Ларыса Фёдараўна Шчыракова (нар. ) — беларуская журналістка, краязнаўца, палітычная зняволеная рэжыму Лукашэнкі.

Біяграфія Нарадзілася 13 красавіка 1973 года ў Гомелі. Скончыла гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францішка Скарыны. Па спецыяльнасці працавала настаўніцай гісторыі і англійскай мовы ў школе.

Пазней захапілася журналістыкай і займалася ёй прафесійна з 2008 года. Супрацоўнічала з рознымі незалежнымі медыя, больш за іншых — з тэлеканалам «Белсат».

З 2009 года рэалізоўвала праекты Еўрапейскай камісіі для грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, працуючы з ліквідаванай уладамі ў 2021 годзе моладзевай групай «Талака» над стварэннем і распаўсюджваннем відэаматэрыялаў грамадскай накіраванасці ў Гомелі.

У 2012 годзе Шчыракова сыграла галоўную ролю ў дакументальна-мастацкай стужцы «Палута Бадунова — успомніць і не забыць». Фільм пра Палуту Бадунову паводле кнігі Валянціны Лебедзевай пачала здымаць сама, але потым звярнулася да рэжысёра Валерыя Мазынскага.

Таксама мела ўласны праект «Забітыя і забытыя», у якім здымала відэасюжэты пра рэпрэсаваных Сталіным жыхароў Гомельшчыны і змяшчала іх на сваім канале YouTube.

Палітычны пераслед, суды і зняволенне За прафесійную дзейнасць журналістку больш за 40 разоў каралі адміністрацыйнымі штрафаміhttps://homeldays.org/5-fakta-pra-zhurnalistku-i-krajazna-cu-larysu-shchyrakovu/. За асвятленне паслявыбарчых акцый пратэсту 2020 года суды ёй сутак не прызначалі, бо Шчыракова адна гадавала непаўналетняга сына.

6 снежня 2022 года журналістку арыштавалі пасля ператрусу ў яе доме, сына змясцілі ў прытулак. 16 снежня 2022 года сумеснай заявай васьмі арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі ПЭН, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Прававая ініцыятыва, Шчыракову прызналі палітычнай зняволенай.

27 жніўня 2022 года ў Гомельскім абласным судзе пачаўся закрыты працэс над палітвязынкай. Шчыракову абвінавацілі паводле артыкулаў 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса. Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, яна «са жніўня 2020 года па снежань 2022 года, выкарыстоўваючы напружаную грамадскую сітуацыю і імкнучыся дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, праз розныя месэнджары і ўліковыя запісы ў сацсетках перадала для размяшчэння і размясціла ў інтэрнэце, у тым ліку на дэструктыўных рэсурсах, інфармацыйныя матэрыялы з загадзя ілжывымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь». Таксама яна нібыта "ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўку, захоўванне і перадачу аўдыя‑, відэа‑, фота- і тэкставай інфармацыі для далейшага выкарыстання ў мэтах забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці інфармацыйнага рэсурсу «Вясна» і экстрэмісцкага фармавання «Белсат».

31 жніўня 2023 года суддзя Мікалай Доля прысудзіў палітвязынцы 3,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, а таксама штраф 100 базавых велячынь (3700 BYN) з частковай канфіскацыяй маёмасці.

Шчыракова, якая ў 2021 годзе яшчэ да прызнання «Белсата» экстрэмісцкім фармаваннем, публічна заявіла, што сыходзіць з журналістыкі, не прызнала сваёй віны і не падавала апеляцыю на прысуд, палічыўшы гэта марным. Вырак набыў моц, і 22 верасня 2023 года асуджаную журналістку ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў» МУС. Неўзабаве Шчыракову этапавалі з гомельскага СІЗА № 6 ў жаночую папраўчую калонію № 4 у Гомелі адбываць тэрмін.

У калоніі яна працавала швачкай. Па словах праваабаронцаў і былых зняволеных, умовы працы палітычных зняволеных цяжкія, а заробкі мізэрныяhttps://www.facebook.com/100000566311557/posts/9844295442265902.

Вызваленне і прымусовы вываз з Беларусі 11 верасня 2025 года, калі Ларысе быць у няволі заставалася 4 месяцы, яе вызвалілі, і ў складзе 51 палітзняволеных прымусова вывезлі з Беларусі ў Літву.

«Я думала: я застануся, о`кей, задушыцеся, я адсяджу, але потым я зараблю сабе права жыць у сваёй краіне. Але выйшла, што гэта ілюзія. І нягледзячы на тое, што я адсядзела і мне засталося толькі чатыры месяцы, усё роўна мне не далі магчымасці застацца ў сваёй краіне», – распавяла «Белсату» былая палітзняволеная. 

12 верасня 2025 года падчас прэс-канферэнцыі з выдваранымі з Беларусі палітвязнямі, Ларыса Шчыракова расказала падрабязнасці пра сваё ўтрыманне ў калоніі. 

Асабістае жыццё Сына Святаслава Ларыса выхоўвала адна. З-за арышту маці 6 снежня 2022 года сын быў змешчаны ў дзіцячы дом. Праз месяц адтуль яго забраў пад апеку бацька, які жыў у Расіі, бо іншым родзічам хлопца не аддалі.

Падчас зняволення Шчыраковай у гомельскім СІЗА ў 2023 годзе памерла яе маці, на пахаванне якой яе не адпусцілі.

Міжнародная падтрымка Прэзідэнтка Еўрапарламента Раберта Метсола выказала безумоўную салідарнасць са Шчыраковай і ўсімі незалежнымі журналістамі, якія знаходзяцца ў турмах Лукашэнкі.

Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) і саюзы французскіх журналістаў SNJ, SNJ-CGT, CFDT-Journalistes зрабілі адмысловую заяву, у якой заклікалі да безадкладнага вызвалення Шчыраковай.

Прэзідэнтка Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Мая Север (Maja Sever) напісала і перадала Шчыраковай ліст з цёплымі словамі падтрымкі.

Абавязкі сімвалічнай «хроснай» Шчыраковай узяла на сябе , дэпутатка .

Узнагароды У кастрычніку 2023 года Шчыракова атрымала прэмію за сваю журналісцкую дзейнасць.

Крыніцы

Спасылкі Профіль Ларысы Шчыраковай на сайце «Праваабарончы цэнтр Вясна» Профіль Ларысы Шчыраковай на Dissidentby.com Беларускія жанчыны-палітвязні: Ларыса Шчыракова Ларыса Шчыракова: Хачу паказаць абсурднасць беларускага суду (+відэа, фота) 5 фактаў пра Ларысу Шчыракову

Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Палітвязні Беларусі Катэгорыя:Асобы, прызнаныя палітычнымі зняволенымі праваабарончым цэнтрам «Вясна» Катэгорыя:Выпускнікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта