«Смаргонскія найгрышы» — гэта традыцыйная народная музыка Смаргоншчыны, якая ўвабрала ў сябе характэрныя рысы музычнага фальклору Гродзенскага Панямоння. Яна ўключае вясельныя маршы, полькі, вальсы, а таксама мелодыі розных танцаў і песень. Характэрныя для інструментальнай музыкі Смаргоншчыны рытмічныя асаблівасці бяруць пачатак з XVII стагоддзя.

Гісторыя Свой пачатак традыцыя бярэ ў XVII стагоддзі на тэрыторыі сучаснага Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці. На працягу XX стагоддзя «Смаргонскія найгрышы» нязменна суправаджалі вольны час мясцовых сялян: іх выконвалі на вяселлях і танцах у вясковых хатах.

Выканаўцамі былі пераважна музыкі-самавучкі, якія з лёгкасцю пераходзілі з адной мелодыі на другую. Свой музыкант-саліст або ансамбль музыкаў быў амаль у кожнай вёсцы. Такія ансамблі ў рэгіёне называліся капэлямі і з’яўляюцца якасным прыкладам феномена «траістай музыкі» мясцовай інструментальнай культуры.

На тэрыторыі Смаргонскага раёна народная інструментальная музыка актыўна развівалася напачатку ХХ стагоддзя, дасягнула сапраўднага росквіту ў 1940-х — 1960-х гадах і працягвала заставацца жывой з’явай да пачатку 1990-х, калі існавала мноства разнастайных ансамбляў народных музыкаў. У раёне захавалася шмат імёнаў выбітных народных музыкантаў. Яркім прадстаўніком мясцовай традыцыі быў Уладзіслаў Іванавіч Будзько (1919—2016 гг.) — унікальны музыка-самавучка, які большую частку жыцця граў са сваёй капэлай танцы і вяселлі па ўсёй акрузе. У 1990-я гады яго выканальніцкае майстэрства «з рукі на руку» пераняў мультыінструменталіст Чэслаў Альфонсавіч Жых, які арганізаваў сямейную музычную капэлу і стаў заснавальнікам дзіцячага калектыву «Гулянок» з вучняў школы мастацтваў.

Апісанне Музычна-інструментальная традыцыя Смаргонскага раена – ўзор рэпрэзентацыі музычна-інструментальнай выканальніцкай сістэмы фальклору Гродзенскага Панямоння з тыповымі стылістычна-жанравымі (траіста музыка як выканальніцкі стыль, абрадавасць і танцавальнасць як функцыянальнасць музыкі) і марфалагічнымі (саліруючыя (скрыпка), гарманізуючыя (гармонік, акардыѐн ці дуда), рытмізуючыя (бубен з калатушкай ці барабан) інструменты) характарыстыкамі. Народная музыка гісторыка-этнаграфічнага рэгіѐна фарміравалася ва ўзаемадзеянні з культурнымі плынямі суседніх рэгіѐнаў і пад уплывам гістарычных падзей XX ст. Элемент складаецца з комплекса ўменняў і навыкаў ансамблевага выканальніцтва ў складзе капэлы традыцыйнай траістай музыкі (падбор музычнай партыі па слыху, дакладнае пачуццѐ рытму, свабоднае валоданне інструментам і музычнай імправізацыяй і інш.), музычна характэрнага мясцовага рэпертуару танцавальнай і абрадавай (вясельнай) музыкі, практыкі музычна-інструментальнага выканальніцтва ў мясцовай супольнасці.

«Смаргонскія найгрышы» ўключаюць цыкл вясельных маршаў, разнастайныя полькі, вальсы, мелодыі розных бытавых танцаў і некаторых песень. Для музычнага рэпертуару інструментальнай традыцыі Смаргонскага раёна характэрны:

песенны склад мелодый; паўторнасць і квартавыя хады ў невялікім дыяпазоне гучання; просты рытмічны малюнак; выкарыстанне пераменлівасці ладу (у асноўным з мінору ў мажор); разнастайнасць тэмпавых малюнкаў; валоданне свабоднай імправізацыяй; «бясконцае» паўтарэнне прыпева і запева, што стварае адчуванне пастаяннага руху па крузе і ўражанне бясконцага кругавароту мелодыі.

У адрозненні ад Магілёўскіх ці Віцебскіх, «Смаргонскія найгрышы» вылучаюцца меладычнасцю і экспрэсіўнасцю. Галоўнымі асаблівасцямі з’яўляюцца іх абрадавасць, танцавальнасць і непасрэднае перайманне традыцыі ад пакалення да пакалення. Самымі любімымі і часта выконваемымі найгрышамі ў Смаргонскім раёне з’яўляюцца: марш «Вясельны», вальс «Вішанька», полька «Шабасоўка», танцы «Ліцвін» і «Нарэчанька». Выбітнымі прадстаўнікамі мясцовай музычнай традыцыі з’яўляюцца Уладзіслаў Будзько, Чэслаў Жых, Пётр Драгун, Іосіф Тумаш, Іван Буйноўскі, Станіслаў Гоіч, а таксама члены «Кушлянскай капэлы» Браніслаў Дзебесь, Генрых Бернат і Сцяпан Піменаў.

Сёння «Смаргонскія найгрышы» складаюць архіў аўдыязапісаў. Частка гэтага архіву знаходзіцца ў працэсе вывучэння і расшыфроўкі, а другая частка актыўна выкарыстоўваецца беларускімі этнамузыколагамі і фальклорнымі калектывамі.

Захаванне і наданне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці Мелодыі вясковых варыяцый Смаргоншчыны гучаць на вясельных цырымоніях і сямейных святах, на народных і дзяржаўных святкаваннях. Напрыклад, 9 Мая і 3 ліпеня падчас святочных мерапрыемстваў у гарадскім парку на адкрытай пляцоўцы мясцовыя жыхары, сярод якіх большасць складае моладзь, у натуральным асяроддзі танцуюць пад мясцовыя найгрышы. Падобныя пляцоўкі арганізоўваюцца на фестывалі «Кераміка Крэва», святкаванні Масленіцы, Дажынак, а таксама на музычна-танцавальных вечарынах «Скокі ва ўсе бокі», свяце бытавых танцаў «Жодзішкаўскі кагарод», фестывалях фальклорнага мастацтва «Берагіня» і «Ветразь». Выступленні носьбітаў традыцыі неад’емна ўваходзяць у канцэртныя праграмы раённых святаў, а таксама ў шматлікія рэгіянальныя, рэспубліканскія і міжнародныя конкурсы і фестывалі. Традыцыя перадаецца непасрэдна ад дасведчаных музыкаў да маладых. Пераемнікі і вучні не толькі ўдзельнічаюць у складзе аматарскіх калектываў, але і самастойна граюць на святах для сваіх сваякоў, сяброў і знаёмых. Захаванне традыцыйнай музыкі вітаецца жыхарамі Смаргоншчыны, якія ведаюць мясцовую музычна-інструментальную традыцыю і жадаюць яе працягу.

Прапановуа па ўключэнні элемента рыхтаваў з 2018 г рыхтавалася дзяржаўнай установай культуры «Смаргонскі раённы цэнтр культуры» пры дапамозе спецыялістаў Смаргонскай дзіцячай школы мастацтваў імя М. К. Агінскага і Жодзішкаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу. Архіўныя фотаздымкі і ўспаміны прадаставілі Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей і рэдакцыя газеты «Светлы шлях».

15 снежня 2021 года Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны падтрымала прапанову аб неабходнасці надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці элементу «Музычна-інструментальныя традыцыі (Смаргонскія найгрышы)», які бытуе на тэрыторыі Смаргонскага раёна.

“Смаргонскія найгрышы” – гэта не толькі першы аб’ект нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Смаргонскага раена, але і наогул, першы выпадак уключэння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь народнай інструментальнай музыкі.

У Смаргонскім раёне распрацавана і зацверджана праграма захавання элемента НКС «Смаргонскія найгрышы» на 2021—2025 гг., у якой прапісаны меры для захавання, распаўсюджвання і папулярызацыі музычных традыцый. Дадзеная праграма з’яўляецца міжведамаснай. У рэалізацыі мер па захаванню, распаўсюджанню і развіцці прымаюць удзел:

Смаргонскі раённы выканаўчы камітэт,

ДУК «Смаргонская дзіцячая школа мастацтваў імя М. К. Агінскага»,

ДУК «Смаргонскі раённы цэнтр культуры»,

аддзел культуры Смаргонскага райвыканкама,

аддзел спорту і турызму Смаргонскага райвыканкама,

аддзел ЗАГС Смаргонскага райвыканкама,

упраўленне адукацыі Смаргонскага райвыканкама,

УК «Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей»,

мясцовыя СМІ.

Установа культуры «Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей» з мэтай захавання, развіцця і папулярызацыі элемента нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны «Смаргонскія найгрышы» пачаў працу над стварэннем адметнай экспазіцыйна-выставачнай прасторы ў музеі. У 2022 г. пастаянная экспазіцыя музея «Дарогай сустрэч» пачала дапаўняцца народнымі музычнымі інструментамі. Чацвёртая зала экспазіцыі была дапоўнена скрыпкай самадзейнага музыканта Івана Буйноўскага.

Дзякуючы набыццю статусу, 18 чэрвеня 2022 года на базе музея-сядзібы Францішка Багушэвіча ў Кушлянах упершыню быў арганізаваны фестываль інструментальнай народнай музыкі. Ён праводзіцца на Смаргоншчыне адзін раз у два гады з мэтай захавання, развіцця і папулярызацыі традыцыйнай музычна-інструментальнай культуры. Мерапрыемства садзейнічае вяртанню жывой атмасферы свята, прыгожай камунікацыі праз музыку і танец, а таксама аднаўленню культуры беларускага традыцыйнага адпачынку. Акрамя таго, «Смаргонскія найгрышы» ўдзельнічаюць у абласным фестывалі традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны».

24 сакавіка 2023 года ў рамках выканання праграмы захавання элемента нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны “Музычнаінструментальная традыцыя Смаргонскага раёна” ў гісторыкакраязнаўчым музеі Смаргоні адбылося адкрыцце выставы прысвечанай элементу. На выставе прадстаўлены архіўныя фотаздымкі, музычныя інструменты, аўдыязапісы носьбітаў розных пакаленняў, атрыманыя падчас сумесных этнаграфічных экспедыцый спецыялістаў ДУК “Смаргонскі раённы цэнтр культуры” і УК “Смаргонскі гісторыкакраязнаўчы музей”. Наведвальнікі выставы змаглі пазнаеміцца з калектывамі-носьбітамі элемента: узорным ансамблем народнай музыкі “Гулянок”, узорным фальклорным гуртам “Нальшчаначка”, калектывам інструментальнай музыкі “Кушлянская капэла”, які дзейнічае на базе Смаргонскага раённага цэнтра культуры. У выкананні дадзеных калектываў прагучалі новыя найгрышы, расшыфраваныя і засвоеныя ў 2022 годзе. Таксама была магчымасць пазнаёміцца з нашчадкамі тых самабытных музыкаў, дзякуючы якім і захаваўся ўнікальны элемент выканальніцкага мастацтва регіёна.

Крыніцы

Катэгорыя:Культура Смаргонскага раёна