Павел «Волат» Суслаў () — беларускі добраахвотнік у складзе Узброеных сіл Украіны. Служыў у разведвальнай роце 3-й брыгады беларускага спецназу. У 2016 годзе адправіўся на Данбас, дзе далучыўся да 1-й штурмавой роты «Правага сектара». У 2018 годзе заключыў кантракт з Узброенымі сіламі Украіны. Займаўся разведвальнай і дыверсійнай дзейнасцю. У 2021 годзе быў сур’ёзна паранены падчас баёў на паўднёвым усходзе Украіны.
На пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ўдзельнічаў у фармаванні палка Кастуся Каліноўскага. 15 мая 2022 года падчас выканання баявой задачы падарваўся на расцяжцы. Памёр пасля дзвюх спроб рэанімацыі ад страты крыві. У гонар Паўла Суслава ў палку Кастуся Каліноўскага быў названы батальён «Волат».
Біяграфія Павел Суслаў нарадзіўся ў Гомелі ў 1995 годзе. У школе цікавіўся гісторыяй.
У 2014-2015 гадах, ва ўзросце 18 гадоў, праходзіў тэрміновую службу ў разведвальнай роце 3-й брыгады беларускага спецназу (в/ч 3214). Пасля заканчэння службы год жыў грамадзянскім жыццём. Працаваў ахоўнікам.
Удзел у баявых дзеяннях ва Украіне Восенню 2016 года адправіўся на Данбас і далучыўся да 1-й штурмавой роты «Правага сектара». Пасля тыдня ў вучэбным лагеры прыступіў да выканання задач на перадавой. Першыя баявыя дзеянні правёў у Пісках, а пазней удзельнічаў у баях за Аўдзііўку, у тым ліку падчас абвастрэння канфлікту ў 2017 годзе.
У 2018 годзе, каб паскорыць працэс легалізацыі ў краіне, заключыў кантракт з Узброенымі сіламі Украіны. У складзе УСУ займаўся разведкай і дыверсійнай дзейнасцю на непадкантрольных тэрыторыях. Браў удзел у баявых дзеяннях на Луганскім напрамку, у раёне Светладарскай дугі.
У чэрвені 2021 года, падчас баёў на паўднёвым усходзе Украіны, Волат атрымаў цяжкія раненні: аскепкавае ў галаву і ў вобласць сэрца. Павел знаходзіўся ў штучнай коме і быў падключаны да апарата вентыляцыі лёгкіх. Падчас лячэння лекары выдалілі фрагмент аскепка з галавы і рыхтаваліся да аперацыі па выдаленні аскепка ў раёне сэрца.
У 2022 годзе ўдзельнічаў у фармаванні палка Кастуся Каліноўскага, Волат узначаліў у палку разведку.
Смерць 15 мая 2022 года Павел Суслаў удзельнічаў у аперацыі па вызваленні ад расійскіх войск вёскі на мяжы Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей. Падчас выканання задання ён зачапіў расцяжку і быў цяжка паранены.
Парамедыкі прыбылі да пацярпелага праз 20 хвілін. У эвакуацыі Волата ўдзельнічаў Іван «Брэст» Марчук. Парамедыкі двойчы запускалі сэрца Паўла і праводзілі рэанімацыю. Волата даставілі ў бальніцу з працуючым сэрцам, але з прычыны значнай страты крыві выратаваць яго не здолелі.
Паводле заключэння аперуючага хірурга, Павел атрымаў цяжкія пашкоджанні печані, ныркі і не менш за пяць раненняў грудной клеткі. Палова грудной клеткі была запоўнена крывёй, а ўнутраная страта крыві склала не менш за тры літры.
Узнагароды 10 чэрвеня 2023 года Святлана Ціханоўская ад імя Аб’яднанага пераходнага кабінета пасмяротна ўзнагародзіла Волата медалём «Гонар і годнасць». Узнагарода была ўручана яго сваякам. 15 мая 2024 года Галоўнае ўпраўленне разведкі Міністэрства абароны Украіны ўзнагародзіла Паўла медалём «Україна — понад усе!». Медаль была ўручана яго маці, Наталлі Суславай. Акрамя таго, Волат быў узнагароджаны медалём Ордэна Пагоні БНР.
Памяць У палку Кастуся Каліноўскага ў гонар Паўла быў названы аднайменны батальён «Волат».
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Узнагароджаныя медалём ордэна Пагоні Катэгорыя:Ваенныя Украіны Катэгорыя:Полк Каліноўскага