Апа́лубка — часовая форма для ўкладкі бетоннай сумесі і арматуры пры вырабе бетонных і жалезабетонных маналітных канструкцый. Выбар тыпу апалубкі вызначаецца характарам канструкцый (збудаванняў), геаметрычнымі памерамі, тэхналогіяй выканання работ і кліматычнымі ўмовамі.

Работы, звязаныя з вырабам, устаноўкай і разборкай апалубкі, называюцца апалубнымі работамі.

Матэрыялы і канструкцыя Апалубка вырабляецца з дрэва, металу, фанеры, жалезабетону, пластмас і іншых матэрыялаў. Каб паверхня гатовай канструкцыі была гладкай, унутраную паверхню апалубкі змазваюць або пакрываюць спецыяльнай пастай. Найбольш эфектыўнай лічыцца апалубка шматразовага выкарыстання (інвентарная), якая збіраецца з уніфікаваных элементаў і ўзбуйненых блокаў.

Віды апалубкі Існуе некалькі асноўных відаў апалубкі: Разборна-перастаўная апалубка — найбольш пашыраны від. Падзяляецца на дробнашчытавую (са шчытоў масай да 70 кг), буйнашчытавую (да 500 кг) і блочную (са шчытоў, злучаных у прасторавыя блокі, часам з рабочай арматурай). Выкарыстоўваецца пры заліўцы фундаментаў, сцен, вырабе пакрыццяў і перакрыццяў, калон, бэлек. Пры адмоўнай тэмпературы шчыты ўцяпляюць або падаграваюць.

Аб'ёмна-блочная апалубка — прасторавая канструкцыя са стальных шчытоў, каркаса і мацаванняў. Выкарыстоўваецца для бетанавання канструкцый, якія стаяць асобна (напрыклад, ліфтавых шахт). Мантаж і дэмантаж вядуцца з дапамогай пад'ёмных механізмаў.

Слізгальна-рухомая апалубка — выкарыстоўваецца пры будаўніцтве высокіх аб'ектаў (элеватары, рэзервуары, вежы). Складаецца са шчытоў, якія падымаюцца з дапамогай дамкратаў па меры бетанавання збудавання.

Пад'ёмна-перастаўная апалубка — выкарыстоўваецца пры будаўніцтве градзірняў і іншых высокіх збудаванняў.

Гарызантальна-перасоўная апалубка — канструкцыя на цялежках або палазах для ўзвядзення скляпенняў-абалонак, калектараў, падпорных сценак.

Няздымная апалубка — пліты, абалонкі, металічныя сеткі і іншыя элементы, якія пасля бетанавання застаюцца часткай канструкцыі (напрыклад, пры будаўніцтве плацін).

Горная апалубка — перасоўная, створкавая, секцыйная і іншыя віды, якія выкарыстоўваюцца для мацавання горных выпрацовак.

Стацыянарная металічная апалубка — выкарыстоўваецца пры вырабе жалезабетонных канструкцый на заводзе або палігоне.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Будаўнічыя тэхналогіі