«Misery» () — песня гурта The Beatles з альбома Please Please Me. Песня была напісана Джонам Ленанам і Полам Мак-Картні. Паводле Ленана, «гэта была больш песня Джона, чым песня Пола, аднак яна была напісана сумесна». Мак-Картні ж прыпісваюцца наступныя словы: «Не думаю, што хтосьці з нас быў галоўным у гэтай песні, гэта была проста заказная праца».

Аднайменны сінгл Кені Лінча (Kenny Lynch), які выйшаў у 1963 годзе, стаў першай у гісторыі кавер-версіяй песні The Beatles.

Гісторыя песні У лютым 1963 года найбольш паспяховай брытанскай спявачкай была Хелен Шапіра, якая дасягнула поспеху ў чартах яшчэ на два гады раней, ва ўзросце 14 гадоў. Менеджар спявачкі, Норы Парамар, шукаў свежы матэрыял для яе новага альбома і прапанаваў The Beatles напісаць песню адмыслова для яе.

«Misery» была задумана за кулісамі перад выступам The Beatles у зале Kings Hall у Сток-он-Трэнце 26 студзеня 1963 года, а скончана была ў доме Пола Мак-Картні на Фортлін-Роўд 20 у Ліверпулі. Як каментаваў сам Мак-Картні, «мы назвалі яе „Пакута“, яна не настолькі павольная, наколькі яна гучыць, яна даволі жывая, і мы думалі, што для Хелен яна цалкам падыдзе». Аднак Парамар палічыў, што яна не падыходзіць, і тады брытанскі выканаўца і артыст Кені Лінч, які прымаў удзел у тым жа канцэртным туры, запісаў яе замест Шапіра, стаўшы тым самым аўтарам першай кавер-версіі песні The Beatles. Версія Лінча не ўвайшла ў чарты; яго аранжыроўка была больш папулярна-арыентаванай, чым тая, якую выкарыстоўвалі ўдзельнікі The Beatles. У 1973 годзе Лінч быў прадстаўлены на вокладцы альбома Band on the Run гурта Wings (пятага сольнага альбома Мак-Картні).

Калі ўдзельнікам The Beatles спатрэбіўся арыгінальны матэрыял для іх альбома Please Please Me, яны запісалі сваю версію гэтай песні, надаўшы ёй, паводле Іэна Макдональда, «забаўныя ноткі падлеткавага жалю да сябе». Як і ўсе арыгінальныя песні з першага альбома, гэтая песня была прыпісана Мак-Картні і Ленану (на наступных альбомах гурта парадак аўтарства агульных песень быў зменены на цяпер больш звыклае Ленан/Мак-Картні).

Запіс песні Песня была запісана 11 лютага 1963 года ў студыі «Эбі-Роўд» падчас марафонскай сесіі, на працягу якой гурт запісаў большую частку матэрыялу для свайго першага альбома.

Пры запісе песні замест звычайнай тады хуткасці працяжкі стужкі (15 дзюймаў на секунду) быў выкарыстаны паскораны тэмп у 30 дзюймаў на секунду, бо Джордж Марцін хацеў асабіста дадаць партыю фартэпіяна (дазапісаную 20 лютага без прысутнасці гурта) у запаволеным тэмпе на актаву ніжэй.

У запісе ўдзельнічалі: Джон Ленан — вакал, рытм-гітара Пол Мак-Картні — вакал, бас-гітара Джордж Харысан — сола-гітара Рынга Стар — ударныя Джордж Марцін — фартэпіяна

Выпуск песні Песня была выпушчана на наступных альбомах гурта: LP-альбом Please Please Me (Вялікабрытанія) LP-альбом Introducing… The Beatles (ЗША) EP-альбом The Beatles (No. 1) (Вялікабрытанія)

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:The Beatles