Вялі́кая Рэ́ша, таксама Дзіджо́йі Рыешэ́ () — вёска ў Віленскім раёне Віленскага павета Літвы. Адміністрацыйны цэнтр Рэшанскай сянюніі. Размешчана за 12 км на поўнач ад Вільні, каля аўтамабільнай магістралі .

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае У 1500 годзе вялікі князь літоўскі Аляксандр Ягелончык перадаў фальварак Рэша з броварам віленскаму капітулу. Землі ўваходзілі ў склад Віленскага павета Вялікага Княства Літоўскага.

Пазней маёнтак доўгі час быў спадчынным уладаннем роду Пашкевічаў. Пасля смерці Лукаша і Зоф’і з Гадвіловічаў Пашкевічаў спадкаемцамі сталі: сын Ян, які памёр маладым, і дзве дачкі — Эльжбета (жонка Мікалая Брацішэўскага) і Зоф’я (жонка Аляксандра Нарушэвіча). У 1672 і 1684 гадах яны прадалі маёнтак віленскаму падкаморыю Казіміру Дамброўскаму і яго жонцы Барбары з Глінскіх. У 1700 годзе Казімір Дамброўскі па дарчым праве перадаў маёнтак ксяндзу Яну Мікалаю Згерскаму. Пасля яго спадчыну атрымалі Казімір і Стэфан Згерскія, Катажына Мірская і Тэрэза Ільхінава, якія перадалі свае правы харунжаму Ігнацію Дамброўскаму і стольніку Яну Дамброўскаму — унукам падкаморыя Казіміра, сынам Марцыяны і Евы з Камароўскіх Дамброўскіх, маршалкам вількамірскім. У 1750 годзе вількамірскі стольнік Ян Юноша Дамброўскі і яго жонка Ганна з Сулістроўскіх прадалі Рэшу мсціслаўскаму судоваму старосце Мікалаю Лапацінскаму і яго жонцы Барбары з Копцяў. У 1764 годзе Лапацінскія саступілі свае ўладанні Яну Аўгусту Гільзену і яго жонцы Канстанцыі з Плятэраў. Пазней Рэша перайшла да графаў Зыбергаў, а пасля — да Ясінскіх.

Пад уладай Расійскай імперыі У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай 1795 года Вялікая Рэша апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Віленскім павеце.

У XIX стагоддзі Вялікая Рэша — мястэчка і маёнтак, цэнтр воласці і староства ў Віленскім павеце. Пасля 1861 года цэнтр Рэшанскай воласці Віленскага павета і цэнтр сельскай грамады. Паводле звестак канца XIX стагоддзя мястэчка стаяла пры рэчцы з той жа назвай, пры бочнай дарозе на Вількамір. Тут было 12 дамоў і жылі 40 жыхароў (23 каталікі, 12 іўдзеяў, 5 праваслаўных); дзейнічаў вадзяны млын і каталіцкая капліца (раней філіяльная, належала да Веркаўскай парафіі). Маёнтак у той час належаў Сянкевічам.

Паводле звестак на 1905 год маёнтак Вялікая Рэша (уладанне Гурчына і Даўнаровіча) стаяў пры рацэ Рэшанка; тут жылі 5 чалавек (3 мужчыны, 2 жанчыны), а плошча зямельных уладанняў складала 455 дзесяцін. Вёска Вялікая Рэша (або Гульбіна) налічвала 383 жыхары (190 мужчын, 193 жанчыны), а плошча зямельных уладанняў складала 357 дзесяцін.

Найноўшы час У часы Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе Вялікую Рэшу занялі войскі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі С. 19.. У пачатку 1919 года тэрыторыя занята Чырвонай Арміяй С. 20.. З 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР, у канцы сакавіка занята польскімі войскамі.

З 1920 года ўваходзіла ў склад Сярэдняй Літвы, з 1922 да 1939 года — у складзе гміны Рэша Віленска-Троцкага павета Віленскага ваяводства Польскай Рэспублікі. Паводле перапісу 1931 года, у маёнтку пражывала 91 чалавек (13 дамоў), а ў вёсцы — 78 чалавек (4 дамы).

З пачаткам Другой сусветнай вайны ў верасні 1939 года занята савецкімі войскамі. Паводле савецка-літоўскага дагавора аб узаемадапамозе, падпісанага 10 кастрычніка 1939 года, Вялікая Рэша разам з часткай Віленскага краю была перададзена Літве, з 1940 года — у Літоўскай ССР. У 1941—1944 гадах пад акупацыяй Германіі.

У савецкі час вёска была цэнтрам саўгаса, тут размяшчаўся Віленскі дзяржаўны конны завод. З 1990 года — у складзе незалежнай Літвы. У 2017 годзе быў зацверджаны афіцыйны герб вёскі.

Інфраструктура У вёсцы дзейнічае Рэшанская асноўная школа, цэнтр вольнага часу, пошта.

Насельніцтва

Славутасці Касцёл Святога Станіслава (пабудаваны ў 1939 г.);. Сядзіба «Рэша Руская»; Прыдарожная каплічка.

Страчаная спадчына

Сядзіба Рушчыцаў.

Галерэя

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Рэшанская сянюнія Катэгорыя:Населеныя пункты Віленскага раёна