Акуліна Андрэеўна Барадуліна ( — , Ушачы) — маці народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, якая аказала вялікі ўплыў на фармаванне яго творчай індывідуальнасці і была галоўным персанажам яго паэзіі на працягу ўсяго творчага шляху.

Жыла на хутары Верасоўка (афіцыйная назва якога на той час была «Гарадок ІІ Востраў-Сарочынскага сельсавету») ва Ушацкім раёне (пазней вёска Гарадок, якая ўжо стала часткай Ушачаў), была замужам за Іванам Барадуліным. Імя на мясцовай гаворцы часцей вымаўлялася як «Куліна». У 1937 годзе хутар быў ліквідаваны, і сям’ю будучага паэта перасялілі ў недалёкія Ўшачы. Дзед паэта па мамінай лініі, Андрэй Гальвіньш, быў этнічным латышом. Іван Барадулін загінуў у 1944 годзе падчас Другой сусветнай вайны, і Куліне давялося самастойна ставіць на ногі сына. «Абшывала як не ўсю Вушачу, а сама была плюшаўцы рада», як ён успамінаў пазней. Мела глыбокія інтуітыўныя фальклорныя веды, ведала і з задавальненнем спявала традыцыйныя народныя песні, адзначалася тонкім адчуваннем мясцовага варыянту беларускай мовы — і натуральным чынам перадала ўсё гэта сыну Рыгору, які з 1954 году вучыўся ў Мінску, прыязджаючы дадому на канікулах, і часта лістуючыся з маці. Выбраная частка гэтага ліставання, якое працягвалася да самай смерці маці ў 1971 годзе, пазней склала аснову для выдадзенай у 2009 кнігі «Паслаў бы табе душу»Паслаў бы табе душу…: ліставанне Рыгора Барадуліна з мамай (1954―1971) / [укладанне Н. Давыдзенкі, С. Шапрана. — Мінск : Лімарыус, 2009. — 275 с., л .. Багацце вуснай народна-паэтычнай творчасці, вялікая колькасць архаізмаў, фразеалагізмаў, засвоеных паэтам з дзяцінства, стала выдатнай, беспрэцэдэнтнай у беларускай літаратуры XX стагоддзя асновай яго творчай індывідуальнасці.

Пазней ва ўспамінах паэт пісаў: Пра маму можна гаварыць доўга. Мама мая была выключным чалавекам, карэннай крывічанкай. Дзякуючы ёй я вырас натуральным беларусам. Яна выдатна ведала беларускія песьні, казкі і нашу крывіцкую, вушацкую мову. Мама дала мне і жыцьцё, і лёс. Як і кожны чалавек, я не ўяўляю сябе бяз мамы. Калі б не яна, нічога зь мяне не атрымалася б… Мае ўспаміны: на хутары заходзіць сонца, а мама расказвае нейкую страшную казку, і мне неяк жудасна і трывожна. І, зразумела, першыя ўспаміны — гэта маміны вочы, маміны словы, мамін голасРыгор Барадулін хацеў, каб яго пахавалі побач з маці //

Радыё Свабода 03 сакавіка 2014 . А ў іншым месцы: Усё ідзе ад маці. Мая мама, паўтаруся, была самым вялікім філолагам. Ва ўсялякім разе для мяне. Дзякуючы маме і беларускай мове я нешта напісаў і, можа, яшчэ нешта напішу. Канешне, можна пісаць і на вывучанай мове, але гэта будзе ўжо сурагат. На вывучанай мове можна пісаць дэтэктывы, эротыку, а глыбінную паэзію, глыбінную прозу трэба пісаць толькі на роднай мове, матчынайТры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным / Сяргей Шапран — Мінск: Логвінаў, 2011. — с. 74-75..

Вобраз маці ў творчасці Рыгора Барадуліна, асабліва часта сустракаецца ў наступных кнігах: «Вечалле» (1980), «Трэба дома бываць часцей» (1993), «Евангелле ад Мамы» (1995), «Сама пайду дарогаю, голас пашлю дуброваю: Песні матчыны з Вушаччыны» (2005), «Навошта» (2009), але і ў многіх іншых. На падставе кнігі «Песні матчыны з Вушаччыны» фальклорны гурт «Варган» у 2017 годзе запісаў аднайменны кампакт-дыск, у які ўвайшлі абрадавыя песні, напеўкі, смяшынкі-казытушкі: шчымлівыя і гуллівыя, дасціпныя і каларытныя, сціплыя і скаромныя, — запісаныя Рагорам Барадуліным ад Акуліны Андрэеўны, і выкананыя ў аўтэнтычнай манеры«Песні матчыны з Вушаччыны» // Varhan Folk Group І Фальклорны гурт (youtube.com). Захавалася некалькі запісаў спеваў самой Акуліны Андрэеўны, зробленых Сяргеем Панізнікам у 1969 годзе, напрыклад, «Рада, рада шэра перапёлка»Рада, рада шэра перапёлка // belarusmusic.com і «Добра мне»Akulina Baradulina — I’m good // folkcloud.com . Светлае памяці мамы Куліны Барадулін ахвяраваў свой, але фактычна найперш мамін «Вушацкі словазбор» (2013) — які пачаў запісваць ад маці, часткова ад землякоў яшчэ ў 7-м класе школыСяргей Шапран. Рыгор Барадулін: «Вушацкі словазбор» я пачаў збіраць яшчэ ў сёмым класе // Новы Час 16.11.2013.

Пасля смерці мамы Рыгор Барадулін заўжды імкнуўся захаваць повязь з роднай зямлёй, збудаваў цагляную хату на месцы старой мамінай, дзе гадаваўся, хоць часта бываць там яму і не даводзілася. Паводле тэстаменту паэта, ён пахаваны побач з маці на старых ушацкіх могілках, на выездзе з Ушачаў у бок Докшыцаў. Гэтае сямейнае пахаванне зрабілася своеасаблівым народным мемарыялам. У лістападзе 2015-га на магіле паэта быў усталяваны памятны камень — валун вагой 2,5 тоны, які даставілі сюды верталётам МНСМогила Рыгора Бородулина в Ушачах // Планета Беларусь.

Крыніцы