2G — назва другога пакалення тэхналогій сотавай сувязі, якія пачалі распаўсюджвацца ў пачатку 1990-х гадоў. У адрозненне ад папярэдніх сістэм мабільнай сувязі (пазней названых 1G) радыёсігналы сетак 2G з’яўляюцца лічбавымі, а не аналагавымі. Акрамя перадачы голасу тэхналогіі 2G дазволілі перадаваць даныя у выглядзе SMS, MMS, а таксама атрымоўваць электронную пошту і падключацца да інтэрнэту, хоць і з абмежаванай хуткасцю. Выкарыстанне лічбавага сігнала павялічыла прапускную здольнасць сотавых сетак і дазволіла шыфраваць галасавыя выклікі і перадачу даных, што значна палепшыла бяспеку мабільнай сувязі.

Найбольш распаўсюджанай тэхналогіяй 2G быў стандарт GSM. Акрамя яго выкарыстоўваліся стандарты cdmaOne, D-AMPS/TDMA, PDC і PHS.

З пачатку 2000-х замест 2G пачалі прымяняць тэхналогіі наступнага пакалення 3G (UMTS / CDMA2000), якія дазволілі павялічыць хуткасць перадачы даных і пашырылі магчымасці выкарыстання інтэрнэту на мабільных тэлефонах. Пазней з’явіліся тэхналогіі чацвёртага (LTE / WiMAX) і пятага (5G NR) пакаленняў. Пры гэтым 2G дагэтуль выкарыстоўваецца па усім свеце, часам як рэзервовы варыянт, але таксама і як асноўны ў аддаленых ці неразвітых раёнах.

Гісторыя У 1990 годзе інжынеры AT&T Bell Labs Джэсі Расэл, Фархад Барзегар і Кан А. Эрыяман падалі патэнт на мабільны тэлефон, які б падтрымліваў перадачу лічбавых даных. Пазней на іх патэнт спасылаліся Nokia і Motorola пры распрацоўцы мабільных тэлефонаў 2G.

Сотавая сетка з тэхналогіяй 2G была упершыню камерцыйна запушчана ў 1991 годзе у Фінляндыі кампаніяй Radiolinja па стандарце GSM. Сеткі стандарту cdmaOne былі запушчаны ў Ганконгу ў 1995 годзе і ў ЗША ў 1996 годзе.

Пазней былі распрацаваныя больш дасканалыя метады перадачы інфармацыі для стандарта GSM: GPRS (), які часта называюць 2.5G, і EDGE (), адпаведна — 2.75G. GPRS дазваляе дасягнуць тэарэтычнай максімальнай хуткасці перадачы даных 40 кбіт/с. EDGE павялічвае гэтую прапускную здольнасць да 384 кбіт/с.

Крыніцы

Катэгорыя:Стандарты мабільнай тэлефаніі