Хактывізм (; словазлучэнне ад хакер і актывізм) — форма палітычнай ці сацыяльнай актыўнасці, пры якой выкарыстоўваюцца метады камп’ютарнага ўзлому і іншыя лічбавыя інструменты для прасоўвання ідэалагічных мэтаў. У адрозненне ад кіберзлачыннасці ці кібертэрарызму, хактывізм звычайна матываваны палітычнымі, сацыяльнымі альбо ідэалагічнымі прычынамі, а не асабістай выгадай хакераў ці замовай ад дзяржавы.
Метады Распаўсюджаныя метады хактывізму ўключаюць:
DDoS-атакі — перагрузка сеткавых рэсурсаў паўтаральнымі запытамі з мэтай іх часовага выхаду са строю. Метад выкарыстоўваецца як хуткі спосаб парушыць працу мэтавай інфраструктуры без значнай падрыхтоўкі з боку хакераў. Дэфэйсмэнт — змена візуальнага або тэкставага змесціва вэб-старонкі для размяшчэння палітычных паведамленняў. Доксінг — публікацыя асабістых даных (імёны, даты нараджэння, нумары тэлефонаў, фатаграфіі, дакументы) для дыскрэдытацыі чалавека або арганізацыі. Праграма-вымагальнік () — укараненне шыфравальшчыкаў для ціску на ахвяру з мэтай выканання палітычных патрабаванняў. Прыкладам з’яўляецца выпадак з праграмай «Sarbloh» падчас пратэстаў фермераў у Індыі ў 2021 годзе, калі ключ расшыфроўкі абяцаўся толькі пры выкананні ўмоў хакераў. Выкарыстанне персістэнтнага доступу — захаванне інструментаў на скампраметаваных рэсурсах (напрыклад, webshell), якія дазваляюць узломшчыку паўторна выкарыстоўваць доступ да сістэмы ў будучыні.
Уплыў Хактывізм можа мець як станоўчае, так і адмоўнае ўздзеянне. Са станоўчага боку, хактывісты могуць спрыяць выяўленню ўразлівасцяў інфармацыйных сістэм, а таксама спрыяць абароне даных. З адмоўнай — іх дзеянні могуць уяўляць пагрозу нацыянальнай і карпаратыўнай бяспекі. Праваахоўныя органы часта разглядаюць хактывізм як злачынную дзейнасць, а не як рэалізацыю правоў на ўдзел і свабоду выказвання меркаванняў.
Прыклады хактывісцкіх груповак
Anonymous
Дэцэнтралізаваны міжнародны калектыў, заснаваны на прынцыпах прасоўвання асабістай свабоды. Удзельнікі дзейнічаюць аўтаномна, каардынуючыся ў межах кампаній, якія абазначаюцца па схеме #Op[Назва]. Дзейнасць часта актывізуецца ў перыяды палітычных крызісаў ці міжнародных канфліктаў. Anonymous праводзілі кампаніі супраць дзяржаўных структур, прыватных кампаній і арганізацый, якія, на іх думку, дзейнічаюць на шкоду грамадству. Прыкладамі кампаній можна назваць «#OpIsrael», «#OpNicaragua» і «#OpRussia», а таксама атакі на вэб-хостынг правайдэра Epik у рамах «#OperationEpikFail» . Калектыў не мае фармальнай іерархіі, што забяспечвае гнуткасць, але ўскладняе ўзгодненасць дзеянняў паміж удзельнікамі і можа прыводзіць да з’яўлення непадкантрольных груп або асоб, якія дзейнічаюць уразрэз з агульнай ідэалогіяй арганізацыі.
Кіберпартызаны
Група, якая сфармавалася ў 2020 годзе на фоне масавых пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Удзельнікі — спецыялісты ў галіне інфармацыйных тэхналогій. Групоўка пачала з дэфэйсмэнту ўрадавых сайтаў, а затым перайшла да аперацый тыпу hack-and-leak, публікуючы даныя дзяржаўных органаў, праваахоўных структур і асоб, звязаных з кіраўніцтвам краіны. Сярод мэт арганізацыі былі КДБ, Нацыянальны банк Беларусі і Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце. Група таксама праводзіла DDoS-атакі і шыфраванне даных з палітычнымі патрабаваннямі, напрыклад вызвалення пэўных палітвязняў. З 2022 года Кіберпартызаны ўдзельнічалі ў зрыве ваеннай лагістыкі Расіі на тэрыторыі Беларусі, уключаючы атаку на інфраструктуру Беларускай чыгункі. Унутры групы існуе падзел на баявое ядро і дапаможныя ролі (распрацоўшчыкі, тэсціроўшчыкі, аналітыкі даных). Арганізацыя супрацоўнічае з іншымі апазіцыйнымі аб’яднаннямі, уключаючы альянс «Супраціў», і займалася распрацоўкай уласных інструментаў для забеспячэння бяспечнай камунікацыі паміж пратэстуючымі.
Гл. таксама
Flipper Zero
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Хакінг Катэгорыя:Інтэрнэт-тэрміналогія Катэгорыя:Хакерства