Бара́нская міні-ЦЭЦ — цеплаэлектрацэнтраль у горадзе Барань Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. З’яўляецца філіялам РУП «Віцебскэнерга». Уведзена ў эксплуатацыю ў снежні 2013 года.

Гісторыя Будаўніцтва міні-ЦЭЦ пачалося ў жніўні 2012 года. Праект рэалізоўваўся ў рамках Дзяржаўнай комплекснай праграмы мадэрнізацыі асноўных вытворчых фондаў Беларускай энергетычнай сістэмы. Галоўнай мэтай праекта было замяшчэнне прыроднага газу мясцовымі відамі паліва для эканоміі валютных сродкаў.

Генпадрадчыкам выступіла аўстрыйская кампанія «Polytechnik Luft-und Feuerungstechnik GmbH», якая паставіла асноўнае абсталяванне. Аб'ём работ беларускіх будаўнічых арганізацый склаў 37 %. Праектна-каштарысную дакументацыю распрацоўвала РУП «БелНДПІэнергапрам».

Кошт будаўніцтва склаў каля 15,5 млн еўра. Фінансаванне ажыццяўлялася за кошт уласных сродкаў РУП «Віцебскэнерга» і крэдытных рэсурсаў.

Тэхнічныя характарыстыкі На міні-ЦЭЦ усталявана абсталяванне, якое працуе па арганічным цыкле Рэнкіна (ORC). Асаблівасцю тэхналогіі з’яўляецца выкарыстанне ў турбагенератары пароў сіліконавага масла замест традыцыйнай вадзяной пары, што дазваляе эфектыўна працаваць пры больш нізкіх тэмпературах. У якасці цепланосiта кацельнай устаноўкі выкарыстоўваецца тэрмамасла.

Асноўнае абсталяванне складаецца з аднаго тэрмамаслянага катла цеплавой магутнасцю 17,2 МВт і аднаго турбагенератара электрычнай магутнасцю 3,25 МВт.

Станцыя працуе ў аўтаматычным рэжыме з мінімальнай колькасцю персаналу. Агрэгаты дазваляюць падтрымліваць працу ў шырокім дыяпазоне цеплавых нагрузак — ад 10 да 100 %.

Паліва і эканамічны эфект У якасці паліва выкарыстоўваюцца мясцовыя віды паліва: фрэзерны торф і паліўная шчэпка. Абсталяванне дазваляе спальваць іх як паасобку, так і ў сумесі ў любых суадносінах (ад 0 да 100 %). У зімовы перыяд расход паліва можа дасягаць 100 тон шчэпкі і 100 тон торфу ў дзень.

Увод міні-ЦЭЦ дазволіў поўнасцю забяспечыць патрэбы горада Барань (каля 11 тыс. жыхароў) у цеплавой энергіі і замясціць імпартуемы прыродны газ. Эканомія газу ацэньваецца прыкладна ў 6—7 млн нм³ у год (каля 15 тыс. тон умоўнага паліва).

Крыніцы

Катэгорыя:Цеплавыя электрастанцыі Беларусі Катэгорыя:Эканоміка Аршанскага раёна Катэгорыя:2013 год у Беларусі Катэгорыя:Барань