Сярэдзіннаакіяні́чныя хрыбты́, сярэ́дзінна-акіяні́чныя хрыбты́ — найбуйнейшыя формы рэльефу дна Сусветнага акіяна, лінейныя падводныя ўзняцці ложа акіянаў у зонах актыўнага рассоўвання (дывергенцыі) літасферных пліт і фарміравання новай зямной кары акіянічнага тыпу.
Сярэдзінна-акіянічныя хрыбты вядомыя ва ўсіх акіянах і ўтвараюць планетарную сістэму агульнай працягласцю больш за 60 тыс. км (каля 75 тыс. км, з адгалінаваннямі да 80 тыс. км), якая займае 1/3 паверхні дна акіянаў. Маюць шырыню ад некалькіх соцень да 1000—1500 км (да 2000 км) і ўзвышаюцца над акіянскімі катлавінамі на 3—4 км. Асобныя вяршыні дасягаюць узроўню акіяна і нават выступаюць над вадой у выглядзе астравоў (Бувэ, востраў Святой Алены, Трыстан-да-Кунья, востраў Пасхі, Азорскія астравы і іншыя). Часам у акіяне сустракаюцца падводныя горы, частка якіх амаль дасягае паверхні, сярод якіх гара Кобб паблізу берагоў Паўночнай Амерыкі (глыбіня яе вяршыні 33 м пры вышыні гары каля 2800 м), гара Ампер (глыбіня вяршыні каля 50—60 м), гара Жазэфіна (глыбіня вяршыні каля 110 м) у Атлантычным акіяне (прыкладна за 400 міль ад Гібралтара)Общая характеристика рельефа дна океана (морфология дна океана).
Зона сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў характарызуецца рэзка раздзеленым рэльефам, развіццём разрыўных парушэнняў зямной кары, папярочнымі разломамі і зрухамі, актыўным вулканізмам і павышанай сейсмічнай актыўнасцю, павышаным цеплавым патокам, лакальнай гідратэрмальнай дзейнасцю. Уздоўж галоўнай восі хрыбтоў знаходзяцца рыфтавыя даліны з агаленнямі ўльтраасноўных парод, блізкіх паводле складу да рэчыва мантыі Зямлі.
Сістэма сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў уключае хрыбет Гакеля, Сярэдзінна-Атлантычны хрыбет, Амерыканска-Антарктычны хрыбет, Афрыканска-Антарктычны хрыбет, Цэнтральнаіндыйскі хрыбет (разам з Аравійска-Індыйскім хрыбтом), Аўстрала-Антарктычнае ўзняцце, Паўднёва-Ціхаакіянскі хрыбет, Усходне-Ціхаакіянскае падняцце (апошняе ў структурным дачыненні з’яўляецца хутчэй акіянічным валам).
Зноскі
Літаратура
Среди́нно-океани́ческие хребты́ // География. Современная иллюстрированная энциклопедия. Ч. 2: М—Я. / А. П. Горкин — М.: Росмэн, 2006. — 146 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-353-02443-5. — (Современная иллюстрированная энциклопедия «Росмэн». География)
Спасылкі Общая характеристика рельефа дна океана (морфология дна океана) // Кафедра акустыкі фізічнага факультэта МДУ Геология океанов и морей. Срединно-океанические хребты. Рифты. Активные части трансформных разломов // Лабараторыя геамарфалогіі і геатэктонікі дна акіянаў Геалагічнага інстытута РАН Срединно-океанические_хребты_(СОХ) // Мінералагічны музей імя А. Я. Ферсмана
Катэгорыя:Акіянічныя хрыбты Катэгорыя:Тэктоніка пліт