Марыза Басцье (, народжаная Marie-Louise Bombec; —) — французская лётчыца, якая ўстанавіла некалькі сусветных рэкордаў у 1930-х гадах сярод жанчын-авіятараў.
Біяграфія Нарадзілася 27 лютага 1898 года ў Ліможы.
Бацька дзяўчынкі памёр, калі ёй было адзінаццаць, таму ў падлеткавым узросце яна пайшла працаваь на абутковую фабрыку; у выніку няўдалага шлюбу ў яе засталося дзіця, якое памерла маленькім.
У выніку другога шлюбу з пілотам Першай сусветнай вайны Луі Басцье, яна захапілася авіяцыяй і вырашыла стаць пілотам. Басцье атрымала ліцэнзію на палёты, і, хоць яе муж загінуў у авіякатастрофе ў 1926 годзе, яна пачала займацца вышэйшым пілатажам. У 1927 годзе набыла свой уласны самалёт Caudron C.109.
У 1930-х гадах Басцье ўстанавіла некалькі сусветных рэкордаў для жанчын-авіятараў па працягласці палёту, па далёкасці адлегласці і часе адзіночнага палёту праз Паўднёвую Атлантыку. Адзін з яе рэкордаў быў усталяваны падчас палёту ў СССР у чэрвені 1931 года: вылецеўшы з Парыжа, лётчыца прызямлілася пад Ніжнім Ноўгарадам, пакрыўшы без пасадкі адлегласць у 2976 кіламетраў.
У 1935 годзе Марыза Басцье заснавала ўласную лётную школу ў аэрапорце Арлі. Яна служыла ў французскіх ВПС, дасягнула звання капітана і налятала больш за 3000 гадзін. У 1937 годзе яна апублікавала апавяданне пад назвай «Ailes ouvertes: carnet d’une aviatrice». У час Другой сусветнай вайны была ўдзельніцай французскага Супраціўлення. Была ўдастоена шэрагу ўзнагарод і прызоў.
Загінула 6 ліпеня 1952 года ў камуне Брон дэпартамента Рона пасля канферэнцыі ў Ліёне падчас узлёту яе самалёта. Была пахавана на могілках Манпарнас у Парыжы.
Памяць У памяць лётчыцы былі названы навучальныя ўстановы ў Францыі і адно з падраздзяленняў канадскай авіябудаўнічай кампаніі Bombardier. Таксама яе імем былі названы вуліцы ў некалькіх гарадах Францыі. У 1955 годзе ўрад Францыі ўшанаваў Марызу Басцье выявай на паштовай марцы авіяпошты. На захадзе Парыжа ў невялікім парку на бульвары Boulevard du Garigliano M. Valin знаходзіцца мемарыял Марызы Басцье.