Войны Залатой Арды з Вялікім Княствам Літоўскім адбываліся на працягу XIII—XV стагоддзяў.
Гісторыя У 1243 годзе частка дзяржавы Рурыкавічаў стала ўлусам Залатой Арды, якая падпарадкавала княствы паўночна-ўсходняй, паўднёвай і паўднёва-заходняй Русі. Адносна вольнымі засталіся толькі паўночна-заходнія і заходнія рэгіёны — Полацкая зямля, Панямонне, часткова Смаленскае княства, а таксама Ноўгарад і Пскоў. На час гэтых падзей прыпала ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага.
Легендарная частка беларуска-літоўскага летапісання паведамляе пра дзве пераможныя бітвы вялікіх князёў літоўскіх над татарскімі кантынгентамі — пад Магільнам на Нёмане і пад Кіевам на Ірпені — датаванне іх няпэўнае і звычайна ў сучаснай гістарыяграфіі гэтыя падзеі лічаць міфічнымі.
Першы пэўна вядомы паход татараў супраць Вялікага Княства Літоўскага — выправа Бурундая разам з галіцка-валынскімі князямі ў 1258 годзе. Пазней, да 1338 года вядома яшчэ прынамсі шэсць паходаў татар разам з галіцка-валынскімі князямі на Вялікае Княства Літоўскае. Напрыклад, у 1274 і 1277 гадах адбыліся такія агульныя паходы на Гарадзеншчыну.
Ва ўладарства Альгерда ў 1362 годзе арганізаваны паход на Падолле, якое было пад уладай татараў, якія не залежалі ад Залатой Арды, бо там трывала стадыя распаду. У бітве на Сініх Водах вялікалітоўскія войскі разбілі татараў. У выніку перамогі Альгерд пашырыў тэрыторыю дзяржавы да вусцяў Дняпра і Днястра.
У 1399 годзе на супраць ардынцаў пайшоў Вітаўт, паход быў яго ўмяшаннем у грамадзянскую вайну ў Залатой Ардзе, ён падтрымліваў прыхільнікаў Тахтамыша і выступіў супраць Цімура Кутлуга. Аднак кампанія Вітаўта правалілася, яго войскі былі разбіты ў бітве на Ворскле. Перамога дазволіла хану Цімуру Кутлугу зрабіць спусташальны набег на Кіеўшчыну і Валынь.
Пазней Вітаўт, на працягу 1412—1422 гадоў, працягваў умешвацца ва ўнутраныя справы Залатой Арды.
Пасля распаду Залатой Арды асноўным праціўнікам ВКЛ на паўднёвым кірунку стала Крымскае ханства.
Гл. таксама Крымска-нагайскія набегі на Вялікае Княства Літоўскае
Літаратура Снапкоўскі У. Е. Гісторыя знешняй палітыкі Беларусі: Вучэб. дапам. для студэнтаў фак. міжнар. адносін: У 2 ч. Ч. І. Ад пачаткаў дзяржаўнасці да канца XVIII ст. / У. Е. Снапкоўскі. — Мн.: БДУ, 2003—281 с. ISBN 985-445-902-0.
Катэгорыя:Войны Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Залатая Арда