Аўтамабі́льны тра́нспарт — від транспарту па перавозцы грузаў і пасажыраў аўтамабілямі. Уключае аўтатранспартныя сродкі, аўтамабільныя дарогі і рамонтна-эксплуатацыйную службу ў аўтагаспадарках і на аўтадарогах.

Класіфікацыя

Паводле прызначэння аўтамабільны транспарт падзяляецца на: грузавы; пасажырскі (аўтобусы, легкавыя аўтамабілі, у тым ліку таксаматоры); спецыяльны (аўтацыстэрны, аўтакраны, аўтапагрузчыкі, санітарныя і пажарныя машыны і іншыя).

Паводле формаў уласнасці бывае дзяржаўны, ведамасны, муніцыпальны (гарадскі) і прыватны. Адрозніваюць унутрыгарадскія (мясцовыя), міжгароднія і міжнародныя перавозкі грузаў і пасажыраў. Для забеспячэння парадку і бяспекі на аўтамабільным транспарце ўведзены правілы дарожнага руху, нумарныя і дарожныя знакі, а таксама створана сістэма дзяржаўнай аўтаінспекцыі (ДАІ).

Гісторыя Аўтамабільны транспарт пачаў фарміравацца з канца XIX стагоддзя з развіццём аўтамабільнай прамысловасці і будаўніцтвам аўтамабільных дарог. У 1900 годзе ў свеце налічвалася 11 тыс. аўтамабіляў, у 1940 — 46 млн, у 1990 — 430 млн, а ў 1994 годзе — 472 млн. Найбольшая колькасць аўтамабіляў у 1988 годзе была ў ЗША (141 млн легкавых, 42,2 млн грузавых, 0,6 млн аўтобусаў) і ФРГ (26,2 млн легкавых, 4,7 млн грузавых, 0,07 млн аўтобусаў).

У Беларусі На тэрыторыі Беларусі ў 1910 годзе было 65 аўтамабіляў, а працягласць дарог з цвёрдым пакрыццём складала крыху больш за 1 тыс. км. У час ваенных дзеянняў 1914—1920 гадоў большасць такіх дарог была разбурана. Актыўнае развіццё аўтамабільнага транспарту пачалося ў савецкі час.

Па стане на 1994 год у Беларусі налічвалася 230 тыс. грузавых, 708 тыс. легкавых аўтамабіляў і 33 тыс. аўтобусаў. Унутрыгарадскі і прыгарадны аўтатранспарт функцыянаваў у 111 гарадах. Дзейнічала 3450 унутрырэспубліканскіх аўтобусных ліній і 80 ліній за межы краіны, працавалі 105 аўтастанцый і 37 аўтавакзалаў.

З 1990-х гадоў ажыццяўляецца структурная перабудова галіны: побач з дзяржаўнымі перавозкамі інтэнсіўна развіваюцца міжнародныя грузавыя перавозкі камерцыйнымі структурамі, павялічваецца доля арэнднага і прыватнага аўтапарка.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Віды транспарту