Тэрэза Райт (, — ) — амерыканская актрыса, уладальніца прэміі «Оскар» (1943).
Біяграфія Мюрыел Тэрэза Райт нарадзілася ў нью-ёркскім раёне Манхэтэн у сям’і страхавога агента Артура Райта і яго жонкі Марты. Акцёрскім мастацтвам зацікавілася падчас навучання ў Калумбійскай вышэйшай школе ў штаце Нью-Джэрсі, куды яна пераехала з сям’ёй. Пасля заканчэння школы Тэрэза Райт вярнулася ў Нью-Ёрк, дзе хутка знайшла сабе працу, уладкаваўшыся ў тэатр як дублёр на ролю Эмілі ў пастаноўцы Торнтана Уайлдэра «Наш гарадок». Пасля таго як выканаўца гэтай ролі Марта Скот пераехала ў Лос-Анджэлес, для здымак у экранізацыі гэтай п’есы, Тэрэза Райт стала галоўнай выканаўцай.
У 1939 годзе яна з’явілася ў п’есе «Жыццё з бацькам» у ролі Мэры Скінер, якую грала ў наступныя два гады. Там яе заўважыў адзін з галівудскіх агентаў і запрасіў на ролю дачкі Бэці Дэйвіс у экранізацыі п’есы Ліліян Хелман «Маленькія лісічкі». Гэта першая роля прынесла ёй намінацыю на прэмію «Оскар» у 1942 годзе як «найлепшай актрысе другога плану». У наступным годзе актрыса зноў намінавалася на «Оскар», прычым двойчы. На гэты раз як лепшая актрыса за ролю ў фільме «Гонар янкі», у якім яна здымалася разам з Гэры Куперам, і як лепшая актрыса другога плана за ролю ў фільме «Місіс Мінівер», за якую яна і атрымала ўзнагароду Амерыканскай кінаакадэміі.
У 1943 годзе Тэрэза Райт знялася ў фільме Альфрэда Хічкака «Цень сумневу», дзе сыграла юную Чарлі. Іншымі характарнымі фільмамі з яе ўдзелам у той час сталі «Найлепшыя гады нашага жыцця» (1946) і «Мужчыны» (1950), дзе ў галоўнай ролі здымаўся Марлан Бранда.
Пасля 1959 года Тэрэза Райт працавала ў асноўным на тэлебачанні і ў тэатры. Яна двойчы намінавалася на «Эмі» ў 1957 і 1960 годзе за ролі ў тэлевізійных фільмах. У 1975 годзе актрыса з’явілася на Брадвеі ў пастаноўцы «Смерць каміваяжора», а ў 1980 годзе ў п’есе «А сёмай раніцы», за ролю ў якім яна атрымала прэмію «Драма Дэск».
Яе апошнія з’яўленні ў кіно былі ў фільмах «Дзесьці ў часе» (1980) і «Дабрадзейнасць» (1997), рэжысёрам якога быў Фрэнсіс Форд Копала.
Тэрэза Райт мае дзве зоркі на Галівудскай алеі славы: за ўклад у кінамастацтва на Вайн-стрыт і за працу на тэлебачанні на Галівуд-бульвар.
Катэгорыя:Актрысы ЗША