Алег Аляксандравіч Шэпель (нар. , в. Ухлясць, Быхаўскі раён, Магілёўская вобласць) — беларускі спартсмен, лёгкаатлет і футбаліст (інваспорт), заслужаны майстар спорту СССР, шматразовы чэмпіён Паралімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы.

Біяграфія Нарадзіўся 13 ліпеня 1967 года ў вёсцы Ухлясць Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. У раннім узросце страціў маці. Бацька з-за прыватных камандзіровак па працы аддаў сына ў Шклоўскую спецыялізаваную школу для дзяцей са слабым зрокам. Хлопчык захапляўся музыкай, лёгкай атлетыкай з шахматамі.

Скончыў у 1991 годзе Беларускі інстытут культуры. У лёгкай атлетыцы ягонымі трэнерамі былі Павел Гойхман, Валерый Каламеец і Ігар Лапшын, у міні-футболе — Анатоль Усенка.

Завяршыўшы актыўныя выступленні, Алег Шэпель заняўся рэстаранным бізнесам. Ён быў датычны да адкрыцця ўстановы «Ля фантана».

З 1993 года працуе дырэктарам Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. З 2002 года — старшыня Цэнтральнага праўлення Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, старшыня Паралімпійскага камітэта Беларусі, член Нацыянальнага алімпійскага камітэта.

У 2017—2020 гадах быў членам Грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы Беларусь — Расія.

Быў затрыманы прыкладна ў канцы ліпеня 2025 года разам з дырэктарам віцебскага прадпрыемства «Элект» Аляксандрам Пілатавым. Знаходзіцца ў віцебскім СІЗА.

Спартыўная кар’ера Алег Шэпель пяціразовы чэмпіён Паралімпійскіх гульняў: тры залатыя медалі атрымаў у 1988 годзе ў Сеуле (пяціборства, скачок у даўжыню, скачок у вышыню), адзін — у Барселоне 1992 (бег на 400 м), адзін — у Атланце 1996 (скачкі ў вышыню). Чатыры разы станавіўся прызёрам: у Сіднеі 2000 заваяваў бронзу (скачкі ў вышыню, бег на 400 м, эстафета 4×400 м).

У 1988—2001 гадах заваёўваў званні сяміразовага чэмпіёна свету і трынаццаціразовага чэмпіёна Еўропы па лёгкай атлетыцы. У 1998 годзе стаў сярэбраным прызёрам чэмпіянату свету (Мадрыд, скачкі ў вышыню). Таксама заваёўваў тытулы чэмпіёна свету (1998, Кампінас, Бразілія) і чэмпіёна Еўропы (2001, Парыж) па міні-футболе. З’яўляецца шматразовым рэкардсменам свету па лёгкай атлетыцы.

Скандал са сцягам Расіі На адкрыцці Летніх Паралімпійскіх гульняў 2016 у Рыа-дэ-Жанэйра разам з беларускай камандай выйшаў Андрэй Фомачкін са сцягам Расіі, чыя каманда была раней дыскваліфікавана Міжнародным паралімпійскім камітэтам на падставе дакладу Мак-Ларэна, дзе сцвярджалася, што ўжыванне допінгу падтрымлівалася ў Расіі на дзяржаўным узроўні«Rio Paralympics 2016: Russian athletes banned after doping scandal».

Даручэнне пранесці сцяг аддаў кіраўнік Паралімпійскага камітэта Беларусі Алег Шэпель, які быў упэўнены, што расійскіх паралімпійцаў несправядліва не былі дапусцілі да Алімпіяды і вінаватыя ў гэтым ЗША.

Пасля акцыі Алег Шэпель заявіў, што гэта была не палітычная акцыя, а жэст салідарнасці з адхіленымі ад гульняў расійскімі атлетамі«Жэст салідарнасці». Шэпель пракаментаваў з’яўленне сцяга Расіі на адкрыцці Паралімпіяды.

Узнагароды У 1989 годзе яму было прысвоена званне заслужанага майстра спорту СССР. У 2004 годзе стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі «Беларускі спартыўны Алімп». У 2014 годзе атрымаў званне «Ганаровы грамадзянін Быхаўскага раёна».

Алег Шэпель узнагароджаны медалём «За працоўную доблесць», ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, ордэнам Дружбы народаў, а таксама ганаровай граматай Міністэрства спорту і турызму Беларусі за вынікі выступлення нацыянальнай зборнай па інваспорце на ХІІ зімовых Паралімпійскіх гульнях 2018 года ў Пхёнчхане.

Крыніцы

Спасылкі Шэпель Алег Аляксандравіч у базе «Олимпийские вершины могилевского спорта» Шэпель Алег Аляксандравіч на сайце Быхаўскага райвыканкама

Катэгорыя:Лёгкаатлеты Беларусі Катэгорыя:Чэмпіёны летніх Паралімпійскіх гульняў 1988 года Катэгорыя:Заслужаныя майстры спорту СССР Катэгорыя:Лаўрэаты прэміі «Беларускі спартыўны Алімп» Катэгорыя:Ганаровыя грамадзяне Быхаўскага раёна Катэгорыя:Чэмпіёны летніх Паралімпійскіх гульняў 1992 года Катэгорыя:Чэмпіёны летніх Паралімпійскіх гульняў 1996 года Катэгорыя:Чэмпіёны летніх Паралімпійскіх гульняў 2000 года