторыі дыпламатыі і міжнародных адносін (Украіна).
Цэнзура ў Беларусі 29 снежня 2025 года Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь унесла манаграфію Дароты Міхалюк «Беларуская Народная Рэспубліка 1918—1920: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці» ў спіс выданняў, распаўсюджванне якіх «здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». Кніга забаронена да распаўсюджвання ў Беларусі.
25 сакавіка 2026 года Дарота Міхалюк прыняла ўдзел у дэбатах «Ці можна забараніць мінулае?», якія адбыліся ў Еўрапейскім цэнтры «Салідарнасці» ў Гданьску ў межах святкавання Дня Волі. Дыскусія была прысвечана менавіта ўнясенню яе кнігі ў спіс забароненай літаратуры ў Беларусі.
Прызнанне Стыпендыя Фонду Лянцкаронскіх. Стыпендыя Оксфардскага ўніверсітэта. Стыпендыя Фонду польскай навукі. Стыпендыя Баварскай дзяржаўнай канцылярыі. Неаднаразовыя ўзнагароды рэктара УМК за навуковую дзейнасць.
Крыніцы
Катэгорыя:Гісторыкі Польшчы