Тэатр Сарвера — найбуйнейшы кінатэатр і канцэртная зала Брэста першай паловы ХХ стагоддзя.

Знаходзіўся на Тэатральнай вуліцы (цяпер вул. Свярдлова) у будынку, які яўрэйскі прадпрымальнік Абрам Сарвер узвёў на ўласным пляцы ў пачатку ХХ стагоддзя. Спярша зала функцыянавала як кінатэатр «Лотас». У міжваенны час установа стала называцца па прозвішчы ўласніка. Кіраўніцтва тэатрам пераняў сын Міхаіл Сарвер.

Зала была найбуйнейшай у міжваенным Брэсце, змяшчала амаль 500 гледачоў. Дзейнічала не толькі як кінатэатр, але і як уласна тэатр, канцэртная зала, у прыватнасці, арэндавалася для яўрэйскіх і ўкраінскіх культурных мерапрыемстваў.

У пачатку верасня 1939 года у кінатэатры зрабілі штаб камсамольцы і падпольшчыкі КПЗБ.

Уласнік Міхаіл Сарвер, паводле адной версіі, перажыў вайну, эвакуіраваўшыся разам з філармоніяй. Паводле другой, быў зняволены савецкай уладай. Вярнуўшыся ў Брэст, жыў у будынку былога ўласнага кінатэатра (пасля вайны — кінатэатры імя Горкага). Працаваў метадыстам у Доме народнай творчасці Брэста.

У будынку былога тэатра Сарвера цяпер знаходзіцца 2-і вучэбны корпус Брэсцкага дзяржаўнага гандлёва-тэхналагічнага каледжа і кавярня «Роднік».

Крыніцы

Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Брэста Катэгорыя:Культура Брэста