Джавані Сільвіа дэ Маціа, Аматус Сільвіус (Giovanni Silvio de Mathio, Amatus Sylvius; паміж 1465—70, г. Палерма — ) — прававед, педагог, еўрапейскі гуманіст.
Бмяграфія Вучыўся ў Падуанскім універсітэце, дзе атрымаў ступені магістра свабодных навук і доктара абодвух правоў. З 1501 года ў Кракаве, дзе працаваў настаўнікам моладзі з арыстакратычных сем’яў, у т.л. Паўла Гальшанскага. Мабыць, у гэты час напісаў педагагічны трактат «Аб навучанні каралеўскага дзіцяці» («De institutione regii pueri»). Пасля ксёндз і з 1503 года выкладчык гуманітарных прадметаў у Кракаўскай акадэміі, у 1506 упершыню ў Польшчы пачаў выкладаць грэчаскую мову. Магчыма, у яго вучыўся Францыск Скарына, які сустракаўся з ім і ў 1520-я гады ў Літве. У 1508 годзе Аматус Сільвіус быў звольнены і пераехаў у ВКЛ на службу да Івана Сямёнавіча Сапегі, канцлера вялікай княгіні Алены Іванаўны; у складзе яго пасольства наведаў у 1508 годзе Маскву. У 1510—12 зноў выкладчык Кракаўскай акадэміі. У 1515 годзе атрымаў бенефіцыю ў Жамойцкім біскупстве, дзякуючы чаму мог займацца літаратурнай дзейнасцю. З 1529 года настаўнік каралевіча Жыгімонта Аўгуста.
Схаластык, з 1518 канонік і афіцыял Віленскага кафедральнага касцёла, пробашч у Лідзе і Віцебску. Надрукаваў некалькі рэкамендацыйных вершаў і лістоў у творах іншых пісьменнікаў. Меў значную бібліятэку. Падтрымліваў кантакты з многімі гуманістамі Еўропы. Праціўнік Эразма Ратэрдамскага. Дзейнасць Аматуса Сільвіуса спрыяла пашырэнню ў Польшчы і ВКЛ рэнесансава-гуманістычных поглядаў.
Крыніцы
Літаратура Пазднякоў В. Barycz H. Sycylijski pionier kultury renesansowej w Polsce // Barycz H. W blaskach epoki Odrodzenia. Warszawa, 1968.