Бецыбу́ка (малагас Betsiboka) — рака ў паўночна-заходняй частцы вострава Мадагаскар. Мае даўжыню 525 км, з’яўляецца найбуйнейшай ракой вострава. Вядомая сваім чырвона-карычневым колерам, які тлумачыцца вялікай колькасцю седыментаў, якія вымываюцца ракой у мора.
Геаграфія і гаспадарчае выкарыстанне Бецыбука бярэ пачатак у гарах цэнтральнай частцы вострава, на поўначы правінцыі Антананарыву. Рака ўтвараецца пры сутоцы рэк Мананару і Дзабу, якая знаходзіцца ў 85 км на поўнач ад сталіцы Мадагаскара, затым цячэ ў паўночным кірунку. Недалёка ад населенага пункта Маэватанана Бецыбука выходзіць на раўніну і прымае (злева) воды свайго найбуйнейшага прытоку — ракі Ікупа. На 40-км участку ад гэтага месца да зліцця (справа) з ракой Камуру ў паселішчы Амбатубуэні ўздоўж рэчышча ракі размешчана вялікая колькасць невялікіх азёр. Побач з населеным пунктам Марувуай Бецыбука ўпадае ў бухту Бумбетука Мазамбікскага праліва, утвараючы дэльту.
Суднаходная на 130 км ад вусця, у яе нізоўях размяшчаюцца шырокія рысавыя палі.
Катэгорыя:Рэкі Мадагаскара