Аўгусці́нцы (), афіцыйна Ордэн Святога Аўгусціна (; ), да 1968 года Ордэн пустэльнікаў Святога Аўгусціна, ; ) — каталіцкі манаскі ордэн, заснаваны ў XIII стагоддзі на аснове духоўнай спадчыны Святога Аўгусціна. З’яўляецца жабрацкім ордэнам.

Гісторыя Паводле легендарнай версіі царквы, ордэн утвораны ў 391 годзе біскупам горада Гіпона (Паўночная Афрыка) Аўрэліем Аўгусцінам (354—430). На самой справе ён узнік пасля аб’яднання чатырох кангрэгацый манахаў-пустэльнікаў і зацверджаны булай папы Аляксандра IV у 1256 годзе.

Структура і лад жыцця У аснову дзейнасці ордэна пакладзена так званае «Правіла святога Аўгусціна» — зборнік тэкстаў, напісаных нібыта самім Аўрэліем Аўгусцінам. На чале ордэна стаяў генерал, якога выбіраў ордэнскі капітул. Улада генерала была абмежавана дзейнасцю дэфінітарыяў (дарадчыкаў). Кляштары (канвікты) аўгусцінцаў аб’ядноўваліся ў правінцыі.

Вопратка аўгусцінцаў — чорны хабіт (суконная рыза з вострым капюшонам і доўгімі шырокімі рукавамі).

Духоўнасць і навука У перыяд позняга Сярэднявечча аўгусцінцы, як і францысканцы, абаранялі кірунак сярэднявечнай схаластыкі — аўгусцініянства. Для яго характэрны арыентацыя на Платона, неаплатанізм, аналогія паміж трыма здольнасцямі душы (памяць, розум, воля) і трыма абліччамі Тройцы, тэзіс аб веры як перадумове ўсялякіх ведаў і іншае.

У XVI стагоддзі манахі-аўгусцінцы падтрымалі Рэфармацыю. Заснавальнік пратэстантызму Марцін Лютэр да свайго разрыву з каталіцызмам належаў да ордэна аўгусцінцаў. Таксама аўгусцінцам быў прыродазнавец і заснавальнік генетыкі Г. Мендэль.

Аўгусцінцы ў Беларусі і Літве

У ВКЛ і Польшчы ордэн аўгусцінцаў быў самым нешматлікім сярод жабрацкіх ордэнаў. У Польшчы яны з’явіліся ў XIII стагоддзі; кляштары належалі да Нямецкай, пасля — Турынска-Саксонскай і Баварскай правінцый. У 1431 годзе Баварская правінцыя падзелена на Польскую (Малая Польшча), Мазавецкую і Рускую (літоўска-рускія землі) акругі. У 1547 годзе створана Польская правінцыя.

На тэрыторыі сучаснай Беларусі і Літвы аўгусцінцы мелі наступныя кляштары: Берасце (1410—1830) — фундатар вялікі князь Вітаўт; Гародня (1503—1673) — фундатар вялікі князь Аляксандр; Міхалішкі (цяпер Астравецкі раён) — у 1653 годзе на сродкі Яна Бжастоўскага і яго сына Цыпрыяна пабудаваны касцёл аўгусцінцаў (архітэктар К. Пэнс); Кодань (1646—1655); Вільня (з 1675).

Існавала таксама жаночая галіна ордэна.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Каталіцкія ордэны і кангрэгацыі Катэгорыя:Жабрацкія ордэны