Васіль Сцяпанавіч Стараво́йтаў () — вучоны і інжынер-канструктар у галіне танкабудавання, доктар тэхнічных навук (1973), прафесар (1981).

Біяграфія Нарадзіўся ў вёсцы Марозавічы Гомельскай губерні РСФСР (зараз у Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі). У 1936—1941 гадах вучыўся ў Маскоўскім вышэйшым тэхнічным вучылішчы імя М. Э. Баўмана. З 1941 года працаваў на Чалябінскім трактарным заводзе, займаў пасады інжынера-канструктара, вядучага інжынера-канструктара, кіраўніка канструктарскай групы. У 1943 годзе ў якасці прадстаўніка завода быў прыкамандзіраваны да сфарміраванага палка самаходных артылерыйскіх установак СУ-152, з якім удзельнічаў у баявых аперацыях пад Арлом, выконваючы задачу аказання дапамогі вайсковай часці ў асваенні новай тэхнікі і назапашванні вопыту эксплуатацыі СУ-152 у баявых умовах. З красавіка 1946 года па студзень 1948 годаВсероссийский научно-исследовательский институт транспортного машиностроения В. С. Старавойтаў знаходзіўся на камсамольскай рабоце ў Чалябінску (камсорг на трактарным заводзе, сакратар Чалябінскага гаркама УЛКСМ).

З 1948 года В. С. Старавойтаў у Ленінградзе, у філіяле завода № 100 Наркамата танкавай прамысловасці СССР, з 1949 года вядучы інжынер-канструктар у УНДІ-100. З 1951 года на партыйнай рабоце — парторг у НДІ-100. У верасні 1953 года вяртаецца на канструктарскую працу і працуе начальнікам канструктарскага бюро, намеснікам начальніка аддзела, начальнікам лабараторыі.

16 студзеня 1960 года загадам старшыні Дзяржаўнага камітэта Савета міністраў СССР па абароннай тэхніцы В. С. Старавойтаў прызначаны на пасаду дырэктара УНДІ-100, ад якой быў вызвалены ў лютым 1971 года. У 1971—1987 гадах займаў пасаду начальніка лабараторыі, у 1987—1991 гадах — галоўны навуковы супрацоўнік. Адначасова у 1985—1995 гадах выкладаў у Ленінградскім політэхнічным інстытуце, чытаў лекцыі Ленінградскім машынабудаўнічым тэхнікуме.

Памёр В. С. Старавойтаў 29 сакавіка 2002 года. Пахаваны на Нікольскіх могілках Аляксандра-Неўскай лаўры ў Санкт-Пецярбургу.

Навуковая і грамадская дзейнасць Асноўныя працы В. С. Старавойтава па канструяванню баявых гусенічных машын. Прымаў удзел у мадэрнізацыі танка КВ-1, распрацоўцы літай вежы танка ІС-3, распрацоўцы самаходнай артылерыйскай устаноўкі СУ-152, чатырохгусенічнага цяжкага танка, першага савецкага асноўнага танка Т-64 і іншых. Пад кіраўніцтвам В. С. Старавойтава створаны самаходныя шасі апаратаў серыі «Месяцаход» («Месяцаход-1» і «Месяцаход-2»).

Аўтар 154 навуковых прац і 18 вынаходстваў.

Пад кіраўніцтвам В. С. Старавойтава абаронены 4 кандыдацкія дысертацыі. Быў членам двух спецыялізаваных саветаў па абароне дысертацый, членам пленума і прэзідыума навукова-тэхнічнага савета УНДІтрансмаш, членам рэдакцыйных калегій трох галіновых часопісаў, членам парткама інстытута. Тройчы абіраўся дэпутатам раённага савета і тройчы дэпутатам гарадскога савета. З 1976 года неаднаразова абіраўся старшынёй Савета ветэранаў інстытута.

Узнагароды Ленінская прэмія 1967 года Ордэн Чырвонай Зоркі (1945) Ордэн «Знак Пашаны» Ордэн «За заслугі перад Айчынай» IV ступені (1999) Залаты медаль імя С. П. Каралёва (1973) Медалі

Крыніцы

Літаратура

От Т-34 до лунохода / ГУ «Сеть публичных библиотек города Гомеля», ЦГБ им. А. И. Герцена; сост. В. С. Ларионов. — Гомель, 2019. — 24 с. Космическими дорогами Гомельщины: вклад учёных и конструкторов — уроженцев Гомельской области в освоение космического пространства / ГУ «Сеть публичных библиотек города Гомеля», ЦГБ им. А. И. Герцена; сост. В. С. Ларионов. — Гомель, 2017. — 14 с.

Спасылкі Василий Степанович Старовойтов // Всероссийский научно-исследовательский институт транспортного машиностроения Старовойтов Василий Степанович // Свободная энциклопедия Урала Старовойто Василий Степанович // Журнал «Изобретатель». № 4 (196) 2016. — С. 46. Старовойтов Василий Степанович // Знаменитые люди Гомельщины Человек, подаривший движение луноходу: 100 лет со дня рождения конструктора Василия Старовойтова // Телеканал Санкт-Петербург Наш край Горелово. Горелово и его окрестности: краеведческий сборник. 2008 год. Василий Степанович Старовойтов // Кафеда СМ-9 «Многоцелевые гусеничные машины и мобильные роботы» МГТУ им. Н. Э. Баумана

Катэгорыя:Вучоныя СССР Катэгорыя:Вучоныя XX стагоддзя Катэгорыя:Канструктары СССР Катэгорыя:Вынаходнікі СССР Катэгорыя:Артылерысты Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Узнагароджаныя медалямі РАН