Антоні-Раман Жук (25 ліпеня 1830 — пасля 1905) — ваенны дзеяч Расійскай імперыі.

Біяграфія Паходзіў са шляхецкага роду Жукоў герба «Слепаўрон». Антоні-Раман нарадзіўся 25 ліпеня 1830 года і быў ахрышчаны 27 ліпеня 1830 года. Католік. Яго бацькам быў Людвік Жук (нар. 1797), арандатарам засценка Душава Слуцкага павета. Людвік атрымаў у застаўнае валоданне фальварак Стары Капыль ад суддзі межавога слуцкага Мікалая Загорскага (1834) і жыў там да 1839 года, пазней — у фальварку Вуглы (1852—1853) і маёнтку Душава (1856). Маці Антоні-Рамана — Юзэфа з роду Паплаўскіх.

Ваенная служба Антоні-Раман Жук служыў у розных вайсковых фарміраваннях Расійскай імперыі. У 1854—1855 і 1856—1862 гадах ён быў у Эстляндскім палку, а ў 1855—1856 гадах — у Эстляндскім рэзервовым палку. З 1862 па 1867 год служыў у 59-м Люблінскім пяхотным палку, а ў 1867—1870 гадах — у 57-м Модлінскім пяхотным палку, дзе ў 1868—1869 гадах быў камандуючым ротай, а ў 1869—1870 — камандзірам роты. У 1870—1887 гадах служыў у 58-м Пражскім пяхотным палку, дзе быў камандзірам роты (1870—1879, 1880—1881), камандуючым батальёнам (1879—1880), камандзірам батальёна (1884—1887) і старшынёй палкавога суда (1884—1885).

Быў сябрам экзаменацыйнай камісіі пяхотнага юнкерскага вучылішча ў Адэсе (1881) і Адэскага ваенна-акруговага суда (1881). У 1884 годзе атрымаў званне падпалкоўніка. 9 чэрвеня 1887 года выйшаў у адстаўку «па хваробе» з чынам палкоўніка.

Узнагароды Антоні-Раман Жук быў узнагароджаны: Ордэнам Святога Станіслава 3-й ступені (1873); Ордэнам Святога Станіслава 2-й ступені (1886); Ордэнам Святой Ганны 3-й ступені (1878); Бронзавым медалём у памяць вайны 1853—1856 гадоў (як удзельнік); Цёмна-бронзавым медалём у памяць вайны 1877—1878 гадоў (як удзельнік).

Асабістае жыццё З 1873 па 1905 гады жыў у горадзе Мікалаеў Херсонскай губерні. Быў жанаты з Аленай Апалонаўнай Генбачавай (нар. каля 1859), з якой узяў шлюб 3 ліпеня 1888 года ў Мікалаеўскай царкве Святога Аляксандра Неўскага. Дзеці:

Антаніна (13 чэрвеня 1885, Мікалаеў — 18 сакавіка 1955, Ленінград), мастачка. У першым шлюбе з 28 красавіка 1903 года за падпаручнікам Яўгенам Адольфавічам Плявакам (1878—1919); у другім шлюбе — за Аляксандрам Уладзіміравічам Макоўскім (1869—1924), жывапісцам, графікам, членам Таварыства перасоўнікаў, акадэмікам і прафесарам Імператарскай Акадэміі мастацтваў.

Аляксандр (нар. 19 жніўня 1891). Ахрышчаны 25 жніўня 1891 года ў Мікалаеўскай царкве іконы Божай Маці «Усіх тужлівых радасць». Выхоўваўся за дзяржаўны кошт у кадэцкім корпусе горада Яраслаўль (1903). Вольга (15 снежня 1893, Мікалаеў — 22 красавіка 1976, Ленінград). У шлюбе з Максімам Сямёнавіч Вонскім (1892—1941). Мікалай (нар. 16 ліпеня 1896). Ахрышчаны 27 ліпеня 1896 года ў Мікалаеўскай царкве Святога Аляксандра Неўскага.

Крыніцы

Катэгорыя:Палкоўнікі (Расійская імперыя) Катэгорыя:Жукі герба «Слепаўрон»