Музей гісторыі друку і фатаграфіі Гомельшчыны () — музей у горадзе Гомелі, Беларусь. З’яўляецца філіялам Музея гісторыі горада Гомеля. Размяшчаецца ў былым памяшканні фотаатэлье ў цэнтры горада.

Гісторыя У 2009 годзе ў дзяржаўнай установе «Музей гісторыі горада Гомеля» быў пакладзены пачатак калекцыі фатаграфій, фотаапаратаў і фотапрыладаў. Паступова сфармаваная калекцыя (каля 500 прадметаў) легла ў аснову Музея фатаграфіі — першага ў Беларусі музея фатаграфіі ў структуры дзяржаўнай установы, які быў адкрыты ў Гомелі напярэдадні Дня горада ў верасні 2015 года.

11 верасня 2015 года ў Гомелі адбылося ўрачыстае адкрыццё «Музея фатаграфіі», размешчанага ў былым памяшканні фотаатэлье ў самым цэнтры — ля Вечнага агню, па адрасе вул. Камунараў, 7.

Вялікую колькасць прадметаў першым падарыў музею гомельскі фатограф і калекцыянер Леанід Барысавіч Пінскі. Яго пачынанне падтрымалі не толькі фатографы і калекцыянеры з Гомеля, але і з розных куткоў Беларусі, Расіі і іншых краін, напрыклад Аляксей Нікіцін (Расія, Калуга).

Музей размясціўся на першым паверсе ў адным з будынкаў па вуліцы Камунараў, у памяшканнях самага знакамітага ў Гомелі фотаатэлье, якое працавала тут больш за 50 гадоў, практычна з моманту пабудовы будынка (з 1960-х гг.).

У музеі можна вывучыць гісторыю развіцця фатаграфіі на працягу XX стагоддзя, і з пункту гледжання тэхнічнай эвалюцыі, і як аднаго з відаў мастацтва. Прадстаўленыя калекцыі адлюстроўваюць айчынныя і сусветныя тэндэнцыі.

У выніку пашырэння экспазіцыйных плошчаў, 15 верасня 2017 года, у гонар 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і 100-годдзя газеты «Гомельская праўда» быў адкрыты абноўлены аб’ект «Музей фатаграфіі і друку». Да збору экспанатаў падключыліся ўсе рэдакцыі газет вобласці, а таксама друкарні. Музей знаходзіцца ў тым жа будынку, дзе два гады таму адкрыўся музей фатаграфіі, — па вуліцы Камунараў, 7.

Для наведвальнікаў была адкрыта пастаянная экспазіцыя «Гісторыя друку Гомельшчыны», дзе сабраны матэрыялы па гісторыі друкаваных СМІ і друкарняў Гомельскай вобласці за апошнія 100 гадоў.

Экспазіцыя У пастаяннай экспазіцыі музея прадстаўлены ключавыя мадэлі фотатэхнікі (савецкія Фотакор, Зеніт, ФЭД, Змена-8, Аматар, Кіеў, знакамітая нямецкая Leica, Hit, Praktica, Argus, фотакамеры павільённыя і інш.), фотаматэрыялы, абсталяванне, вялікая колькасць тэматычных кніг, перыядычных выданняў па фотамастацтве, аксэсуары, а таксама фатаграфіі і фотаальбомы, асабістыя рэчы вядомых фатографаў, перададзеныя ў дар музею жыхарамі горада і яго гасцямі.

Таксама ў экспазіцыі прадстаўлена фоталабараторыя савецкага перыяду. Геаграфія фотаздымкаў, як і фотатэхнікі, вельмі шырокая: Мінск, Гомель, Магілёў, Барнаул, Краснаярск, Калінінград і г. д.

Крыніцы

Спасылкі Музей фотографии

Катэгорыя:Музеі Гомеля Катэгорыя:2015 год у Гомелі