Шая Нісан Га-коган Гольдберг () — яўрэйскі пісьменнік. Пісаў на іўрыце і ідышы. Родам з Беларусі. Вядомы пад псеўданімам Якнэгаз (יכּנה״ז).
Біяграфія Нарадзіўся ў Стальбоўшчыне (сёння Уздзенскі раён). Потым сям’я жыла ў Магільне, дзе бацька быў настаўнікам. Жылі бедна, не было грошай на паперу і чарніла, малы хлопчык пісаў вугалем на кусках дрэва, на лісці. Рабіў чарніла з сажы. Да 10 год вучыўся ў хедары, добра ведаў Танах, пісаў творы на старажытнаяўрэйскай мове, потым з бацькам вучыў Талмуд у бэйс-мідрашы. У 13 год з бацькамі перабраўся ў Капыль, адсюль жыццё павяло яго ў Нясвіж, Узду, Мінск. Вучыўся ў ешывах, жыў і еў у дамах розных людзей, паводле тагачаснага звычаю. Маючы 15 год стаў працаваць вандроўным праўшчыкам рукапісаў Торы (מגיה). У сінагозе мяснікоў пазнаёміўся з менчуком Цытронам, які ўжо быў карэспандэнтам яўрэйскага друку, ад яго атрымаў параду ўзяцца за пяро. У 1879 годзе дэбютаваў з публіцыстычнымі творамі ў газеце «Га-коль», і пазней «Коль леам», адразу пісаў на іўрыце і ідышы. У другой палове 80-х гадоў дабраўся да Кіева, у літаратурным зборніку Шолам-Алэйхэма «Яўрэйская народная бібліятэка» ў нумары 1 з’явіліся яго «Лісты з Літвы ў Амерыку». Ганарар склаў 150 рублёў — на той час многа (1888 год). Становіцца супрацоўнікам розных газет. Жыве ў розных месцах на Украіне, у Кіеўскай і Палтаўскай губернях. Калі стала вядома, што ён працуе ў «ерэтычных» газетах — прыйшлося вярнуцца дамоў (1889). Быў настаўнікам іўрыта спачатку ў Койданаве, а з 1891 года ў Мінску, дзе жыў да смерці. Устанаўленне савецкага атэізму паклала канец яго прафесіі. Атрымліваў персанальную пенсію. Друкаваўся ў савецкіх выданнях «Акцябр», «Дэр эмэс», у заходнебеларускім «Вільнер тог» і амерыканскім «Фрайхайт». Напісаў успаміны.
Творчасць Яму належыць каля 500 апавяданняў і мініяцюр.
Добра ведаў жыццё мяшчанства і беднага люду. Зварачаў увагу на сацыяльныя праблемы, напрыклад, на банды яўрэяў-гандляроў «жывым таварам», якія выкрадалі яўрэйскіх дзяцей і прадавалі ў царскае войска. Апісваў побыт ешыботнікаў, спрэчкі між хасідамі і іх праціўнікамі з артадаксальнага лагера (міснагідамі).
Цікавыя факты Бацька Екусіель-Залман — сын рабіна, унук вядомага ўкраінскага талмудыста Каліра (1741—1802). Меў уплыў на Абрама Рэйзена.
Літаратура Якнагаз // Еврейская энциклопедия Брокгауза и Ефрона. Том 16 Yaknehoz // Слоўнік яўрэйскай літаратуры Berl Kagan, comp., Leksikon fun yidish-shraybers (Biographical dictionary of Yiddish writers) (New York, 1986) Chaim Beider, Leksikon fun yidishe shrayber in ratn-farband (Biographical dictionary of Yiddish writers in the Soviet Union), ed. Boris Sandler and Gennady Estraikh (New York, 2011), pp. 176–77
Катэгорыя:Ідышамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Іўрытамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Педагогі Беларусі Катэгорыя:Нарадзіліся ва Уздзенскім раёне