Генрык Жукоўскі (; 1813? — 1841?) — беларускі мастак, графік.

Біяграфія Мастацтвазнаўца Леанід Дробаў у кнізе «Живопись Белоруссии ХІХ — начала ХХ в.» (1974 г.) пісаў, што Генрык Жукоўскі нарадзіўся ў збяднелай дваранскай сям’і ў Ігуменскім павеце Мінскай губерні. Рана страціў бацькоў, якія не пакінулі ніякай спадчыны. З 15 гадоў вымушаны быў зарабляць не толькі на сваё існаванне, але і на ўтрыманне малодшай сястры. Усё ж Жукоўскі паспяхова скончыў гімназію і паступіў у Віленскую школу жывапісу. Аўтар некралога Вінцэнт Смакоўскі, які быў сябра Жукоўскага, не казаў, што той страціў бацькоў, але бацькі страцілі маёнтак, таму сыну асабліва нічым дапамагчы яны не маглі. Пра тое, што мастак меў сясцёр і маці, якія ў тыя часы жылі ў Вільні, пісала і графіні Габрыэлі Пузына, якая таксама ведала Жукоўскага.

Беларускі архівіст і краязнавец Зміцер Юркевіч лічыць, што мастак паходзіць з роду Контвід-Жукоўскіх герба «Ястрабец». У 1809- годзе Францішак Жукоўскі перабіраецца са Слонімскага ў Вілейскі павет і асядае ў фальварку Дзякаўшчына, каля мястэчка Куранец. У 1811—1816 гг. Францішак быў падсудкам земска-павятовым вілейскім, у 1826— 1835-х — пленіпатэнтам Ігната Манюшкі. Жонкай Францішка стала дачка паручніка Праабражэнскага лейб-гвардыі палка расійскіх войскаў Вікторыя Пашкоўская. У гэтай сям’і нарадзіліся трое дзяцей — сын Генрык Дамінік (1813), які атаясамляецца з вядомым мастаком, і дзве дачкі: Ганна Яўгенія (1814) і Феліцыяна (1816). Усе яны былі ахрышчаны ў Куранецкім касцёле.

Генрык Жукоўскі паспяхова вучыўся ў гімназіі, чытаў лекцыі вучням малодшых класаў. Пасля заканчэння гімназіі заняўся маляваннем. У 1825–1832 гадах вучыўся ў Віленскім універсітэце, спачатку вучыўся ў мастакоў Яна Рустэма і Фрыдрыха Леангарда Лемана, пасля тры гады дадаткова адвучыўся на літаратурным факультэце. Добра ведаў лацінскую, французскую і нямецкую мовы, чытаў працы па мастацтве, кнігі, што развіваюць густ і ўяўленне.

Памёр, верагодна, на пачатку 1841 года. Месца смерці і пахавання невядомыя.

Творчасць Пасля завяршэння вучобы жыў у Вільні, пісаў побытавыя мініяцюры і пейзажы. Сёння вядомыя некалькі мініяцюрных партрэтаў, выкананых на слановай костцы акварэльнымі фарбамі: «Аўтапартрэт» (?) (выява маладога чалавека); Ганна Кубліцкая (1833; малодшая сястра жонкі Вінцэнта Смакоўскага); дзве выявы паненак і юнака (неідэнтыфікаваныя). Можна меркаваць, што яму належыць вядомая па фотаздымках мініяцюра Матыльды з Гюнтэраў.

Аб якасці гэтых прац можна меркаваць па словах яго сучасніка, мастака і мастацтвазнаўца В. Смакоўскага:

«Роўнага яму ў гэтай галіне не было. І смела можна сцвярджаць, што яго працы цалкам маглі спаборнічаць з творамі найлепшых замежных майстроў. У мініяцюрах ён заўсёды захоўваў падабенства і ўсе неабходныя ўмовы жывапісу. Малюнак і каларыт у яго працах не выклікалі дакораў. Колькі я ні глядзеў на гэтыя працы, усё не мог наглядзецца».

Жукоўскі таксама намаляваў партрэт знакамітай віленскай балерыны Ізабэлы Горскай, якая наведвала з гастролямі Мінск і была звязана з прадстаўнікамі тэатральнага клана Кажынскіх, які заснавалі першы мінскі пастаянны тэатр.

Захаваліся некалькі літаграфій, якія Жукоўскі друкаваў у віленскай майстэрні Мацея Прыбыльскага: Караль Ліпінскі (1838), знакаміты скрыпач, сябра і першы канкурэнт сусветна вядомага Паганіні; Эдвард Мастоўскі, маршалак шляхты віленскага павета; Аляксандр фон Трэфурт, стацкі саветнік, прадстаўнік вельмі старога і ўплывовага нямецкага роду, некаторы час жыў у Вільні; Войцех Пуслоўскі (1833), маршалак Слонімскага павета, вядомы прадпымальнік; Іван Калкаціна, пачынаў службу ў якасці канцылярыста Магілёўскага магістрата, пазней быў віленскім губернскім пракурорам і ковенскім губернатарам; Ян Краўзэ.

Яго творы захоўваюцца ў замежных бібліятэках і музеях, у тым ліку ў Літоўскім нацыянальным мастацкім музеі і Літоўскім нацыянальным музеі.

Крыніцы

Катэгорыя:Мініяцюрысты Беларусі Катэгорыя:Мастакі Беларусі XIX стагоддзя Катэгорыя:Графікі Беларусі Катэгорыя:Графікі XIX стагоддзя