Шульга́н-Таш, Ка́пава пячора — карставая пячора ў Бурзянскім раёне, Башкартастан, Расія. Знаходзіцца ў запаведніку «Шульган-Таш», на правым беразе р. Белай, за 200 км на паўднёвы ўсход ад Уфы. Шырока вядомая дзякуючы знойдзенаму ў ёй палеалітычныму жывапісу, узрост якога ацэньваецца ў 16 тысяч гадоў.
Пячора ўяўляе сабой слабаразгалінаваную трохпавярховую спелеасістэму працягласцю каля 3 км з вертыкальнай амплітудай 165 м (з улікам сіфонных падводных поласцей) з вялікімі заламі, галерэямі, падземнымі азёрамі і ракой. З трох гіпсаметрычных узроўняў ніжні займае рака Падземны Шульган, якая і ўтварыла гэтую пячору.
Наскальныя малюнкі былі адкрыты заолагам запаведніка А. В. Руміным у 1959 г. У 1960—1964 гг. жывапіс вывучаўся О. Н. Бадэрам. З пачатку 1980-х гадоў даследаванні працягваюцца В. Е. Шчалінскім з супрацоўнікамі. Агульная працягласць усіх даследаваных хадоў пячоры ў двух ярусах — каля 2 км. Каля 40 малюнкаў мамантаў, насарога, коней, бізона і розных знакаў, зробленых чырвона-бурай охрай. У пячоры вядуцца раскопкі, пры якіх выяўленыя камякі охры і вапняковая камлыга з малюнкам, якая адвалілася ад сцяны. Радыевугляродная дата пласта — 14680±150.
Пячора ўваходзіць у спіс аб'ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў Расіі. Крыніцы
Спасылкі
Калекцыя малюнкаў пячоры Шульган-Таш Віртуальны тур па наваколлю пячоры Шульган-Таш Капава пячора на сайце «Наш Урал» Пра Капаву пячору на сайце Башкірскага дзяржаўнага ўніверсітэта
Катэгорыя:Пячоры Расіі Катэгорыя:Бурзянскі раён