Сярге́й Сярге́евіч Спа́рыш (нар. , Мінск) — беларускі грамадскі і палітычны актывіст, адзін з лідараў партыі «Народная Грамада». Палітычны зняволены рэжыму Лукашэнкі, асуджаны па шэрагу крымінальных артыкулаў да 6 гадоў пазбаўлення волі. У верасні 2025 года памілаваны і прымусова дэпартаваны з Беларусі, пасля чаго стаў цэнтральнай фігурай унутрыпартыйнага канфлікту ў эміграцыі.

Вядомы сваёй бескампраміснай рыторыкай, рэзкімі выказваннямі ў сацыяльных сетках, крытыкай дзеючай улады і асобных прадстаўнікоў апазіцыі.

Біяграфія Нарадзіўся 11 ліпеня 1986 года ў Мінску ў сям’і мастака. Бацька ўзначальваў Гродзенскае аддзяленне Саюза мастакоў (магчыма, маецца на ўвазе Сяргей Асапрылка).

Скончыўшы Гродзенскі дзяржаўны музычны каледж, паступіў у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па класе кампазіцыі. Падчас навучання напісаў сімфонію, аднак пасля трох гадоў вучобы быў адлічаны з вну.

Каля сямі гадоў працаваў зваршчыкам, пераважна на Мінскім заводзе колавых цягачоў. З завода быў звольнены пасля таго, як апублікаваў крытычны артыкул на апазіцыйным сайце «Хартыя’97».

Палітычная дзейнасць Свой шлях у палітыцы пачаў у шэрагах праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). Пазней ён тлумачыў гэты крок юнацкім пратэстам супраць бацькоў, якія прытрымліваліся поглядаў БНФ, і настальгіяй па СССР. З часам ён выйшаў з КПБ і ахарактарызаваў сваю пазіцыю як чалавека, які «не рускамірац, але і не празаходні».

Пасля хвалі пратэстаў «дармаедаў» у 2017 годзе шукаў магчымасці для больш радыкальнай палітычнай актыўнасці. Звярнуўся да Мікалая Статкевіча, якога лічыў адным з самых рашучых лідараў апазіцыі. Далучыўшыся да незарэгістраванай партыі «Народная Грамада», зрабіў імклівую кар’еру і ўжо ў пачатку 2018 года быў абраны яе генеральным сакратаром.

Актывізм і скандалы (2018—2019) На пасадзе генеральнага сакратара вызначыўся шэрагам рэзанансных учынкаў і выказванняў. У 2018 годзе ён крытычна выказаўся наконт абароны ўрочышча Курапаты, назваўшы гэта «прыколамі гета» і заклікаўшы змагацца з «жывымі катамі, а не магіламі». Гэта выклікала абурэнне ў грамадстве, і Мікалай Статкевіч быў вымушаны публічна апраўдваць свайго паплечніка, спасылаючыся на яго эмацыйнасць і ціск з боку СМІ. У снежні таго ж года Спарыш разам з анархістам Вячаславам Касінеравым правёў перформанс каля будынка МУС у Мінску, усклаўшы пахавальны вянок да скульптуры гарадавога, за што быў аштрафаваны.

Самы гучны скандал адбыўся ў маі 2019 года, калі пасля з’яўлення інфармацыі пра смерць маладога супрацоўніка ДАІ Яўгена Патаповіча ў Магілёве, якая пазней была прызнана самагубствам, Спарыш апублікаваў у Facebook саркастычны пост са словамі «Трагедыя стагоддзя. Забілі мусара». Публікацыя выклікала шквал крытыкі, і Спарыш добраахвотна склаў з сябе паўнамоцтвы генеральнага сакратара партыі, каб не падстаўляць пад удар арганізацыю.

Нягледзячы на гэта, ён працягваў актыўную дзейнасць: спрабаваў зарэгістравацца кандыдатам у дэпутаты, удзельнічаў у пратэстах супраць інтэграцыі з Расіяй у канцы 2019 года, за што неаднаразова адбываў адміністрацыйныя арышты. Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года стаў ключавой фігурай у камандзе Сяргея Ціханоўскага, мадэруючы папулярны тэлеграм-чат «Краіна для жыцця» і ўваходзячы ў ініцыятыўную групу Статкевіча.

Крымінальны пераслед і зняволенне Сяргея Спарыша затрымалі 25 чэрвеня 2020 года ў кватэры ў Мінску. Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным з ужываннем фізічнай сілы выцягнулі яго з памяшкання. Першапачаткова ён атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўскладанне кветак на Вайсковых могілках 8 мая, але на волю ўжо не выйшаў. 9 ліпеня стала вядома пра ўзбуджэнне крымінальнай справы. Па справе «Армія з народам» яму прад’явілі абвінавачванні паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса: удзел у масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293), навучанне ці падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў іх (ч. 3 арт. 293) і перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў (арт. 191). Апошняе абвінавачванне тычылася рэзкай крытыкі ў адрас кіраўніцы ЦВК Лідзіі Ярмошынай.

7 мая 2021 года ў Мінскім абласным судзе суддзя Сяргей Епіхаў прыгаварыў актывіста да 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сваёй віны Спарыш не прызнаў. Пакаранне ён адбываў у ПК № 22 («Воўчыя Норы»), а затым у ПК № 15 (Магілёў). У зняволенні ён падвяргаўся ціску, рэгулярна змяшчаўся ў штрафны ізалятар (ШІЗА). 24 мая 2022 года КДБ Рэспублікі Беларусь унёс яго ў спіс асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». Знаходзячыся за кратамі, Сяргей актыўна займаўся самаадукацыяй, вывучаў замежныя мовы, пісаў працу па гісторыі і прачытаў раман Франца Кафкі «Замак» у арыгінале.

Вызваленне і дзейнасць у эміграцыі 11 верасня 2025 года памілаваны і ў складзе групы з 52 палітвязняў прымусова дэпартаваны ў Літву. Перад вызваленнем яму ўдалося сустрэцца ў СІЗА КДБ з Мікалаем Статкевічам, які адмовіўся пакідаць краіну. На прэс-канферэнцыі ў Вільні Спарыш паведаміў, што лідар партыі перанёс у турме інфаркт, мае арытмію і сур’ёзныя праблемы са здароўем пасля шматразовых змяшчэнняў у адзіночную камеру.

Апынуўшыся на волі, уступіў у адкрыты канфлікт з кіраўніцтвам «Народнай Грамады» за мяжой, якое ў адсутнасць Статкевіча ўзначальваў Яўген Вільскі. Абвінаваціў Вільскага і кіраўніцу спраў, вядомую пад псеўданімам «Хэлен Мінская», ва ўзурпацыі ўлады, развале партыйнай інфраструктуры і прыцягненні ў кіраўніцтва людзей з сумнеўнай рэпутацыяй.

У лістападзе 2025 года канфлікт абвастрыўся пасля таго, як Спарыш павіншаваў з днём нараджэння Віктара Бабарыку. Хэлен Мінская абвінаваціла яго ў прарасійскай пазіцыі і заявіла пра зняцце з пасады генеральнага сакратара. У адказ Спарыш заявіў пра нелегітымнасць такіх рашэнняў і публічна абвінаваціў Яўгена Вільскага ў шантажы. Паводле слоў Спарыша, Вільскі пагражаў распаўсюдзіць інфармацыю пра тое, што ў турме адміністрацыя нібыта прысвоіла Спарышу «нізкі сацыяльны статус» — распаўсюджаная практыка ціску на палітвязняў у беларускіх калоніях.

У студзені 2026 года Спарыш раскрытыкаваў кадравую палітыку Вільскага, паказаўшы, што менавіта той уключыў у рэвізійную камісію партыі Анатоля Вайцяхоўскага. Апошні пасля выезду ў эміграцыю і смерці свайго суседа, абвінавачанага ў шпіянажы, таемна вярнуўся ў Беларусь і пачаў супрацоўнічаць з дзяржаўнай прапагандай.

Крыніцы

Спасылкі Старонка Сяргея Спарыша на сайце Праваабарончага цэнтра «Вясна»

Катэгорыя:Нарадзіліся 11 ліпеня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1986 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Мінску Катэгорыя:Грамадскія дзеячы Беларусі Катэгорыя:Палітвязні Беларусі Катэгорыя:Члены Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Катэгорыя:Імігравалі ў Літву з Беларусі Катэгорыя:Вязні ПК-15 Катэгорыя:Вязні ПК-22 Катэгорыя:Члены Камуністычнай партыі Беларусі