Катэгорыя:Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі Катэгорыя:Правы чалавека ў Беларусі Катэгорыя:Палітычны крызіс у Беларусі (2020) Катэгорыя:Вікіпедысты Рэпрэсіі супраць беларускіх вікіпедыстаў — серыя палітычна матываваных затрыманняў, арыштаў, пераследу і іншых формаў ціску з боку беларускіх уладаў у дачыненні да аўтараў і рэдактараў беларускамоўнай версіі Вікіпедыі, зафіксаваныя ў 2020-я гады. Гэтыя дзеянні разглядаюцца ў кантэксце шырокай хвалі рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці, СМІ і грамадскіх актывістаў у Беларусі, якая накіравана на кантроль над інфармацыйнай прасторай у Беларусі і спробай абмежаваць доступ грамадзян да незалежных крыніц інфармацыі.

Гістарычны кантэкст Беларуская Вікіпедыя, створаная ў 2004 годзе, стала важнай платформай для захавання і папулярызацыі беларускай мовы, культуры і гісторыі. У перыяд палітычнага крызісу ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ўлады ўзмацнілі кантроль над інфармацыйнай прасторай, уключаючы незалежныя СМІ і інтэрнэт-рэсурсы. Артыкулы Вікіпедыі, якія асвятлялі пратэсты і дзеянні ўладаў і пры гэтым не адпавядалі афіцыйнай дзяржаўнай пазіцыі, сталі аб’ектам пільнай увагі, бо беларуская Вікіпедыя заставалася адной з нямногіх платформ, дзе захоўвалася адносная свабода інфармацыі і плюралізм меркаванняў.

У 2025 годзе, перад хваляй арыштаў рэдактараў беларускай Вікіпедыі, дзяржаўныя СМІ пачалі інфармацыйную кампанію з абвінавачваннямі беларускай Вікіпедыі ў празаходняй пазіцыі. Найбольш актыўна прасоўвала ў беларускім інфармацыйным полі гэтыя наратывы прапагандыстка Людміла Гладкая.

Формы рэпрэсій Рэпрэсіі ў дачыненні да рэдактараў беларускай Вікіпедыі праяўляюцца ў розных формах: Арышты і затрыманні: Вядомыя выпадкі затрыманняў і арыштаў адміністратараў і актыўных удзельнікаў Вікіпедыі па абвінавачваннях, звязаных з іх дзейнасцю ў інтэрнэце. Часта падставай для такіх дзеянняў станавіліся артыкулы, якія асвятлялі палітычныя падзеі ў Беларусі або крытыкавалі дзеянні ўладаў. Адміністрацыйны і крымінальны пераслед: Рэдактараў прыцягваюць да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці паводле артыкулаў, якія тычацца распаўсюджвання «экстрэмісцкіх матэрыялаў», «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» ці «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Ціск і запалохванні: Акрамя непасрэдных арыштаў, фіксуюцца выпадкі ціску на ўдзельнікаў Вікіпедыі праз пагрозы, выклікі на допыты, канфіскацыю тэхнікі і іншыя формы запалохвання.

Храналогія пераследу рэдактараў 2022 год. Затрыманы рэдактары Марк Бернштэйн і Уладзіслаў Чаховіч. Бернштэйна абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» з-за рэдагавання артыкулаў, звязаных з уварваннем Расіі ва Украіну і асудзілі на тры гады абмежавання волі. Паводле сілавікоў, ён распаўсюджваў «фэйкавыя матэрыялы пра расійскія Узброеныя сілы». 7 красавіка 2022 года на два гады калоніі ўзмоцненага рэжыму быў асуджаны Павел Пернікаў — рэдактар некалькіх моўных раздзелаў Вікіпедыі (у тым ліку двух беларускіх). Пакаранне было прызначана за допісы ў інтэрнэце, якія «дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь», у тым ліку дзве праўкі ў Вікіпедыі артыкулаў пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі. Снежань 2024 года. Затрыманы рэдактар пад псеўданімам Stary Jolup, які ўносіў праўкі ў раздзел Вікіпедыі на тарашкевіцы. 13 сакавіка 2025 года. Знік рэдактар пад псеўданімам Kazimier Lachnovič, ягоны лёс напачатку быў невядомы (гл. ніжэй). Красавік — травень 2025 года. Затрыманая рэдактарка Вольга Сітнік, якую пазней арыштавалі на 10 сутак. Пазней стала вядома, што беларускія спецслужбы шукаюць фотаграфаў на мітынг Святланы і Сяргея Ціханоўскіх у Варшаве праз узламаны акаўнт Вольгі. 15 траўня 2025 года стала вядома пра арышт Максіма Лепушэнкі, аднаго з найстарэйшых (з 2007 года) адміністратараў беларускай Вікіпедыі, які спецыялізаваўся на старажытнай гісторыі Беларусі. У лістападзе 2025 года пракуратура Мінска паведаміла аб двухгадовым турэмным тэрміне і штрафе для 37-гадовага выкладчыка ВНУ за ўчыненыя з 2020 па 2025 год 25 правак аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь, прэзідэнцкіх выбарах і рэферэндумах, дзейнасці ўлады, прававым стане грамадзян. Наша Ніва атаясаміла яго з рэдакатарам Kazimier Lachnovič. У сакавіку 2025 года ён стаў адным з 250 палітычных зняволеных, вызваленых у выніку перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і спецыяльнага пасланніка ЗША па Беларусі Джона Коўла.

Наступствы Выпадкі ціску на аўтараў і рэдактараў Вікіпедыі выклікалі шырокі міжнародны рэзананс, а праваабарончыя арганізацыі (Amnesty International, Human Rights Watch) і міжнародная вікі-супольнасць (Фонд Вікімедыя) асуджалі дзеянні беларускіх уладаў як парушэнне прынцыпаў свабоды слова і доступу да інфармацыі. Міжнародная супольнасць безвынікова заклікала ўлады спыніць пераслед аўтараў і рэдактараў Вікіпедыі, вызваліць арыштаваных і забяспечыць свабодны доступ да інфармацыі.

У адказ на пераслед рэдактараў у Беларусі супольнасць Вікіпедыі прыняла беспрэцэдэнтнае рашэнне: схаваць аўтараў правак у артыкулах на ваенныя і палітычныя тэмы. Гэта азначала, што IP-адрасы і імёны ўліковых запісаў рэдактараў у пэўны перыяд рабіліся не бачнымі не толькі для чытачоў і звычайных рэдактараў, але нават для сістэмных аператараў беларускага раздзела. Мэта гэтага кроку — абараніць рэдактараў ад дэананімізацыі і пераследу з боку органаў улады.

Аднак у сярэдзіне красавіка 2026 года магчымасць хаваць гісторыю новых правак і новых палітычных артыкулаў стала часова недаступнай. Згодна з глабальнай палітыкай бяспекі Фонду Вікімедыя, каб лакальны моўны раздзел мог карыстацца такім інструментам, неабходна мець мінімум двух актыўных «рэвізораў» (уліковыя запісы з выключнымі правамі). З-за таго, што адзін з беларускіх рэвізораў быў неактыўны больш за год, глабальныя адміністратары (сцюарды) аўтаматычна пазбавілі яго гэтага статусу. Паўнамоцтвы другога і адзінага рэвізора раздзела таксама прыпынілі да абрання новага напарніка.

Гэтая праблема стварыла новую небяспеку для вікі-супольнасці на фоне існых крымінальных пераследаў актыўных удзельнікаў. У адказ беларускія адміністратары вымушаны былі размясціць на галоўнай старонцы беларускай Вікіпедыі адмысловы банер з папярэджаннем і рэкамендацыяй для аўтараў з Беларусі ўстрымлівацца ад рэдагавання патэнцыйна небяспечных артыкулаў з асноўных профіляў і прапанавалі карыстацца «ўкладкамі інкогніта» і часовымі ўліковымі запісамі. Раней схаваныя артыкулы, як сцвярджаюць адміністратары, засталіся пад абаронай механізму і іх рассакрэчвання не адбылося.

Адначасова праваабаронцы адзначаюць змену тактыкі ўладаў: з канца верасня 2024 года інфармацыя пра палітычна матываваныя затрыманні і суды амаль не публікуецца афіцыйна, што не азначае спынення рэпрэсій, але значна ўскладняе незалежны маніторынг сітуацыі. Гэта можа сведчыць пра намаганні ўладаў схаваць маштабы пераследу і пазбегнуць міжнароднай крытыкі. Атмасфера запалохвання і рэпрэсій, якую фармуюць улады Беларусі, аказвае значны негатыўны ўплыў на функцыянаванне беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. Страх перад пераследам прымушае многіх рэдактараў праяўляць самацэнзуру або ўвогуле адмаўляцца ад рэдагавання палітычна адчувальных тэм. Частка ўдзельнікаў, асабліва тых, хто знаходзіцца ў Беларусі, вымушана спыніць сваю дзейнасць у Вікіпедыі з меркаванняў бяспекі. У выніку скарачаецца колькасць актыўных рэдактараў, што прыводзіць да пагаршэння якасці і паўнавартаснасці асвятлення многіх грамадска важных тэм, у тым ліку тых, што тычацца бягучай палітычнай сітуацыі ў краіне.

Гл. таксама Спіс людзей, арыштаваных за рэдагаванне Вікіпедыі Дзень беларускай Вікіпедыі ў Польшчы (2026) Праваабарончыя праблемы, звязаныя з падаўленнем беларускіх пратэстаў 2020 года Рэпрэсіі супраць беларускіх радыёаматараў

Зноскі

Катэгорыя:Цэнзура ў Беларусі Катэгорыя:Свабода слова Катэгорыя:Рэпрэсаваныя беларускія вікіпедысты