Іва́н Пятро́віч Тру́тнеў (; ) — расійскі жывапісец і педагог. Заснавальнік і загадчык Віленскай рысавальнай школы, якая значна паўплывала на развіццё мастацтва ў Беларусі і Літве. Творчая спадчына звязана з Беларуссю.

Біяграфія

Раннія гады

Нарадзіўся ў сям’і селяніна Калужскай губерні. У 1845 годзе паступіў у мастацкую школу графа Строганава ў Маскве. Скончыў яе ў 1849 годзе з атэстатам настаўніка малявання. У 1851–1858 гадах працягнуў навучанне ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў у студыі батальнага жанру ў прафесара Багдана Вілевальдэ. У 1852–1854 гадах на выстаўках студэнцкіх прац карціны «Хворы салдат і французы ля агню», «Гульня ў шкарпэткі», «Гульня ў жмуркі» (куплена Мікалаем I, 1854) узнагароджваліся срэбнымі і залатымі медалямі. За працу «Селянін бласлаўляе свайго сына ў апалчэнне» ў 1855 годзе атрымаў залаты медаль. Карціну, якая мела характар не столькі гісторыка-батальнага жанру, але бытавой сцэны, набыў вядомы прадпрымальнік Васіль Кокараў. У час заканчэння курсу акадэміі, Трутнеў напісаў «Хрэсны ход у вёсцы» (1858). Работа была ўзнагароджана вялікім залатым медалём, які даваў права на працягу шасці гадоў на сродкі акадэміі ўдасканальваць мастацкія ўменні за мяжой. Да ад’езду за мяжу выконваў даручэнні знакамітага калекцыянера Паўла Траццякова. 1860–1865 гады правёў у падарожжах Еўропай, наведаўш Вену, Парыж, Дрэздэн, Антверпен.

У 1868 годзе атрымаў званне акадэміка Імператарскай акадэміі мастацтваў.

Вільня

У 1866 годзе пачаў працаваць настаўнікам малявання і каліграфіі ў Віцебскай мужчынскай гімназіі. У тым жа годзе атрымаў запрашэнне папячыцеля Віленскай навучальнай акругі Івана Карнілава арганізаваць у Вільні школу малявання, каб «мясцовае мастацтва» «адлілося ў рускія формы», пагатоў, што, паводле слоў Аляксандра Мілавідава, у краі не было «ніводнай рускай мастацкай майстэрні, нельга было знайсці жывапісца для ікон, іканастаса і насценнага роспісу праваслаўных цэркваў». З 1866 года Трутнеў выкладаў у Вільні чыстапісанне, маляванне і чарчэнне ў прагімназіі, рэальным вучылішчы, гімназіі, на бясплатных класах тэхнічнага малявання і чарчэння для рамеснікаў, кіраваў школай малявання.

Творчая дзейнасць Трутнеў быў пастаянным удзельнікам выставак, якія арганізоўвалі мастакі-перасоўнікі і пецярбургская Акадэміяй мастацтваў. У 1868 годзе за карціны, напісаныя ў Вільні, рада Акадэміі мастацтваў надало яму званне акадэміка. У Вільні пісаў віды горада і ваколіц, жанравыя палотны на мясцовыя тэмы «Літоўская карчма», «Таўкучы рынак у Вільні», «Казіміраўскі кірмаш», «Плытагоны на рацэ Віліі», «Гвалт» (1905), сцэны яўрэйскага жыцця «Напярэдадні шабашу», «Падвальныя трушчобы», «Яўрэі ў сінагозе», карціны царкоўна-гістарычнага зместу («Святога віленскага пакутніка Антонія вядуць на пакаранне») і афіцыёзныя сцэны («Візіт Аляксандра II у Музей старажытнасцей у Вільні»), афіцыйныя акадэмічныя партрэты найвышэйшых чыноўнікаў — папячыцеля Віленскай навучальнай акругі Мікалая Сергіеўскага, віленскага генерал-губернатара Віталь Троцкага, заступніка праваслаўя ў Вялікім Княстве Літоўскім князя Канстанціна Астрожскага, мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашкі), партрэты блізкіх яму людзей. Значная спадчына графічных работ («Хурман», «Багамольцы Кальварыі»). Трутнеў сумесна з Васілём Гразновым і акадэмікам Мацвеем Чыжовым распрацаваў праект помніка Міхаілу Мураўёву ў Вільні, закладзенага ў 1897 годзе.

Іканапіс Асобная вобласць творчасці Трутнева — іконы для цэркваў гарадоў заходніх губерняў Коўні, Мінска, Гродні, Чарнігава, Хэлма (3 іканастасы), Любліна (2 іканастасы), у варшаўскай турме. За бясплатнае распісванне іканастаса для варшаўскай турэмнай царквы ў 1877 годзе ўзнагароджаны ордэнам Святой Ганны 2-й ступені. У 1891 годзе перадаў ікону Гаўрыіла Беластоцкага ў Слуцкі Свята-Троіцкага манастыр. Некалькі ікон і іканастасаў работы Трутнева былі ў віленскай царкве Свята-Духава манастыра, капліцах 1-й гімназіі, жаночага Марыінскага вучылішча, у царкве Лукішскай турмы (будавалася ў 1901–1904). Буйная работа Трутнева — 73 іконы ў пяціярусным іканастасе (Святая Еўфрасіння Полацкая, Святы Аляксандр Неўскі і іншыя святыя, якія мелі дачыненне да праваслаўнай традыцыі зямель былога Вялікага Княства Літоўскага) віленскага Прэчысценскага сабора (старастам якога ён быў больш за дваццаць гадоў).

Віленская школа малявання Галоўнай заслугай Трутнева ўважаецца заснаваная ім школа, якой ён і кіраваў. Яна стала асноўнай мастацкай навучальнай установай Беларусі і Літвы другой паловы XIX — пачатку XX стст. і наноў пасля перапынку ў тры дзесяцігоддзі, якія прайшлі па ліквідацыі Віленскага ўніверсітэта ў 1832 годзе, дала пачатак прафесійнаму мастацкаму навучанню ў краі. У школу прымалі без увагі на нацыянальнасць, саслоўе і веравызнанне; атмасфера ў школе мела дэмакратычны характар. Колькасць вучняў пастаянна расла: у 1866 годзе — 100, у 1867-м — да 110, у 1868-м — 130. Паводле падлікаў Аляксандра Мілавідава, за 41 год яе наведвалі больш за 4000 чалавек, да 1912 года поўны курс скончылі 193 чалавек, з іх больш за 50 паступіла ў пецярбургскую Акадэмію мастацтваў, іншыя — у вышэйшую школу тэхнічнага малявання барона Шцігліца, у маскоўскае Строганаўскае вучылішча, у акадэміі берлінскую, мюнхенскую, парыжскую.

Разам з Трутневым у школе выкладалі Васіль Гразноў, Юзаф Балзукевіч, Тадас Даўгірдас, Станіслаў Яроцкі, Іван Рыбакоў, Сяргей Южанін, Мікалай Сяргееў-Корабаў; некаторыя з яго калег самі былі вучнямі школы.

Пачатковую падрыхтоўку ў школе атрымалі мастакі (жывапісцы, графікі, скульптары, майстры мастацкай фатаграфіі) розных стыляў і творчых арыентацый, якія пакінулі заўважны след у гісторыі мастацтва Беларусі, Бразіліі, Літвы, Польшчы, Францыі — Баляслаў Балзукевіч, Юзаф Балзукевіч, Канстанцін Гурскі, Уладас Дыджокас, Антанас Жмуйдзінавічус, Юозас Зікарас, Вітаўтас Кайрукшціс, Жак Ліпшыц, Лазар Сегал, Хаім Суцін, Станіслаў Флеры, Браніслаў Ямант, Язэп Драздовіч, Рафал Яхімовіч, Людамір Слендзінскі і многія іншыя.

За арганізацыю і кіраванне школай у 1881 годзе Трутнеў быў абраны ганаровым вольным супольнікам Акадэміі мастацтваў.

Грамадская дзейнасць Акрамя творчасці і педагагічнай дзейнасці Трутнеў актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці. Быў адным з арганізатараў і сябраў праўлення віленскага Мастацкага гуртка, заснаванага ў 1901 годзе, ладзіў выстаўкі работ сваіх вучняў «без усялякай увагі на веру і народнасць», быў сябрам дабрачыннага таварыства «Добраахвотная капейка», Таварыства рупліўцаў рускай гістарычнай асветы ў памяць імператара Аляксандра III.

За доблесную службу Трутнеў узнагароджаны ордэнамі Святога Уладзіміра 2-й, 3-й, 4-й ступеняў, Святой Ганны 2-й і 3-й, Святога Станіслава 2-й і 3-й ступені, у 1881 годзе атрымаў чын калежскага саветніка, у 1884-м — стацкага саветніка, у 1908-м — правадзейнага стацкага саветніка.

Апошнія гады

У апошнія гады жыцця праз слабае здароўе і благі зрок не пісаў. Памёр 5 (17) лютага 1912 года на 85-м годзе жыцця і пахаваны на віленскіх Ефрасіннеўскіх могілках.

Творчасць

Працаваў у жанрах гістарычнага і бытавога партрэта, пейзажа. Многія працы прысвечаны побыту беларускіх і літоўскіх сялян. Творы вызначаюцца рэалістычнасцю і крытычным падыходам да адлюстравання рэчаіснасці.

Выканаў замалёўкі шэрагу будынкаў Полацка, Віцебска, Мсціслава і іншых гарадоў і мястэчак, Ільінскай царквы ў Віцебску (змешчана ў кнізе Пампея Бацюшкава «Беларусь і Літва», 1890).

Сярод жывапісных твораў: «Блаславенне сына ў апалчэнне» (1855), «Хрэсны ход на вадохрышча ў вёсцы» (1857), «Народная школа», «Партрэтная ў Антверпене» (1868), «Літоўская пагранічная карчма» (1889), «Віленскія пакутнікі Антоній і Іаан» (1880-я гг.), «Сляпы кабзар», «На раку з бялізнай», «Рэвалюцыя 1905 года ў Вільні» і інш.

Аўтар шэрагу партрэтаў (аўтапартрэт, партрэт М. Марцюшавай (1901), абразоў, пейзажаў («Ручай», пач. XX ст.), а таксама акварэлей, у якіх увасобіў гістарычныя помнікі і памятныя мясціны на Беларусі і Літве, праз што часам уважаецца за беларускага мастака.

Крыніцы

Літаратура

St. Budrys, V. Budrienė. Piešimo mokykla Vilniuje 1866—1915 metais // Iš lietuvių kultūros istorijos. Т. II, Vilnius: 1959. P. 333—337. Jolanta Širkaitė. Nepažįstamas Trutnevas // Krantai. 1995. Nr. 70—72. P. 16—23. Йоланта Ширкайте. О художнике Иване Трутневе // Вильнюс. 1997. № 4—5 (155—156), с. 156—168.

Спасылкі