Эля Каган або Эля Шоламавіч Каган () — яўрэйскі пісьменнік. Пісаў на ідышы.

Біяграфія Нарадзіўся 10 лютага 1909 года ў Мінску ў сям’і настаўніка (паводле іншай крыніцы — у сям’і каваля). Вучыўся ў шавецкай прафтэхшколе, але пакінуў яе дзеля літаратуры. У 1936—1939 гадах працаваў у рэдакцыі часопіса «Штэрн».

Паводле некаторых звестак, вучыўся ў аспірантуры Інстытута яўрэйскай культуры ў Кіеве.

Быў сябрам яўрэйскай секцыі БелАПП (пасля — Саюза пісьменнікаў БССР).«Ён любіў ставіць свайго героя на лязо нажа, — пісаў літаратурны крытык Бэр Аршанскі, — і псіхалагічна гуляць з ім. Ён вёў сваіх герояў праз розныя, часта вельмі балючыя канфлікты… Ён меў рэдкі талент да адлюстравання… Вы сустракаеце вобразы, у якіх адчуваеце жорсткую рэальнасць Шолам-Алейхема».Сваю прозу ён чытаў артыстычна, але не болей за адну навелу. Ён не змяняў сваё правіла нават тады, калі слухачы настойліва прасілі пачытаць што-небудзь «на біс». (…) Эля часта меў матэрыяльныя цяжкасці: хадзіў у адным і тым жа касцюме некалькі год, насіў адзін і той самы абутак. — З успамінаў Гірша Рэлеса. У 1940 годзе Каган быў арыштаваны разам з пісьменнікамі Зэлікам Аксельродам і Рыгорам Бярозкіным па абвінавачанні ў «антысавецкай нацыяналістычнай дзейнасці». У час нападу Германіі на Савецкі Саюз быў у мінскай турме. Перад уваходам немцаў у Мінск калону вязняў пад канвоем пагналі на ўсход. У пэўны момант ахоўнікі загадалі зняволеным раздзяліцца на дзве групы — крымінальнікаў і палітычных. Каган адышоў да першых, і гэта ўратавала яму жыццё: палітычных расстралялі, а крымінальнікаў адпусцілі. У ліку расстраляных быў і Аксельрод, Бярозкін уратаваўся.

Перайшоўшы лінію фронту, уступіў у Чырвоную армію. Быў карэспандэнтам франтавой газеты «Красный артиллерист». Загінуў 12 ліпеня 1944 года падчас вызвалення Беларусі. Пахаваны ў брацкай магіле ў горадзе Зэльве (Гродзенская вобласць), у ліку 509 салдатаў і афіцэраў.

Творчасць Пісаў на ідышы. У друку з першым апавяданнем выступіў у 1926 годзе Празаічныя творы ўвайшлі ў зборнікі:

«Дэрцэйлунген ун мініатурн» («Апавяданні і мініяцюры», 1932); «А штот он клойстэрс» («Горад без цэркваў», 1935); «Дзіцячыя апавяданні» (1936).

У 1932 годзе выдаў зборнік «Вершы». У 1940 годзе ў перакладзе на беларускую мову Змітрака Бядулі выйшла асобным выданнем апавяданне Элі Кагана для дзяцей «Дружная сямейка».

Напісаў п’есу «Роднае поле» (1932). Разам з Зэлікам Аксельродам зрабіў інсцэніроўку «Маленькі чалавечак» па матывах твораў Мендэле Мойхер-Сфорыма (пастаўлена ў 1938).

Перакладаў з беларускай (Змітрок Бядуля, «У дрымучых лясах»; Эдуард Самуйлёнак, «Дружба») і рускай моў (Мікалай Гогаль, «Каляска», «Аповесці»; Аляксандр Пушкін, «Гісторыя сяла Гарухіна»; Аляксандр Герцэн, «Хто вінаваты»; Міхаіл Салтыкоў-Шчадрын, «Шалёны памешчык»).

У 1979 годзе выйшаў зборнік апавяданняў Элі Кагана «Маем зялёным» (пераклад на беларускую мову Яна Скрыгана).

Крыніцы

Катэгорыя:Ідышамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Члены Саюза беларускіх пісьменнікаў Катэгорыя:Рэпрэсаваныя ў БССР Катэгорыя:Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны