Ру́ндэны (, ; беларуская назва Рунданы) — населены пункт (вёска) у Лудзенскім краі Латвіі, адміністрацыйны цэнтр Рундэнскай воласці. Знаходзіцца за 34 км ад горада Лудза і за 302 км ад Рыгі. У пасёлку сыходзяцца шэсць дарог з населеных пунктаў Зіргі, Каўната, Лаўдэры, Вэцслабада, Райпалі і Сапожнікі.

Гісторыя Паселішча пачало фарміравацца вакол былога маёнтка Рунданы. У XVII стагоддзі маёнтак належаў шляхецкаму роду Кубліцкіх, у XVIII стагоддзі перайшоў да роду Ёдкаў. У пачатку XIX стагоддзя яго набыў Андрэй Шахно. У 1880-я гады маёнтак разам з 814 дзесяцінамі зямлі належаў Вітальду ШахноRundānu muiža no Slownik geograficzny krolestwa Polskiego i innych krajow slowianskich. Tom X – Warszawa, 1889, str. 13. Паводле даных перапісу 1897 года, у вёсцы было 45 двароў.

У 1933 годзе Рундэны атрымалі статус шчыльнанаселенага пункта (вёскі). У 1935 годзе тут налічвалася 38 жылых дамоў, працавалі царква, школа і валасное ўпраўленне, рэгулярна праводзіліся штотыднёвыя кірмашы.

У савецкі час населены пункт быў цэнтрам Рундэнскага сельсавета Лудзенскага раёна. У вёсцы размяшчалася цэнтральная сядзіба саўгаса «Рундэны».

Беларускі рух у міжваенны перыяд У 1920—1930-я гады Рунданы (тагачасная назва) былі адным з прыкметных асяродкаў беларускага нацыянальна-культурнага жыцця ў Латгаліі. Мясцовае беларускае насельніцтва праяўляла вялікую цікавасць да тэатральнага мастацтва. 16 красавіка 1926 года з гастролямі ў Рунданы прыехала трупа Рыжскага беларускага народнага тэатра, якая паспяхова паставіла тут п'есу Янкі Купалы «Паўлінка». 25 сакавіка 1928 года кіраўніцтва Таварыства беларускага тэатра ў Латвіі афіцыйна ўхваліла план чарговай пастаноўкі спектакля ў Рунданах, якая адбылася 16 красавіка 1928 года сіламі сталічных артыстаў. У 1934 годзе, дзякуючы намаганням суседняга Шушкоўскага аддзела Таварыства беларускай моладзі ў Латвіі, у Рунданах таксама прайшоў паказ п'есы Я. Купалы «Раскіданае гняздо».

Аднак пасля дзяржаўнага перавароту 1934 года новы аўтарытарны ўрад Карліса Улманіса пачаў жорсткую палітыку латышызацыі. Падчас перапісу насельніцтва Латвіі 1935 года латвійскія ўлады звярнуліся да масавых фальсіфікацый: мясцовых жыхароў-каталікоў славянскага паходжання пачалі прымусова запісваць латышамі. Калі ў 1930 годзе ў Рундэнскай воласці афіцыйна налічвалася толькі 554 латышы, то ў 1935 годзе іх колькасць была штучна павялічана адразу да 1223 чалавек.

Гэтая палітыка інтэнсіўна апраўдвалася ў дзяржаўнай прапагандзе. Латгальскі ідэолаг Вільбертс Краснайс у сваёй кнізе «Беларусы як галіна латышскага народа» (1938) сцвярджаў, што жыхары Рундэнскай воласці нібыта маюць выключна латышскае паходжанне. У якасці «доказу» ён прыводзіў спіс назваў навакольных вёсак і хутароў (напрыклад, Рудзішы, Мяжавепры, Савіні), даводзячы, што гэта старажытныя латышскія паселішчы. Ён пісаў, што змяншэнне колькасці беларусаў падчас перапісу 1935 года было вынікам «натуральнага вяртання» мясцовых жыхароў да сваёй сапраўднай латышскай ідэнтычнасці пасля ліквідацыі беларускіх школ.

Насельніцтва

1897 год — 318 чал. 1935 год — 288 чал. 1940 год — 400 чал. 1970 год — 319 чал. 1989 год — 445 чал. 2000 год — 258 чал. 2011 год — 213 чал. 2021 год — 151 чал.OSP

Інфраструктура У Рундэнах працуюць валасная адміністрацыя, амбулаторыя, бібліятэка (з доступам да інтэрнэту), дом культуры, паштовае аддзяленне і харчовая крама. Мясцовая пачатковая школа, а таксама дзіцячы сад былі закрыты ў 2007 годзе з-за недахопу дзяцей.

Славутасці

Касцёл Узвіжання Святога Крыжа — пабудавана каля 1820 года мясцовым памешчыкам Андрэем Шахно. У касцёле знаходзіцца склеп, у якім пахавана сям'я памешчыка. Маёнтак Шахно і школьны комплекс — ад калісьці багатага маёнтка захаваўся толькі парк з ліпавай алеяй. У 1938—1939 гадах на тэрыторыі маёнтка быў пабудаваны новы вялікі будынак Рундэнскай сярэдняй школы. З 2007 года будынак пустуе. Гара Крыжоў — мясцовая славутасць, створаная ў 2000 годзе мясцовым жыхаром Янісам Алнісам на ўзгорку, дзе ў старажытнасці стаяў драўляны касцёл дамініканцаў. На гары ўстаноўлены дзясяткі крыжоў (у тым ліку вялікі крыж з 700-гадовага дуба) і пабудавана капліца.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Населеныя пункты Латвіі Катэгорыя:Лудзенскі край Катэгорыя:Беларусы ў Латвіі