Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка» — радзіма Янкі Купалы, знаходзіцца ў вёсцы Вязынка (Маладзечанскі раён).
Гісторыя Створаны паводле пастановы Савета Міністраў БССР ад 5 красавіка 1972 года да 90-годдзя з дня нараджэння паэта. Агульная плошча 21 га. На тэрыторыі запаведніка знаходзіцца хата, у якой нарадзіўся паэт, хатка дваровых, гарадзішчы 2-5 ст. н.э., сажалка, крыніца, валуны з высечанымі на іх радкамі вершаў паэта, частка старога саду былога фальварка, пасадкі дубовага гаю, зробленыя беларускімі пісьменнікамі да 100-годдзя з дня нараджэння паэта, канцэртная эстрада.
У мемарыяльным запаведніку захаваны натуральны ландшафт і планіроўка былой сядзібы, а таксама найбольш старыя дрэвы. Акрамя хаты, у якой нарадзіўся Янка Купала, захаваныя хатка дваровых, сажалка, крыніца, частка фруктовага саду, ліпавая алея, якая вяла да сядзібнага дома Замбжыцкіх. На тэрыторыі запаведніку можна ўбачыць мемарыяльныя валуны з высечанымі на іх радкамі з твораў паэта, дуброву, пасаджаную беларускімі пісьменнікамі да стагоддзя з дня нараджэння песняра, жывую альтанку з ліпаў, канцэртную эстраду, вялікую пляцоўку для правядзення паэтычных святаў, выставак народных майстроў і масавых гулянняў. У цэнтры запаведніку стаіць бронзавы бюст Янкі Купалы (1972, скульптар З. Азгур).
У адноўленым будынку свірна з 1992 года дзейнічае этнаграфічная экспазіцыя. У адной палове свірна створана сезонная экспазіцыя «Народныя святы ў творчасці Янкі Купалы». Тут адлюстраваныя народныя звычаі і абрады, апісаныя паэтам і ўвасобленыя ў творах народных майстроў: разьба па дрэве, ткацтва, графічныя работы, вышыўка, салома- і лазапляценне, шыццё, габелены і інш. У другой палове будынку размешчаныя этнаграфічныя артэфакты: кросны, куфры, прылады для апрацоўкі лёну, скрыні для захавання збожжа, мукі і іншыя прылады працы і рэчы хатняга ўжытку.
З 1972 года штогод на тэрыторыі запаведніка ў дзень нараджэння паэта (7 ліпеня) праводзяцца святы паэзіі, песні і народных рамёстваў, а з 1976 года — традыцыйныя злёты студэнтаў-філолагаў БДУ. Запаведнік уключаны ў шматлікія турыстычныя маршруты.
Гісторыка-культурная каштоўнасць Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка» — радзіма Я.Купалы ўключана ў Спіс помнікаў гісторыі і культуры рэспубліканскага значэння Беларускай ССР, які зацверджаны пастановай Савета Міністраў БССР за № 32 ад 18 лютага 1988 года (Кніга першая, раздзел «Помнікі архітэктуры» № 884).
Галерэя
Літаратура Вязынка: Купалаўскі мемарыяльны запаведнік: [Фотаальбом /Тэкст і склад. Л. Т. Хадкевіча; Фота В.Бараноўскага]. — Мн., 1982. Чырскі М. А. Купалаўскі запаведнік «Вязынка» [Фота В. А. Бараноўскага]. 2-е изд., испр. и доп. — Мн., Полымя, 1986. — 53 с. Чырскі, М. А. Купалавым гасцінцам: Купал. парк. Вязынка. Ляўкі. Акопы. — Мн., 1996. Лукша, Ул. Э. Сцежкамі Купалы: Замалёўкі з натуры: Альбом. — Мн., 1997. Чырскі М. А. Гасцінцам Купалы // Выд. «Універсітэцкае» ― Мн., 2002. ― 36 с.
Спасылкі
Купалаўскі мемарыяльны запаведнік
Катэгорыя:Вязынка (Маладзечанскі раён) Катэгорыя:Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы Катэгорыя:Славутасці Маладзечанскага раёна Катэгорыя:З’явіліся ў 1972 годзе