Лешак Асоўскі (пол. Leszek Ossowski; 1 красавіка 1905, Варшава — 10 лютага 1996, Варшава) — польскі славіст, адзін з пачынальнікаў навуковага вывучэння беларускай мовы за мяжой.
Біяграфія Паходзіў са шляхецкага роду Асоўскіх герба «Даленга». Нарадзіўся ў сям’і Конрада Рафала Асоўскага (1875—1935) і Раманы Цэзарыны з Пултаўскіх (1878—1917). Дзяцінства Л. Асоўскага прайшло на Случчыне. Некаторы час вучыўся ў Слуцкай гімназііБеларуская мова: Энцыклапедыя / Беларус. Энцыкл.; пад. рэд. А. Я. Міхневіча; рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 654 с. ISBN 5-85700-126-9..
Вышэйшую адукацыю атрымаў у Пазнаньскім універсітэце, а потым у Ягелонскім, дзе ў 1932 годзе напісаў і абараніў магістарскую работу і кандыдацкую дысертацыю. У 1932—1934 гадах як навуковы стыпендыят праходзіў падрыхтоўку ў Сафійскім універсітэце. Чытаў лекцыі па беларускай мове ў Ягелонскім універсітэце (1934), па беларускай і балгарскай мовах ва ўніверсітэце ў Львове (1935—1939). У 1939—1941 гадах — дацэнт кафедры славянскай філалогіі Львоўскага ўніверсітэта. З 1945 года выкладаў у Ягелонскім універсітэце, дзе ў тым жа годзе абараніў доктарскую дысертацыю ў галіне ўсходнеславянскай філалогіі. З 1946 года — загадчык кафедры рускай мовы Уроцлаўскага ўніверсітэта. У 1964 годзе Л. Асоўскаму прысвоена званне прафесара і ён прызначаны загадчыкам кафедры рускай філалогіі Пазнаньскага ўніверсітэта імя А. Міцкевіча, дзе працаваў да 1975 года.
Памёр 10 лютага 1996 года ў Варшаве. Пахаваны на Старых Павонзках (квартал 7, рад 1, месца 21, 22).
Навуковая дзейнасць Палескія гаворкі сталі тэмай даследаванняў Л. Асоўскага на працягу ўсяго яго жыцця. Значную навуковую каштоўнасць маюць працы Л. Асоўскага пра ўплыў польскай мовы на беларускія гаворкі. Вялікую ўвагу аддаваў вучоны і паасобным тэарэтычным пытанням беларусістыкі. Як вучоны-славіст ён працаваў і над пытаннямі параўнальнай граматыкі славянскіх моў.
Крыніцы
Літаратура Беларуская мова: Энцыклапедыя / Беларус. Энцыкл.; пад. рэд. А. Я. Міхневіча; рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 654 с. ISBN 5-85700-126-9.
Катэгорыя:Філолагі Польшчы Катэгорыя:Мовазнаўцы Польшчы