Батальён Аль-Бара ібн Малік () — суданскае ісламісцкае апалчэнне, частка Народнага супраціўлення Судана. Фарміраванне звязана з Народнымі сіламі абароны.
Батальён названы ў гонар Аль-Бара ібн Маліка, знакамітага ваяра часоў ранніх мусульманскіх заваяванняў. Сфарміраваны пры садзейнічанні некаторых афіцэраў ваеннай разведкі Судана.
У ходзе суданскага канфлікту батальён заняў бок арміі генерала Бурхана, выступіўшы супраць войск генерала Дагала. У прыватнасці, падчас бітвы за Хартум падраздзяленне ўдзельнічала ў баях за штаб бранятанкавага корпуса. Байцы фарміравання ваявалі ў складзе бранятанкавага і пяхотнага карпусоў суданскай арміі.
Групоўку ўзначальвае Альмусбах Абузаід, які прапагандуе ваяўнічыя ісламісцкія погляды. Лідар апалчэнцаў быў паранены ў баях за Хартум і пасля ляжаў у Атбарскім шпіталі. Іншы камандзір, Анас Амер, пры прэзідэнце аль-Башыры з’яўляўся членам Партыі нацыянальнага кангрэса. 16 мая 2023 года ён трапіў у палон. Трэці кіраўнік, Мухамад аль-Фадл Абд аль-Вахед Асман, раней прысягнуў на вернасць Ісламскай дзяржаве. У чэрвені 2023 года Асман загінуў у баі.
11 ліпеня 2024 года стала вядома, што Худейфа Адам, камандуючы паўднёвым сектарам батальёна, быў забіты ў баі ў Майруно, на поўдзень ад горада Сенар, разам з Гусаем Бушрой, камандзірам групоўкі ў штаце Сенар.
30 студзеня 2026 года Еўрапейскі Саюз увёў санкцыі супраць сямі чалавек за іх ролю ў эскалацыі канфлікту ў Судане, уключаючы Аль-Місбаха Абу Заіда Тальху, камандзіра батальёна. Заўвагі
Катэгорыя:Трэцяя грамадзянская вайна ў Судане Катэгорыя:Узброеныя сілы Судана Катэгорыя:Узброеныя групоўкі ў Судане