Ануфрыеўскі манастыр — манастыр у Мсціслаўскім ваяводстве, які існаваў у XV—XIX стагоддзях у вёсцы Ануфрыева (з 1976 года — Сялец Мсціслаўскага раёна).

Гісторыя Паводле царкоўнага падання, манастыр заснаваны ў 1407 годзе мсціслаўскім князем Лугвенам Альгердавічам у глухім лесе на месцы, дзе яго малому сыну Юрыю явіўся Святы Ануфрый і паказаў дарогу дадому.

У 1635 годзе кароль Уладзіслаў IV зацвердзіў манастыр за уніятамі, а яго ігуменам лічыўся архіепіскап смаленскі.

З сярэдзіны XVII стагоддзя ўвайшоў у склад Літоўскай правінцыі базыльянскага ордэна і меў у ёй статус архімандрыіЛісейчыкаў, Д. В. «TALIS EST BASILIUS MAGNUS»: пячаткі манастыроў Беларускай правінцыі базыльянскага ордэна канца XVIII – першай трэці XIX ст. / Д. В. Лісейчыкаў // Архіварыус : зб. навук. паведамл. і арт. – Мінск, 2020. – Вып. 18. – С. 159–173. .

З апошняй чвэрці XVII стагоддзя і да 1770-х гг. Ануфрыеўскі манастыр з’яўляўся адным з самых буйных асяродкаў Уніяцкай царквы ў Рэчы Паспалітай. У гэты час тут традыцыйна знаходзілася рэзідэнцыя смаленскіх архіепіскапаў.

Да сярэдзіны XVIII стагоддзя ўсе будынкі, у тым ліку царква св. Ануфрыя, былі драўляныя. У апошняй чвэрці XVIII стагоддзя была пабудавана мураваная царква, да якой упоперак далучаны корпус манастыра. Манастыру належаў суседні фальварак.

У 1809 годзе будынак манастыра перададзены ваеннаму ведамству. Паводле інвентара 1817 года, бібліятэка налічвала 302 кнігі, у тым ліку шэсць рукапісных.

Манастыр быў зачынены ў час скасавання ўніяцкай царквы. Зальны храм з высокай франтальнай вежай стаў прыходскай царквой, захаваўся ў напаўразбураным стане.

Пячатка

Гісторык Д. В. Лісейчыкаў мяркуе, што афіцыйнай пячаткай Ануфрыеўскага манастыра з’яўляецца пячатка, знойдзеная прыватным калекцыянерам непадалёк ад вёскі Сялец. У полі пячаткі авальнай знаходзіцца выява вогненнага слупа і дванаццаці стылізаваных зорак з промнямі. Па коле — лацінскамоўная легенда «TALIS EST MAGNUS BASILIUS», якая з’яўляецца нязначна змененым варыянтам дэвіза базыльянскага ордэна «Talis est Basilius Magnus» («Такім ёсць Васіль Вялікі!»Паводле жыційных тэкстаў, святы Яфрэм Сірын папрасіў Бога паказаць яму наколькі вялікіх поспехаў на духоўнай ніве дасягнуў знакаміты кесарыйскі архіепіскап Васіль Вялікі. Пасля малітваў Бог учыніў для Яфрэма праяву — вогненны слуп ад зямлі да нябёсаў. Пры гэтым чуўся голас: «Такім ёсць Васіль Вялікі!»).

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Уніяцкія манастыры Беларусі Катэгорыя:Сялец (Мсціслаўскі раён) Катэгорыя:З’явіліся ў 1407 годзе Катэгорыя:Колішнія манастыры Беларусі