Кры́ўда — юрыдычны тэрмін у Вялікім Княстве Літоўскім, які абазначаў маральныя і матэрыяльныя страты, пагрозу жыццю і здароўю, іншую шкоду асобе, прычыненую ў выніку чыіх-небудзь наўмысных проціпраўных дзеянняў, знявагу яе інтарэсаў, чалавечай годнасці. Характар і памер кожнай крыўды вызначаўся Статутамі ВКЛ у залежнасці ад пэўных яе акалічнасцей, паходжання, грамадскага і службовага становішча пакрыўджанага боку. Гэта ўплывала на ступень адказнасці вінаватага і від пакарання. Напрыклад, калі крыўда наносілася велікакняжацкаму ўрадніку ці ў двары вялікага князя, адказнасць за яе была больш суровая. Па справах аб крыўдзе, прычыненых залежным людзям, істцамі выступалі іх гаспадары. Асобна вылучаліся выпадкі, звязаныя з прычыненнем крыўды чужаземцу мясцовымі жыхарамі. Тэрмін судовага разгляду такіх спраў быў скарочаны. Агульная іскавая даўнасць па справах аб крыўдзе абмяжоўвалася 3-гадовым тэрмінам.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Права Вялікага Княства Літоўскага