Норфалкская сістэма — чатырохпольная форма севазвароту.
Норфалкская сістэма сфарміравалася на працягу XVI — XVIII стст. У XVIII — XIX стст. адыграла важную ролю ў замене традыцыйных для Еўропы двухполля і трохполля на болей эфектыўныя формы арганізацыі сельскай гаспадаркі.
Гісторыя Чатырохпольны севазварот узнік у канцы позняга сярэднявечча і першапачаткова развіваўся ў ФландрыіHarskamp J. The Low Countries and the English Agricultural Revolution, дзе павелічэнне насельніцтва і рост эканомікі патрабавалі большай эфектыўнасці сельскай гаспадаркі, чым давала традыцыйнае трохполле. Пашырэнне чатырохполля ў немалой ступені было вызначана малым ледавіковым перыядам, калі прахалодны клімат зрабіў вырошчванне збожжавых культур рызыкоўным. Сельскагаспадарчыя вытворцы павінны былі дыверсіфікаваць асартымент вырошчваемых культур, сеяць болей устойлівыя да прахалоды карняплоды і канюшыну, якія да таго ж з’яўляліся важнымі кармавымі культурамі.
У XVII — XVIII стст. у Англіі адбывалася ліквідацыя сістэмы «адкрытых палеткаў», падобнай на цераспалосіцу. Павелічэнне колькасці буйных гаспадарак з суцэльнымі надзеламі садзейнічала зменам агратэхнікі, у прыватнасці перайманню чатырохпольнага севазвароту. Сваю назву Норфалкскі севазварот атрымаў дзякуючы працам брытанскага землеўладальніка Томаса Коўка (1754—1842 гг.) з НорфалкуParker R. Coke of Norfolk and the Agrarian Revolution, які актыўна прапагандаваў чатырохполле.
У тым выглядзе, якой яе апісваў Т. Коўк і яго паслядоўнікі, нарфалкская сістэма ўяўлялася наступным чынам: ворныя землі кожнага маёнтку падзяляліся на 4 надзелы, паміж якімі адбывалася штогадовая ратацыя сельскагаспадарчых культур. На кожным полі ў першы год вырошчвалі збожжавыя культуры, галоўным чынам азімую пшаніцу або яравы ячмень, на другі — рэпу, на трэці — канюшыну, на чацвёрты поле заставалася папарным. Кожная з культур мела ўласцівыя для яе патрабаванні пажыўных рэчываў. Вырошчванне канюшыны садзейнічала насычэнню верхняга пласту глебы нітратамі. У 1660—1739 гг. плошча пасеваў рэпы і канюшыны не перавышала 9 % ад усіх ворыўных зямель, а ў 1836 г. склала 49 %, што супадае са значным павелічэннем ураджайнасці збожжавыхThe Transformation of the Agrarian Economy 1500—1850. Адначасова скарачалася плошча папарнага ворыва. Пашырэнне ўжывання ўгнаенняў дазволіла наогул адмовіцца ад папару на карысць ратацыі азімых і яравых збожжавых культур. Так, у 1700 г. у Англіі папарныя землі складалі каля 20 % ад усіх апрацоўваемых, а ў 1900 г. — толькі каля 4 %The Agricultural Revolution.
Ужо ў канцы XVIII ст. відавочныя перавагі Норфалкскай сістэмы абмяркоўваліся за межамі Англіі. Яе ўкараненне на новых тэрыторыях часцяком патрабавала прыстасавання да мясцовых умоў. Так, у Шатландыі ў чатырохгадовую ратацыю быў ўведзены авёс. На захадзе ЗША — соя і кукуруза. Важным наступствам пашырэння Норфалкскай сістэмы было тое, што яна яскрава дэманстравала плён шматполля для развіцця сельскай гаспадаркі. На працягу XIX ст. і XX ст. з'явіліся формы севазвароту, што прадугледжвалі наяўнасць болей, чым 4 палеткаў. Тым не меней, Норфалкская сістэма не губляе сваю актуальнасць і выкарыстоўваецца сельскагаспадарчымі вытворцамі.
Перавагі У параўнанні з двухполлем і трохполлем, формамі севазвароту, што панавалі да другой паловы XVIII ст., Норфалкскі севазварот меў істотныя перавагі. Дзякуючы болей працягламу цыклу ратацыі і даданню новых культур ён зніжаў рызыку знясілення глебы на стала апрацоўваемых палетках. Канюшына і іншыя бабовыя фіксавалі ў глебе азот і павышалі яе ўрадлівасць. Рэпа або іншыя карняплоды, уключаныя ў севазварот, парушылі жыццёвы цыкл пустазелля і шкоднікаў, скарачалі іх папуляцыю, рабілі глебу болей друзлай. У выніку, выкарыстанне бабовых і карняплодаў садзейнічала павышэнню ўраджайнасці збожжавых культурOverton M. Agronomy and agricultural history in England, якія займалі істотнае месца ў харчаванні людзей той пары. Норфалкская сістэма працягвала традыцыю інтэграцыі земляробства і жывёлагадоўлі, забяспечвала якасную кармавую базу для свойскай жывёлы ў перыяд стойлавага ўтрымання. Гной свойскай жывёлы з'яўляўся адным з асноўных угнаенняў, што ўжываліся сельскагаспадарчымі вытворцамі.
Недахопы Строгае захаванне паслядоўнасці ў ратацыі культур абмяжоўвала магчымасці сельскагаспадарчых вытворцаў хутка рэагаваць на запатрабаванні рынку і да змен у надвор'і. Яўным недахопам Норфалкскай сістэмы было тое, што яна сфарміравалася ў рэгіёне, дзе меліся буйныя маёнткі і развівалася гаспадарка, накіраваная на вытворчасць збожжа і жывёлагадоўчай прадукцыі, і не заўсёды была прыстасавана да іншых умоў. Для дробных сялянскіх вытворцаў пераход да Норфалкскага севазвароту быў часцей за ўсё стратнымJones E. English Farming before and during the Nineteenth Century, паколькі патрабаваў дадатковыя ўкладанні, рабіў гаспадарку болей працаёмкай, але з-за абмежаванасці зямельных рэсурсаў не мог прынесці адмысловыя прыбыткі.
Спасылкі The Norfolk Four Course: Turnips and clovers in revolution The Agricultural revolution Crop Rotation
Катэгорыя:Гісторыя сельскай гаспадаркі Катэгорыя:Агратэхніка