Фармулярны аналіз — гістарычны крыніцазнаўчы метад аналізу фармуляра актавай крыніцы.

Пад актам у вузкім сэнсе ў крыніцазнаўстве разумеюць дамову паміж двума контрагентам. Гэта могуць быць міжнародныя дагаворы, розныя граматы — продажу, мены, закладу, падаравання, надання і іншыя. Звычайна, акты аднаго тыпу маюць устойлівую мадэль будовы — фармуляр. Фармулярны аналіз грунтуецца на параўнанні фармуляраў пэўных актавых дакументаў, у прыватнасці для іх дакладнейшага датавання (бо фармуляр змяняўся ў часе) і класіфікацыі па групах. Умоўны фармуляр, то-бок ідэальную мадэль сярэднявечнага акта, дзеляць на часткі.

Пачаткавы пратакол Інвакацыя — прысвячэнне вышэйшым сілам або ўладару. Інтытуляцыя — указанне, хто выдае дакумент. Інскрыпцыя — указанне, каму адрасаваны дакумент. Салютацыя — прывітанне. Асноўная частка Арэнга — прэамбула, матывы стварэння дакумента. Прамульгацыя — прадпаведамленне пра сутнасць дакумента. Нарацыя — сутнасць справы. Дыспазіцыя — прапановы і пытанні. Санкцыя — забарона на парушэнне ўмоў. Карабарацыя — засведчанне дакумента, подпіс і пячаць. Канчаткавы пратакол (эсхатакол) Датум — дата і месца напісання. Апрэкацыя — заканчэнне-добразычэнне.

У пэўным акце могуць быць не ўсе названы часткі, таксама яны могуць быць у іншым парадку.

Пры фармулярным аналізе тэкст акта могуць дзяліць на «артыкулы» або «клаўзулы» (паняцці не цалкам тоесныя), скончаныя па сэнсе выразы — сакральныя, матывіравальныя, звяртальныя, паведамляльныя, працэсуальныя, засвядчвальныя, апісальныя, загадныя, просьбітныя, дагаворныя. Артыкулы дзеляць на абароты, абароты на элементы.

У актах вылучаюць «формулы» — устойлівыя выразы, «рэаліі» — імёны, тапонімы і іншае, «апісанні» — арыгінальныя выразы, не штампы.

Літаратура

Источниковедение: Теория. История. Метод. Источники российской истории: Учебное пособие / И. Н. Данилевский, В. В. Кабанов, О. М. Медушевская, М. Ф. Румянцева / Российский государственный гуманитарный университет. М., 1998. 702 с. Шарафутдинов Д. Р. Методика формулярного анализа в прочтении исторических документов: дипломатическая переписка первой трети XIX века // Молодой ученый. — 2013. — № 11. — С. 722—724.

Катэгорыя:Крыніцазнаўства Катэгорыя:Сярэдневяковае права Катэгорыя:Гістарычныя крыніцы