Еўрапейскае камандаванне ЗША — аб’яднанае баявое камандаванне Узброенымі сіламі ЗША ў Еўропе, заснаванае ў жніўні 1952 года ў Франкфурце-на-Майне (Германія).
На 2025 год адказвала за ваенную дапамогу саюзнікам па Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавора (Бельгія) і сумесныя вучэнні з імі. Цывільны штаб размяшчаўся ў нямецкім Штутгарце (зямля Бадэн-Вюртэмберг) па вуліцы Курмахера, дом 2304. Ваенны штаб знаходзіўся ў казармах Патча на захадзе Штутгарту. Кіраўніцтва Еўракаму ўтваралі: камандзір і яго намеснік, начальнік штабу, старэйшы закліканы правадыр і дарадца ў замежнай палітыцы.
Войскі На 2025 год у склад Еўрапейскага камандавання ЗША ўваходзілі: Армія ЗША ў Еўропе і Афрыцы (Вісбадэн, зямля Гесэн, Германія) — 5-ы армейскі корпус (Форт Нокс, штат Кентукі і Познань у Польшчы); 56-е артылерыйскае камандаванне (Вісбадэн); 7-е армейскае навучальнае камандаванне (Графенвёр, зямля Баварыя); 10-я армейскае камандаванне паветрана-ракетнай абаронай (Зембах, зямля Рэйнланд-Пфальц); 21-е камандаванне падтрымкай фронту (Кайзерслаўтэрн, зямля Рэйнланд-Пфальц); Штабны батальён (Вісбадэн); Аркестр і хор (Зембах); Брыгада АПАД (Зембах); 68-е медыцынскае камандаванне фронтам (Зембах);
Ваенна-марскія сілы ЗША ў Еўропе і Афрыцы (Неапаль, край Кампанія, Італія) як 6-ы флот ЗША з 6 аперацыйных груп — 63-я аперацыйная група (Неапаль) для дастаўкі, якая ўключала карабель камандавання «Гара Уітні» (Гаэта, край Лацыа); 64-я аперацыйная група (Неапаль) для ракетных удараў «Тамагаўкам»; 65-я аперацыйная група (Рота, аўт.суп. Андалусія, Іспанія) як 60-я эскадра мінаносцаў, якая ўключала 3 ракетныя эсмінцы «Арлі Бёрк», «Пол Ігнацый» і «Рузвельт»; 67-я аперацыйная група (Сіганела, востраў Сіцылія, Італія) з 6 эскадрыллямі самалётаў, верталётаў і беспілотнікаў дазору і радыёэлектроннай барацьбы ў Грэцыі (Суда (Грэцыя), востраў Крыт), Германіі (Шпангдалем, зямля Рэйнланд-Пфальц), Іспаніі (Рота) і Ісландыі (Кеблавік); 68-я аперацыйная група, якая ўключала прыбярэжныя эскадры і падраздзяленне знішчэння выбуховых боепрыпасаў, будаўнічыя сілы і вадалазныя караблі, дружыну тапаграфіі і дружыны разведкі; 69-я аперацыйная група, якая ўключала ўдарныя і ракетныя падлодкі;
Ваенна-паветраныя сілы ЗША ў Еўропе і Афрыцы (Рамштайн, зямля Рэйнланд-Пфальц, Германія) як 3-я паветраная армія, што налічвала 9 крылаў з больш як 32 000 ваенных — 31-е знішчальнае крыло (Авіяна, край Фрыулі-Венецыя-Джулія, Італія) з 2-х эскадрылляў Ф-16; 406-е паветрана-экспедыцыйнае крыло (Рамштайн) з 2-х груп і 10 эскадрылляў на 4-х лётнішчах, у тым ліку ў Італіі (Сіганела), Джыбуці (Шабелі) і Кеніі (Манда); 48-е знішчальнае крыло (Лэйкенхіт, графства Сафалк, Англія) на 7000 ваенных у складзе 4-х эскадрылляў Ф-15; 86-е крыло паветранага транспарту (Рамштайн) на 9000 персаналу ў 7 групах, якія ўключалі 29 эскадрылляў, у тым ліку ў Бельгіі (Ш’еўр, край Валонія), Іспаніі (Марон-дэ-ла-Франтэра, суп. Андалусія) і Партугаліі (Лажыш, Азорскія астравы); 39-е крыло авіябазы (Інджырлік, вобласць Адана, Турцыя) налічвала 3 групы, якія ўключалі 12 эскадрылляў; 100-я крыло дазапраўкі ў паветры (Мілдэнхол, графства Сафалк) з 3 груп, якія налічвалі 10 эскадрылляў, што выкарыстоўвала для запраўкі КЦ-135 «Стрататанкеры»; 52-е знішчальнае крыло (Шпангдалем, Германія) з 5000 супрацоўнікаў і 9 падраздзяленняў у 5 краінах — Польшчы (Ласк у Лодзінскім ваяводстве і Міраславец у Заходнепаморскім ваяводстве), Германіі (Бюхель у зямлі Рэйнланд-Пфальц і Гайленкірхен у зямлі Паўночны Рэйн — Вестфалія), Бельгіі (Кляйн Брогель у Фландрыі), Нідэрландах (Волькель у Паўночным Брабанце) і Італіі (Гедзі ў Ламбардыі) ды мела на ўзбраенні ў Польшчы знішчальнікі Ф-16 і беспілотнікі МКю-9; 501-е крыло баявой падтрымкі (Алканберы, графства Кембрыджшыр, Англія) з 2000 ваенных у 2 групах і 14 эскадрыллях у Англіі (Кроўтан у Нортгемптаншыры, Ферфорд у Глостэршыры, Уэлфорд у Бекршыры, Менвіт Хіл у Паўночным Ёркшыры і Молсўорт у Кембрыджшыры), Нарвегіі (Сула ў вобласці Ругалян) і на Кіпры; Крыло цяжкага паветранага транспарту (Папа, Венгрыя) з трыма транспартнымі самалётамі Ц-17 «Глобмастэр 3» і 150 ваеннымі ад 12 дзяржаў-удзельніцаў АПАД; Сілы марской пяхоты ЗША ў Еўропе і Афрыцы (Бёблінген, зямля Бадэн-Вюртэмберг, Германія) з 1500 пехацінцаў, з якіх 300 былі пры штабе;
Камандаванне спецыяльнымі аперацыямі ЗША ў Еўропе (Штутгарт, Германія) — 10-я група сіл спецпрызначэння (Форт Карсан, штат Каларада) з 1-м з 4-х батальёнаў у Бёблінгіне (Германія); 352-е крыло спецыяльных аперацый (Мілдэнхол, графства Сафалк, Англія); Ваенна-марское аперацыйнае падраздзяленне спецпрызначэння ў Еўропе; 112-ы батальён сувязі (Форт Брэг, штат Паўночная Караліна); Касмічныя сілы ЗША ў Еўропе і Афрыцы (Рамштайн, Германія) — 30 чалавек.
Гісторыя
19 мая 1952 года вярхоўны саюзны камандзір у Еўропе (ВСКЭ) Дуайт Эйзенхаўэр паведаміў Камітэту начальнікаў штабоў ЗША (КНШ) пра намер стварыць асобны штаб для сумесных ваенных спраў ЗША ў Еўропе. 23 мая КНШ ЗША ўхваліў прапанову Эйзенхаўэра, які даручыў свайму намесніку Томасу Хэндзі стварыць аб’яднанае камандаванне. 30 мая 1952 года ВСКЭ стаў Мэцью Рыджуэй. 1 жніўня 1952 года Рыджуэй падпісаў Загад № 1, якім заснаваў Еўрапейскае камандаванне ЗША (Еўракам ЗША). Загадам № 2 у той самы дзень ён аб’яднаў пад кіраўніцтвам Еўракаму 3 еўрапейскія камандаванні — Ваенна-паветраныя сілы ЗША ў Еўропе, Еўрапейскае камандаванне Арміі ЗША, якое перайменавалі ў Армію ЗША ў Еўропе, і Ваенна-марскія сілы ЗША ва Усходняй Атлантыцы і Міжземнамор’і. У 1952 годзе Рыджуэй зрабіў свайго намесніка Хэндзі кіраўніком штабу Еўракаму, які першыя 2 гады размяшчаўся ў Франкфурце-на-Майне (Заходняя Германія). У 1954 годзе штаб перамясцілі ў Сен-Жэрмен-ан-Ле (дэпартамент Івелін, Францыя) на захад ад Парыжу, дзе знаходзіўся Вярхоўны штаб саюзных дзяржаў у Еўропе.
У 1958 годзе войскі Еўракаму прыцягвалі для вырашэння Ліванскага крызіса. У 1966 годзе французскі прэзідэнт Шарль дэ Голь запатрабаваў вываду войскаў ЗША з Францыі разам са штаб-кватэрай Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавора. Таму 15 сакавіку 1967 года Еўрапейскае камандаванне ЗША размясцілі ў нямецкім Штутгарце, дзе раней знаходзіўся штаб 7-й арміі ЗША. У 1967 годзе пачалі шэраг штогадовых вучэнняў «Вяртанне сіл у Германію». У 1976 годзе Савецкі Саюз разгарнуў у дзяржавах-удзельніцах Арганізацыі Варшаўскага дагавора (Польшча) балістычныя ракеты сярэдняй далёкасці РСД-10 «Піянер». У адказ у 1983 годзе Еўрапейскае камандаванне ЗША разгарнула балістычныя ракеты сярэдняй далёкасці «Першынг 2» і крылатыя ракеты наземнага размяшчэння. Колькасць войскаў Еўракаму павялічылі да больш як 350 000 чалавек.
Згодна з законам Голдўотэра-Нікалса 1986 года «Аб рэарганізацыі Міністэрства абароны» старшыня Камітэта начальнікаў штабоў Колін Паўэл увёў кіраванне баявымі камандзірамі без узгаднення з начальнікамі відаў войскаў. Таксама паводле гэтага закону, стварылі Камандаванне спецыяльнымі аперацыямі ЗША (штат Фларыда), якое ўключыла адпаведнае камандаванне ў Еўропе (Штутгарт). У 1987 годзе заключылі амерыкана-савецкую Дамову аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці. У выніку спынілі разгортванне балістычных ракетаў РСД-10 і «Першынг 2», а таксама крылатыя ракеты наземнага размяшчэння. У 1989 годзе адбылося падзенне Берлінскай сцяну, што абазначыла канец Халоднай вайны. У 1991 годзе распаліся Арганізацыя Варшаўскага дагавора і Савецкі Саюз. Таму ў 1991 годзе Еўракам зняў свой паветрана-дэсантны камандны пункт з баявой гатоўнасці і перадаў частку сіл Цэнтральнаму камандаванню ЗША для аперацыі «Бура ў пустыні» па-за Еўропай.
У 1990-я гады Еўракам супрацоўнічаў з развіццёвымі краінамі праз такія праграмы, як Праграма сумесных кантрактных дружынаў, праграма АПАД «Партнёрства дзеля міру» і Праграма дзяржаўнага супольніцтва Бюро Нацыянальнай гвардыі ЗША. Праводзілі міратворчыя дзеянні ў на Балканах, у тым ліку ў Босніі і Герцагавіне, Македоніі і сербскім краі Косава і Мятохія. Тым часам, колькасць войскаў Еўракаму скарацілі да менш як 120 000 чалавек. Пасля тэрарыстычных актаў 11 верасня 2001 года Еўрапейскае камандаванне ЗША вылучыла асноўныя сілы для Афганскай і Іракскай войнаў, у тым ліку для ратацыі. Падрывы цягнікоў у Мадрыдзе 2004 года і падрывы ў Лондане 2005 года запатрабавалі адказу ў Афрыцы. У 2007 годзе Еўракам пачаў аперацыю «Няскораная свабода Транссахары» ў Заходняй Афрыцы. 1 кастрычніка 2008 года са складу Еўракаму вылучылі Афрыканскае камандаванне ЗША са штабам таксама ў Штутгарце, якому перадалі мерапрыемствы ў Афрыцы. Гэта дазволіла Еўракаму засяродзіць намаганні на Каўказе.
У 2018 годзе Еўрапейскае камандаванне ЗША налічвала 74 000 ваенных, з іх 34 000 прыпадала на Армію, 27 000 на Ваенна-паветраныя сілы, 10 000 на Ваенна-марскі флот і 3000 на марскіх пехацінцаў. Яшчэ 20 000 грамадзянскіх супрацоўнікаў абслугоўвалі патрэбы Еўракаму. За 2015—2019 гады забеспячэнне Еўракаму праз Еўрапейскае пачынанне стрымлівання пачылічылі 6-кратна да 6,5 млрд долараў.
Камандзіры
Мэцью Рыджуэй (30 мая 1952 — 11 ліпеня 1953; Армія ЗША) Альфрэд Грунтэр (11 ліпеня 1953 — 20 лістапада 1956; Армія ЗША) Лорыс Норстад (20 лістапада 1956 — 1 лістапада 1962; Ваенна-паветраныя сілы ЗША) Ліман Лемніцэр (1 лістапада 1962 — 1 ліпеня 1969; Армія ЗША) Эндру Гудпастэр (1 ліпеня 1969 — 15 снежня 1974; Армія ЗША) Аляксандр Хейг (15 снежня 1974 — 1 ліпеня 1979; Армія ЗША) Бернард Роджэрс (1 ліпеня 1979 — 26 чэрвеня 1987; Армія ЗША) Джон Гэлвін (26 чэрвеня 1987 — 23 чэрвеня 1992; Армія ЗША) Джон Шалікашвілі (23 чэрвеня 1992 — 22 кастрычніка 1993; Армія ЗША) Джордж Жульуан (22 кастрычніка 1993 — 11 ліпеня 1997; Армія ЗША) Уэслі Кларк (11 ліпеня 1997 — 3 мая 2000; Армія ЗША) Джозеф Ральстан (3 мая 2000 — 17 студзеня 2003; Ваенна-паветраныя сілы ЗША) Джэймс Джонс (17 студзеня 2003 — 7 снежня 2006; Корпус марской пяхоты ЗША) Банц Крэдак (7 снежня 2006 — 2 ліпеня 2009; Армія ЗША) Джэймс Стаўрыдзіс (2 ліпеня 2009 — 13 мая 2013; Ваенна-марскі флот ЗША) Філіп Брыдлоў (13 мая 2013 — 4 мая 2016; Ваенна-паветраныя сілы ЗША) Кёрціс Скапароці (4 мая 2016 — 3 мая 2019; Армія ЗША) Тод Уолтэрс (3 мая 2019 — 1 ліпеня 2022; Ваенна-паветраныя сілы ЗША) Крыстафер Каволі (1 ліпеня 2022—2025; Армія ЗША) Алексус Грынкевіч (ад 2025 года; Ваенна-паветраныя сілы ЗША)
Крыніцы
Спасылкі
Медыяпакой
Катэгорыя:Міністэрства абароны ЗША Катэгорыя:Штутгарт Катэгорыя:Арганізацыі, заснаваныя ў 1952 годзе Катэгорыя:ФРГ Катэгорыя:Адносіны ЗША і Еўропы